Ганцаўчане не рвуцца зарабляць на чарніцах

Зарабіць на “чорным золаце” ў Ганцавіцкім раёне сёлета наўрад ці ўдасца: кілаграм чарніц са смеццем нарыхтоўшчыкі-прыватнікі бяруць па 2 рублі, а чыстыя ягады каштуюць 2,5–3 рублі. Зборшчыкі ягад лічаць, што гэта танна, але спраўна нясуць на прыёмку вёдры з ягадамі.

Нарыхтоўшчыкі прымаюць як чыстыя ягады, так і з лісцем, але апошнія каштуюць значна танней.
Нарыхтоўшчыкі прымаюць як чыстыя ягады, так і з лісцем, але апошнія каштуюць значна танней. / Фото: Святлана Малышка

Прыкладны дзённы заробак, які прымушае нешматлікіх ягаднікаў гнуць спіны ў лесе, складае ўсяго 13–20 рублёў.

“Мала, канешне, а што зробіш? – сказала адна з ягадніц, ганцаўчанка Надзея Рабцэвіч. – Але я і гэтаму рада, бо за сезон хочацца крыху падзарабіць…”.

Каб назбіраць вядро чарніц, ягаднікам прыходзіцца абабегаць немалую плошчу ў лесе.

“Ягад сёння мала, яны амаль паўсюдна вымерзлі. А там, дзе крыху ёсць, дык дробненькія”, – патлумачыла жанчына.
Зборшчыкі чарніц расказалі, у якіх умовах прыходзіцца збіраць ягады. “Ведаеце, як цяжка браць? Выходзім у 6 гадзін раніцы, у лесе авадні не даюць спакою, камары заядаюць… Збіраем-збіраем чарніцы, а як здаваць – дык грошай зусім мала атрымліваецца…» – сказала ганцаўчанка Марыя Гайцюкевіч.

Людзі кажуць, што яны не ад лёгкага жыццця ідуць у лес на заробкі. “Суседка кажа, што я дурная: спіну гну за капейкі! Кажа, няхай яны залатыя гэтыя чарніцы будуць, а яна не пойдзе ў лес. А я хаджу, бо грошы патрэбны: я ж беспрацоўная, мушу такім нялёгкім чынам зарабляць. Каб не маё безвыходнае становішча, дык не цягалася б у той лес”, – сказала жанчына.

Некаторыя зборшчыкі чарніц лічаць, што за гэтую цяжкую працу нарыхтоўшчыкі павінны плаціць больш грошай. “Гэта цяжкі заробак – спіна колам стаіць, пакуль вядро назбіраеш”, – кажуць яны. Аднак, нягледзячы на скаргі, жанчыны-зборшчыцы і далей плануюць хадзіць па чарніцы, пакуль сілы стае.

“А што рабіць? Хоць і па адной ягадзіне, а за дзень нешта назбіраецца. Грошай у кішэню ніхто не насыпле, пакуль сам не падымешся з канапы і не пойдзеш зарабляць”, – так патлумачыла зборшчыца ягад Вольга Рыгораўна. – Праўда, як кажуць, ад ягад не пабагацееш, а горб нажывеш…”

Ураджай чарніц сёлета не задавальняе нарыхтоўшчыкаў

Чорныя ягады ў Ганцавіцкім раёне прыватнікі пачалі прымаць больш за тыдзень таму, з 24 чэрвеня. З 1 ліпеня да іх далучыліся і нарыхтоўшчыкі Ганцавіцкага РайПО.

Цана “стартавала” з 3 рублёў за перабраныя ягады, таму людзі спадзяваліся, што яна будзе расці. Але праз некалькі дзён цана кілаграма ягад стала таннейшай, прычым яшчэ і за кошт таго, што нарыхтоўшчыкі сталі прымаць чарніцы са смеццем. Гэтыя абставіны ніяк не маглі паспрыяць жаданню людзей кінуцца ў лес на заробкі.

“Хочацца нарыхтаваць як мага болей ягад, але людзі пакуль здаюць мала”, – патлумачыў намеснік старшыні Ганцавіцкага РайПО па нарыхтоўках Алег Бышнеў.

Нарыхтоўшчыкі-прыватнікі таксама не могуць пахваліцца вялікімі нарыхтоўкамі. Калі завіталі ў пункт прыёму ФГ “Шарген”, які знаходзіцца ў горадзе, то на здачу ягад у час “пік” (пасля прыбыцця вячэрняга цягніка з в. Люсіна) прыйшло толькі 9 чалавек, прычым здавалі яны не болей за 5–7 кілаграмаў чарніц.

“Мала здаюць. Калі ў мінулыя гады можна было за дзень больш за паўтоны нарыхтаваць, то сёння добра, калі 150-200 кілаграмаў прынясуць. А ў першыя дні дык і наогул па 80-90 кілаграмаў здавалі”, – сказала нарыхтоўшчыца Дзіяна Кавалевіч.

Нарыхтоўшчыкі забіраюць амаль усе ягады. Звяртаюць увагу на тое, каб было як мага менш няспелых і зялёных ягад. Таксама чарніцы не павінны быць мокрымі, пачаўленымі: калі правесці па іх далонню, то яны павінны добра перакочвацца.

“Калі ягады сабраны рукамі і іх адразу ж панеслі здаваць, то яны добрыя, – патлумачыла нарыхтоўшчыца. – Сабраныя “камбайнам” ягады адразу можна пазнаць: яны мокрыя, з лістамі. Пагоня за доўгім рублём – гэта не заўсёды добра, бо чарніцы губляюць таварны выгляд, і таму мы прымаем іх значна танней”.

Тое, што людзі лічаць кошт ягад недастатковым, нарыхтоўшчыкі аргументуюць тым, што рынкавая цана на “чорнае золата” ўвогуле дастатковая.

“Можа, гэта і мала, хто аспрэчвае? Людзі заўсёды хочуць зарабіць. Некалі за кілаграм чарніц давалі кілаграм цукру. Цяпер жа ягады каштуюць крыху больш за кілаграм чарніц. Я лічу, што людзям няма на што скардзіцца”, – сказала адна з нарыхтоўшчыц.

Из рубрики