Сяргей Багроў
“Добрай раніцы! Як ідзецца?”, – пытаюся ў жанчын, якія шпарка праходзяць стадыённае кола.
“Добра! Хораша ідзецца!”, – чую адказ на хаду.
Група з пятнаццаці жанчын адна за адной мінаюць мяне і працягваюць, не спыняючыся, рухацца наперад. Усе далейшыя пытанні павісаюць у паветры.
УЛАСНЫ ДОСВЕД
Каб працягнуць размову, прыйшлося самому ўзяць прапанаваныя інструктарам палкі, апрабаваць скандынаўскі фітнэс і рушыць маршрутам спартыўнай групы. Трэба сказаць, што прафесійныя палкі для хады я ўзяў у рукі ўпершыню. Каб пачаць рухацца, напачатку у іх трэба адрэгуляваць вышыню пад уласны рост і зафіксаваць заціскны механізм.
Наканечнікі такіх палак у самым нізе маюць спецыяльную форму і адаптаваны для любой паверхні. Затым зацягваю цемлякі – спецыяльныя рамяні на ручках і, праслухаўшы інструктаж кіраўніка групы, пачынаю рухацца.
Адразу ж чую заўвагу ад адной са спартсменак, што спіну трэба трымаць раўней, бо нагрузку з пазваночніка будзе правільным пераносіць на рукі.
Прайшоўшы стадыённае кола, я адчуў сябе альпіністам, які ўзбіраецца з палкамі на вяршыню гары. Вядома, што скандынаўская хада – гэта не бег, але актыўнасць, якой яна вымагае, значная. У тым ліку гэта зарадка для сябе на ўвесь дзень.
Уражанняў ад такога спорту можа быць мора! Хадзіць па-нардычнаму мне спадабалася. І хоць у групе жанчыны па шэсцьдзясят плюс…, лічу, што пры сённяшнім стрэсавым рытме жыцця такая хада неабходна большасці з нас.
Пасля шпацыравання спартсменкі выконваюць шэраг фізічных практыкаванняў. Затым усе ідуць на трэнажоры, якія стаяць побач з бегавой дарожкай. Акрамя таго, цікавымі і нават складанымі паказаліся практыкаванні, якія жанчыны выконваюць пасля гадзіны хады.
Такім чынам, падсумоўваючы ўсё, атрымліваецца, што дадзеная хада – сур`ёзная трэніроўка для ўсяго арганізма.
«ЗДАРОЎЕ – 7»
Трэнерам і кіраўніком спартыўнай групы з`яўляецца Галіна Карнеявец. Яна сочыць за наведвальнасцю, раіць метады хады і практыкаванні жанчынам, а таксама праводзіць практычныя заняткі фізкультуры.
“Наша трэніроўка ўключае гадзіну хады і паўгадзіны практыкаванняў з палкамі і на вулічных трэнажорах. Заняткі праходзяць тры разы на тыдзень: у панядзелак, сераду і чацвер”, – кажа Галіна Міхайлаўна. – “А чым карысна такая спартыўная хада? – Гэты від спорту дазваляе больш эфектыўна трэніраваць і падтрымліваць у адпаведнай форме мышцы. Пры звычайнай хадзе нагружаюцца толькі ногі, а пры скандынаўскай працуюць амаль усе мышцы: плечавы пояс, спіна, шыя, прэс. Яна карысная для людзей з захворваннямі лёгкіх. З яе дапамогай у арганізме забяспечваецца лепшы транспарт кіслароду”.
ПАДАРУНАК З-ПАД НАВАГОДНЯЙ ЁЛКІ
“Маё захапленне гэтым спортам пачалося з заняткаў фізкультурай, якую я люблю ўсё жыццё. Раней займалася ў спортзале, бегала, гуляла ў валейбол, выконвала розныя практыкаванні. Для тых, каму сёння, як і мне, шэсцьдзясят з плюсам, хада замяняе бег”, – кажа мая суразмоўца Вольга Курбанава, былая настаўніца рускай мовы і літаратуры. – “На Новы год дзеці паклалі пад ёлку ў якасці падарунка палкі для скандынаўскай хады, і я пачала хадзіць. Цяпер іду на стадыён, як на працу. Адчуваю сябе лепш, пачала менш стамляцца, магу больш ездзіць на веласіпедзе. Акрамя таго, хада дае выдатны настрой. На стадыёне магу ўбачыцца з усімі сяброўкамі”.
