На прэзентацыі новых кніг Зоські Верас і Ларысы Геніюш

Прэзентацыя дзвюх кніг вядомых беларускіх паэтак Ларысы Геніюш “Лісты з Зэльвы” і Зоські Верас “Я помню ўсё” адбылася на мінулым тыдні ў зале Ганцавіцкай раённай дзіцячай бібліятэцы. На сустрэчу сабраліся паэты Ганцаўшчыны і аматары літаратуры, а ў якасці ганаровага госця да нас завітаў вядомы беларускі паэт Міхась Скобла.

Вядомы беларускі паэт Міхась Скобла падарыў ганцаўчанам кнігі і дыскі, а таксама параіў чытаць добрыя кнігі беларускіх аўтараў
Вядомы беларускі паэт Міхась Скобла падарыў ганцаўчанам кнігі і дыскі, а таксама параіў чытаць добрыя кнігі беларускіх аўтараў / Фото: Светлана Малышко

Міхась Скобла расказаў, як ствараліся кнігі паэтак. Напрыклад, у кнігу Ларысы Геніюш “Лісты з Зэльвы” ўвайшла перапіска паэткі са шматлікімі яе сябрамі, якія жылі ва ўсіх куточках планеты. Такіх лістоў захавалася ў архівах больш за шэсцьсот. “Кожны ліст Ларысы Геніюш – гэта сапраўднае асобнае апавяданне. Лічу, што мы проста не мелі права не ведаць пра іх”, – сказаў Міхась Скобла.

Пра паэтку Зоську Верас (Людвіку Сівіцкую-Войцік) паэт расказаў, што яна сапраўды памятала ўсё: падзеі, даты, людзей, і гэта нягледзячы на тое, што пражыла яна каля ста гадоў! Чым яна толькі ні займалася: склала асабістую энцыклапедыю, была мецэнатам друку, выдавала два дзіцячыя часопісы. Акрамя гэтага, яна была выдатнай паэткай. “Гэта ўнікальная жанчына, унікальная паэтка. Пры жыцці, на жаль, была выдадзена толькі адна яе кніга вершаў на 60-ці старонках”, – сказаў Міхась Скобла. Выдадзеная нядаўна кніга “Я памятаю ўсё” складаецца з болей чым 600 старонак.

Успамінамі пра Ларысу Геніюш падзяліўся Аляксей Галаскок. Ён сказаў, што аднойчы паэтка прачытала свай верш «Зубры» і спытала, ці зразумеў ён, пра што верш. “Яна патлумачыла, што верш пра нас, беларусаў. Калі я перачытаў, то зразумеў, што верш сапраўды пра беларусаў. І як я адразу гэтага не ўбачыў!” – успамінаў Аляксей Пятровіч.

Успамінамі пра Ларысу Геніюш падзяліўся Аляксей Галаскок

Аляксей Галаскок падзяляе любоў паэтак да роднай мовы. “Калі чалавек адракаецца ад сваёй мовы, ён адракаецца ад сваіх бацькоў. А вырадкам не хочацца быць”, – сказаў ганцавіцкі паэт.

Міхась Скобла ўручыў кнігі і дыскі ў падарунак Ганцавіцкай раённай бібліятэцы

Напрыканцы свята Міхась Скобла ўручыў кнігі і дыскі ў падарунак Ганцавіцкай раённай бібліятэцы. Ён параіў ганцаўчанам цікавіцца роднай літаратурай і чытаць яе. “Як сказаў адзін усім вядомы чалавек (А. Лукашэнка – прыкм. аўтара): забудзем кнігу – страцім нацыю.”

Из рубрики