Чаму я іду ў дэпутаты

Паважаныя ганцаўчане! Як многія з вас ведаюць, жыхары горада аказалі мне давер і вылучылі кандыдатам у дэпутаты па Камунальнай выбарчай акрузе №7 г. Ганцавічы. Хачу падзякаваць усім тым, хто паставіў за мяне свой подпіс, а таксама шматлікім жыхарам горада і раёна, якія прапаноўвалі мне вылучацца па іх акругах.

У горадзе Ганцавічы я жыву 15 гадоў. Жанаты, выхоўваю дзвюх дачок. Маю вышэйшую юрыдычную адукацыю. Беспартыйны.

Нарадзіўся 13 верасня 1971 г. у Баранавічах. На Ганцаўшчыну, у вёску Будча, наша сям’я прыехала ў 1982 годзе. Затым у 1985 годзе мы пераехалі ў в. Вялікія Круговічы. Там скончыў школу і да арміі працаваў трактарыстам у калгасе. Два гады служыў на Афганскай граніцы. Пасля службы працаваў загадчыкам Дзяніскавіцкага сельскага Дома культуры, потым акампаніятарам у Вялікакруговіцкім СДК. У раёне са сваім ВІА сыграў каля сотні вяселляў. Трэба было карміць сям’ю, таму, як і большасць ганцавіцкіх мужчын, не мінула мяне доля працы на будоўлях Расіі. Ва ўніверсітэце вывучыўся на юрыста: для працы ў газеце, якая раней была ў апале, гэта было неабходна. І вось ужо больш за 12 гадоў з пачатку заснавання газеты “Ганцавіцкі час” працую яе галоўным рэдактарам.

Усе 12 гадоў работы ў газеце я стараўся дапамагаць людзям, якім была неабходна падтрымка, асабліва тым, звароты якіх ігнаравалі чыноўнікі. Дапамагаў аспрэчваць незаконныя звальненні, несвоечасовыя выплаты зарплат і выплаты на ўтрыманне дзяцей. Даваў парады і падымаў на старонках “Ганцавіцкага часу” жыллёва-камунальныя праблемы, пытанні па абароне правоў спажыўцоў і сямейна-бытавыя. І зараз кожны дзень звяртаюцца жыхары Ганцаўшчыны, якім я стараюся дапамагаць.

Многія праблемы і іх вынікі публікуюцца на старонках “Ганцавіцкага часу”. А іншыя вырашаюцца без публікацый, дзякуючы размовам з кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў.

У мяне пытаюцца, чаго я іду ў дэпутаты?

Дэпутат раённага Савета мае шэраг паўнамоцтваў, якія я змагу скарыстаць на карысць выбаршчыкаў.

Па-першае, мне патрэбен больш шырокі доступ да інфармацыі, каб больш аператыўна рэагаваць на звароты людзей. На запыт дэпутата адказ павінны даваць за 10 дзён, а па Законе “Аб зваротах грамадзян” чакаць яго прыходзіцца іншы раз месяц.

Па-другое, дэпутат у сваёй акрузе мае права ўваходзіць у склад камісіі па прыёмцы дамоў да ацяпляльнага сезону. Калі я буду дэпутатам, то здаць дом, у якім над дзвярамі ў шчыліну пралазіць рука, не атрымаецца.

Па-трэцяе, райсавет зацвярджае бюджэт і ажыццяўляе кантроль за выкарыстаннем розных сацыяльна-эканамічных праграм. Гэта важнае пытанне, таму што выбаршчыкі павінны ведаць, на што і як трацяцца грошы падаткаплацельшчыкаў. Каб не было, як раней, калі за сэканомленыя сродкі абнаўлялі аўтапарк райвыканкама, а дарогі на вуліцах горада заставаліся разбітымі ўшчэнт, ці жыхары падчас дажджу хадзілі ў кватэрах з парасонамі.

Для мяне асабіста станоўчае толькі тое, што я атрымаю статус дэпутата і ўмацую свой аўтарытэт. Праца дэпутата, на жаль, не аплачваецца, бо тады, можа, была б сапраўдная канкурэнцыя.

Вырашэнне праблем часта звязана з канфліктам інтарэсаў грамадзян і кіраўніцтва арганізацый. Каб дабіцца справядлівасці, не кожны дэпутат можа праявіць прынцыповасць і асмеліцца стаць на аборону інтарэсаў людзей. Не сакрэт, што многія дэпутаты – гэта людзі, якія займаюць пасады, працуюць па кантракце і пасля яго сканчэння ў іх ёсць пагроза страціць сваю працу. А чалавек, які не можа абараніць сябе, – не зможа абараніць інтарэсы другога.

Я не падпарадкоўваюся нікому з чыноўнікаў мясцовай выканаўчай улады, і нічому, акрамя нашых законаў. Таму на мяне складана націснуць, прымусіць рабіць нешта такое, што будзе супярэчыць майму сумленню і заканадаўству. Я не пабаюся адстойваць пазіцыю, нават калі большасць будзе супраць.

Выбар за вамі. Кожны дзень мы робім нейкі выбар, малы ці вялікі. Праявіць прынцыповасць ці змаладушнічаць, сказаць смела праўду ў вочы ці цярпець несправядлівасць – гэта таксама выбар. І ён адлюстроўвае сутнасць чалавека, яго годнасць. Ваш выбар просты: пакінуць усё як ёсць ці даверыць прадстаўляць вашы інтарэсы мне. Я ж, з мандатам дэпутата ці без яго, усё роўна буду дапамагаць людзям.

І на заканчэнне. Дарагія жанчыны, напярэдадні 8 Сакавіка прыміце мае шчырыя віншаванні і найлепшыя пажаданні. Карыстаючыся службовым становішчам, з асаблівым пачуццём віншую сваю маму, Ірыну Пятроўну Гузаеўскую. Здароўя табе і даўгалецця, мая дарагая мама!

Из рубрики