У калгасы інкогніта прыедуць правяраючыя

Кіраўніцтва і работнікі СВК (сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў) зараз павінны жыць у чаканні. Улада разбярэцца з будаўнікамі і возьмецца за калгасы. Прычым таемна, інкогніта.

«Да нас едзе рэвізор?!.»
«Да нас едзе рэвізор?!.»

У любы дзень могуць “нагрянуть ревизоры” і праверыць аграгарадкі, машынныя двары, фермы і тое, як яны ўтрымліваюцца. А калі што не так, дык не толькі кіраўнікі гаспадарак, але і кіраўніцтва райвыканкама на чале са старшынёй будуць чырванець і адказваць за недахопы і пралікі.

Пра тое, што аграрыяў чакае маштабная праверка падчас кадравых прызначэнняў кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў, 22 кастрычніка паведаміў Аляксандр Лукашэнка. У выступленні прэзідэнта асабліва зачапілі два моманты: што прыязджаць будуць у кожную гаспадарку інкогніта, без папярэджання, і што будзе ўдзяляцца асаблівая ўвага развіццю малых гарадоў. І хоць цалкам таемна з’явіцца з праверкай ужо не атрымаецца, але жыць у чаканні – таксама не лепшая доля для кіраўніцтва і калгаснікаў.

З гэтай нагоды згадваецца камедыя Мікалая Васільевіча Гогаля “Рэвізор”: “Да, если проезжающий чиновник будет спрашивать службу, довольны ли, чтоб отвечали «Всем довольны, Ваше Благородие!» А который будет недоволен, то ему после дам такого неудовольствия!..”

Сапраўды, да такой сур’ёзнай справы трэба падрыхтавацца. Па Гогалю, гараднічы кожнаму тлумачыў падрабязна, як сябе паводзіць, што казаць, каб не ляпнулі лішняга.

“Если спросят, отчего не выстроена церковь при богоугодном заведении, на которую год назад была ассигнована сумма, то не позабыть сказать, что начала строиться, но сгорела. Я об этом и рапорт представлял. А то, пожалуй, кто-нибудь, позабывшись, сдуру скажет, что она и не начиналась”.

Вось так спытаюць, чаму на ферму ў Будчы дзясяткі мільярдаў рублёў выдзелілі, а яна ператварылася ў даўгабуд? І жыхарам раёна трэба тлумачыць і пра падрадчыкаў, і пра надвор’е. А калі пра лактышоўскіх кароў спытаюць? Трэба будзе “правільна” адказваць, што нешта ў дакументах наблыталі, а тых, хто працаваў і хто кантраляваў, ужо і ў раёне няма.

Ды і не толькі фермы з каровамі, а самога СВК “Агра-Нач” ужо няма. А яшчэ трэба будзе неяк патлумачыць, чаму некаторыя старшыні калгасаў ездзяць гадамі на службовых аўтамабілях з дому на работу, не пражываючы на месцах…

Не сакрэт, што датацый дзяржава ў сельскую гаспадарку ўклала нямала, па словах А. Лукашэнкі, больш чым 50 мільярдаў долараў за дзве з паловай пяцігодкі. Частка з гэтай велізарнай сумы грошай дасталася і сельгасвытворцам Ганцаўшчыны. Вось цяпер і прыйшоў час праверыць, як яны былі выкарыстаны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што старшыні райвыканкамаў, кіраўнікі адміністрацый у гарадах «не задзейнічаны на ўсю катушку ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных і ідэалагічных праблем у краіне».

«Вы павінны быць маторамі. Усё павінна быць прыгожа, дастойна, чыста, каб чалавек ішоў і ганарыўся тым, што жыве ў гэтым населеным пункце. Гэта ваш клопат. Без усялякай фанабэрыі, нармальнае і чалавечае стаўленне да людзей. Вось ваша галоўная задача», – падкрэсліў Лукашэнка.

“Усе сядзяць і чакаюць, што вось заўтра будзем у плане па мадэрнізацыі той ці іншай фермы, атрымаем крэдыты, штосьці дадуць, штосьці прывязуць. Ніхто нічога не дасць,– сказаў кіраўнік краіны. – Халяўныя грошы скончыліся, пара навучыцца жыць па сродках. Ёсць грошы – жывеш, не – шукай ці будзеш хадзіць без зарплат”.

У некаторых СВК раёна пачалі эканоміць ужо даўно: даяркі зарплаты па 2 млн атрымліваюць. Старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Аляксандр Саланевіч яшчэ раней адчуў, што сядзець і чакаць датацый сельгаскааператывам – дарэмны лёс.

Неяк у інтэрв’ю з журналістам беларускага тэлебачання Аляксандр Саланевіч, кажучы пра інвестараў, сказаў, што яны хочуць укладваць грошы, бо тут танная рабочая сіла. “Але працаваць за 2 мільёны ў нас не будуць”, – сказаў Аляксандр Паўлавіч.

Але ж працуюць. І дзіўна, што працуюць…

Из рубрики