У Ганцавічах пачаў працаваць лялечны тэатр «Батлейка»

Дэбютнае выступленне лялечнага тэатра "Батлейка" з каляднай дзеяй "Цар Ірад" адбылося ў памяшканні ДШМ 14 студзеня. Паказ падрыхтавалі супрацоўнікі Ганцавіцкага Дома рамёстваў.

Фото: Cвятлана Малышка

«Наш батлеечны тэатр адзіны ў раёне, раней тут такога не было. Лялькі, выцінанкі зрабілі самі супрацоўнікі Дома рамёстваў. Спонсары таксама прымалі ўдзел у стварэнні нашага тэатра«, – патлумачыла дырэктар Дома рамёстваў Маргарыта Саланевіч.

Яна расказала, што нашы продкі ўмелі не толькі працаваць, але і адпачываць, ад смутку і нуды іх ратаваў батлеечны тэатр. Батлейка мае выгляд скрыні, у якой рухаюцца лялечныя персанажы: святая сям’я, анёлы, пастушкі, цар, стражнік, і іншыя народныя героі: чорт, смерць, пан, казак.

Калядную дзею «Цар Ірад» паглядзець яшчэ не позна, бо яшчэ не скончыліся Шчодрыя вечары.

Для гэтага дастаткова будзе патэлефанаваць па тэлефоне Дома рамёстваў 2-21-48 і дамовіцца пра прагляд. Запісацца можна з 16 па 21 студзеня ўключна. Праграма разлічана на выхаванцаў дзіцячых садкоў і вучняў пачатковых класаў. Уваход платны, кошт — 1 рубель.

Як расказала Маргарыта Саланевіч, наведвальнікі каляднай дзеі не толькі пазнаёмяцца з беларускімі традыцыямі і даведаюцца, як некалі забаўляліся продкі, але і змайструюць сабе ляльку для батлеечнага тэатра.

«Паглядзім, як пойдзе на гэты раз, ці будзе «Батлейка» запатрабавана сярод гледачоў, і да наступных святаў падрыхтуем яшчэ нешта«, – сказала Маргарыта Аляксандраўна.

Из рубрики