Акрамя вызначаных дзён, займаецеся дадаткова хадой?
“Так, у нядзелю хаджу ва ўрочышча Горкі за тры кіламетры ад Ганцавіч. Там заўсёды ёсць людзі, якія адпачываюць і займаюцца фізкультурай. Далучаюся і я да тых, хто там бывае”.
ЗА ТРЭНІРОЎКУ АТРЫМЛІВАЕЦЦА КАЛЯ ШАСЦІ КІЛАМЕТРАЎ
“Для заняткаў у нашай групе патрабуецца даведка ад доктара. Мы ўсе перад тым, як увайсці ў групу, схадзілі ў бальніцу, абследаваліся і атрымалі дазвол. Інакш наш кіраўнік да заняткаў не дапускае”, – кажа Соф`я Рапеева, таксама ў мінулым настаўніца. – “Калі працавала ў школе, то заўсёды хадзіла ў паходы, на экскурсіі, удзельнічала разам з вучнямі ў спаборніцтвах. Адным словам, аматарскім спортам займалася заўсёды. Потым настала зацішша. Муж паклапаціўся аб маім здароўі, неяк прывёз і падарыў мне скандынаўскія палкі. Я паспрабавала хадзіць, і мне спадабалася”.
А колькі Вы праходзіце за трэніроўку?
“Спецыяльна не лічу. У мяне на руцэ сучасны фітнэс-гадзіннік. Ён падлічвае мае крокі, кіламетры і нават патрачаныя калорыі. Ходзім тут пад настрой. Ніхто нікога не прымушае ісці больш, чым патрэбна. Асабіста ў мяне ў сярэднім атрымліваецца каля 6 кіламетраў – гэта 10–12 стадыённых колаў. Але мне ўсё роўна для трэніровак не хапае адведзеных дзён. Таму хаджу яшчэ ў аўторак і пятніцу ў аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У нядзелю зноў бываю на стадыёне, а ў суботу раблю сабе перапынак”.
МАГУ НАВАТ ЗАРАЗ ЗРАБІЦЬ МОСЦІК
“Мяне на гэтыя заняткі сагітавала сястра”, – кажа Ганна Масквіна. – “Але я таксама са спортам заўсёды была на «ты». Раней займалася ў секцыі ручнога мяча, акрабатыкай. Магу нават зараз зрабіць мосцік. Не магу сядзець на адным месцы. Мне патрэбна кожны дзень рухацца. Такая ў мяне натура”.
НАПРЫКАНЦЫ
Было прыемна гутарыць з гэтымі актыўнымі жанчынамі, якія імкнуцца як мага даўжэй захаваць сваё здароўе ў належным стане. А гэты дэмакратычны від спорту якраз добра спрыяе такой мэце і не патрабуе асабліва вялікага рыштунку. Хада не патрабуе абанемента ў спортзал, а скандынаўскі настрой гарантаваны кожнаму, хто пачне сябе напружваць.
З маімі суразмоўцамі з групы «Здароўе – 7» мы зрабілі агульнае фота з умовай уручыць здымак на памяць кожнай з удзельніц групы.
Напрыканцы жанчыны сказалі, што запрашаюць усіх, хто пажадае, далучацца да аматараў скандынаўскай хады. Методыкі хады і апісанне яе карысці добра асветлены ў інтэрнэце. Таму заняткі хадой можна пачынаць, узяўшы звычайныя лыжныя палкі.
Вядома, што некаторыя ганцаўчане так і робяць – займаюцца скандынаўскай хадой самастойна, без усялякіх груп. Трэба толькі сябе заахвоціць і пачаць хадзіць.
Школьники, которые ищут решения задач, могут попасть на сайты-ловушки. Такие ресурсы открывают ответы только после…
23-летняя жительница Барановичей получила обратно ноутбук, который забыла во время переезда. В отношении 60-летнего мужчины,…
Клиенты биржи из Беларуси с 18 октября 2026 года не смогут заключать новые сделки, размещать…
Покупатели жилья могут заранее закрепить цену и другие условия, если заключить сделку сразу пока нельзя.…
Покупатели деревянного жилья могут выбрать вариант от 20 330 рублей, однако за эту сумму получают…
В двух одинаковых многоквартирных домах сравнили расход тепла: там, где не было индивидуальных счетчиков, потребление…
This website uses cookies.
Read More