У суседнім раёне зарабляюць па 500 і больш долараў
Хаця ў нашым Ганцавіцкім раёне і ёсць працоўныя вакансіі, людзі не спяшаюцца выкарыстаць магчымасць уладкавацца на працу. Ды гэта і зразумела: хто ж рашыцца пастаянна працаваць за 350–400 рублёў з ранку да вечара пры сённяшніх жыллёва-побытавых умовах і пры сярэдняй зарплаце ў рэспубліцы 1108 рублёў і больш?
У суседнім раёне зарабляюць па 500 і больш долараў
Мне давялося наведацца ў родную вёску ў Ляхавіцкім раёне. З дзясятак гадоў таму ў Куршынавічах былі праўленне калгаса, сельскі Савет, сярэдняя школа, Дом культуры, некалькі магазінаў, на вясковых вуліцах і ў катэджным пасёлку кіпела жыццё…
Цяпер вёска апусцела, установы зачыніліся, засталіся толькі паштовае аддзяленне сувязі і адзін магазін. Але людзі, у асноўным пенсіянеры, неяк жылі: займаліся хатняй гаспадаркай, агародам, хадзілі ў ягады і грыбы.
У апусцелыя бацькоўскія хаты пачалі вяртацца дзеці, у якіх не склалася жыццё ў горадзе або разладзілася сямейнае жыццё. Мужчыны, хто трохі маладзейшы, выязджалі на сезонныя работы ў калгасы Міншчыны або на будоўлі ў Расію.
Адным словам, лёс вясковых жыхароў складваўся так, як і ў большасці беларускіх вёсак. І вось тое, пра што я даведалася на гэты раз, неверагодна ўразіла мяне. Падумалася: гэта нешта з вобласці фантастыкі. Мае сваякі расказалі, як станоўча змянілася жыццё аднавяскоўцаў, якія ўладкаваліся на пастаянную працу ў ААТ «Жарабковічы», да якога далучылі і нашу вёску.
Напрыклад, наш 45-гадовы сусед Аляксей, які ўжо некалькі год перабіваўся выпадковымі заробкамі, працуе цяпер механікам на ўчастку «Тальмінавічы» і атрымлівае 1300 рублёў за месяц(!). 300 рублёў з гэтых грошай, па яго словах, яму даплачваюць за тое, што мае вышэйшую (педагагічную) адукацыю.
Другі аднавясковец, Сяргей Ц., які працуе брыгадзірам на гэтым жа ўчастку, атрымлівае, па яго ж словах, 1500 рублёў зарплаты (ён мае сярэдне-спецыяльную адукацыю).
А яшчэ працуюць вяскоўцы на ўчастку трактарыстамі і паляводамі і атрымліваюць, як самі расказваюць, не менш 800 рублёў штомесяц, а на іншых участках яшчэ і больш. Да таго ж, летам для работнікаў арганізавана харчаванне, як яны самі выказаліся, «капеечнае, а такое смачнае!»
«Бачыш, якія малайцы кіруюць гэтым ААТ, – гаворыць мая сваячка. – Хоць цяпер, нарэшце, аджывуць нашы людзі. Усім, хто хоча працаваць, дарога адкрыта. А прадумана як усё! Штодзень прыкладна ў 7.30 раніцы за нашымі людзьмі прыходзіць аўтобус і адвозіць у Тальмінавічы, а ў 17.00 іх ужо зноў прывозяць у Куршынавічы».
Шчыра парадавалася я за сваіх землякоў. Памятаю з маладых гадоў, што па зводках, якія друкаваліся ў раённай газеце «Будаўнік камунізму», калісьці калгасы імя Леніна (Падлессе) і «Беларусь» (Жарабковічы) заўсёды былі ў ліку лідараў па ўсіх паказчыках. Вось і ў наш няпросты час яны ўтрымліваюць свой узровень.
А цяпер, падчас аптымізацыі прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі, да вышэйназваных дзвюх гаспадарак далучылі былыя калгасы «Савецкая Беларусь» (Сваятычы), «Іскра» (Тальмінавічы) і «Пераможац» (Куршынавічы) – і зноў маюць такія добрыя вынікі!
Журналіст газеты «Ганцавіцкі час» вырашыла даведацца, ці ёсць у гаспадарцы вакансіі.
У аддзеле кадраў патлумачылі, што ў гаспадарцы працуе 600 чалавек. Зараз штат укамплектаваны, але хутка плануецца адкрыць новую малочна-таварную ферму, і работнікі спатрэбяцца. Кваліфікаваныя кадры могуць прэтэндаваць і на пасаду спецыяліста, напрыклад, механіка.
Але звычайна кадры ўзгадняе кіраўнік гаспадаркі. Дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты сказаў, што заробкі ў гаспадарцы высокія. У гарачы сезон работнікі прадпрыемства зарабляюць і па 2000 рублёў за месяц. На пытанне, ці праўда, што за вышэйшую адукацыю спецыялістам даплачваюць па 300 рублёў, кіраўнік пажартаваў, што хутка яны будуць даплачваць і за тое, што людзі не п`юць і не кураць.
«У нас жа палова работнікаў з Ганцавіцкага раёна, дык можаце пацікавіцца ў іх, як у нас працуецца», – сказаў Антон Тадэвушавіч.
Новости
- 12:32 Костюковичи проведут День белорусской письменности 5 и 6 сентября
- 11:11 С карты Беларуси исчезли 18 деревень – Витебская область в лидерах
- 18:35 Недостачу нашли в магазине, а наказали кадровика
- 17:56 Новые правила: изменения для строителей и инвесторов
- 11:25 Кофейни самообслуживания в Минске теряют привлекательность
- 18:00 17 миллионов в масла и сотни работников на рыбе. Что получилось в райцентре Глубокое Витебской области?
- 14:49 Белорусские водители начнут пользоваться новыми дорогами
- 12:03 В аграрном секторе и у строителей проблемы с зарплатами
- 13:25 Иркутск и Беларусь на пути к новому сотрудничеству
- 12:59 Зарплаты в Беларуси: Минск впереди, но разрыв растёт