Жыхарка Борак тчэ ўжо больш за 60 гадоў

– Антаніна Фёдараўна, мы прыехалі, каб пазнаёміцца з вамі, пагутарыць і на відэа зняць.

– Ой! Я тады хуценька пераапрануся ў вышыванку. І хустку святочную завяжу.

Так распачалося наша знаёмства з той самай ткачыхай з Борак.

ЯК НАВУЧЫЛАСЯ ТКАЦЬ

Антаніне Купрыянік ужо 74 гады, але яе актыўнасці і жыццярадаснасці можна толькі падзівіцца. Змяніўшы звыклае ўбранне на святочнае, Антаніна Фёдараўна адразу ж кінулася да кроснаў. Яна з захапленнем расказвала, з чаго складаеццаі як працуе яе ткацкі станок, куды трэба запраўляць ніткі і за што іх чапляць.

«А гэтыя костачкі, што на кроснах, з япрука і курэй. Вось і ў пакеце яшчэ ляжаць. Так людзі раней рабілі, гэтак і я раблю», – гаварыла яна і паказвала, як на гэтыя костачкі чапляюцца ніткі, якія крэпяцца зверху і дапамагаюць умацоўваць усю канструкцыю.

Антаніна Фёдараўна, калі садзіцца за кросны, усё робіць сама, ёй ніхто не дапамагае. А праца гэтая нялёгкая: трэба і ніткі заправіць, і дошкі (бёрды) паварочваць. На пытанне, каму дастанецца новы ручнік, жанчына весела адказвае: «А хто забярэ!»

Навучылася ткаць маленькая Таня (так называюць яе родныя), калі ёй было яшчэ гадоў 10. Маці памерла, і шасцёра дзяцей засталіся з бацькам, інвалідам вайны (ён страціў левую руку). Пасля смерці маці, якая шмат ткала, засталося некалькі клубкоў з ніткамі. Было прынята рашэнне выткаць гэтыя ніткі, каб яны не ляжалі.

«Я села за кросны і сама выткала з гэтых нітак палатно, у тым ліку і ручнік».

Пасля гэтага Антаніна ўжо ніколі не расставалася з кроснамі, якія і сёння стаяць у яе хаце. А ў шафе сярод бясконцай колькасці вырабаў і цяпер ляжыць той першы ручнік.

Неяк у Антаніны Фёдараўны гасціў маленькі ўнук. Бабуля пайшла даіць кароў, вярнулася, глядзіць: Дзімка за кроснамі – малы, дык не сядзіць, а стаіць за імі, бо росту не хапае.

«Я тады палавік ткала. Ён добра-такі наткаў. Хоць і малы быў, у школу не хадзіў, а запомніў, колькі я накідвала нітак і якога колеру. Дык я і не раскідала тое, што ён зрабіў: няхай, думаю, будзе на памяць. Я яму нагадваю пра той дзень, калі прыязджае да мяне».

Нягледзячы на тое, што ў бацькі была толькі правая рука, ён быў добрым майстрам: лыжкі драўляныя рабіў, ночвы, касіў, вязаў на спіцах… І дачушку сваю шмат чаму навучыў.

«Помню, пойдзем з бацькам траву касіць, а я яго прашу, каб мне даў паспрабаваць. Я і сёння сама дома кашу».

Бацька вельмі ганарыўся сваёй дачкой і ўсім казаў, што яго Таня ўсё ўмее. І вось цяпер яна таксама сваё майстэрства перадала дочкам. Але дзецям больш падабаецца тое, што робіць для іх матуля.

Акрамя ткацтва, Антаніна Фёдараўна займаецца вязаннем, шыццём, вышываннем, выпечкай караваяў – пералічваць можна бясконца. А яе вырабы можна сустрэць па ўсёй Беларусі. Жанчына іх дарыць і сваім, і чужым.

УСЮДЫ ПАСПЯВАЕ

Не паспелі мы зайсці ў іншы пакой, як суразмоўца хуценька скочыла да дзвярэй, на ручцы якіх было прывязана шмат рознакаляровых нітак. Тут яна робіць паясы. Другі канец нітак яна абвязала вакол сваёй таліі і пачала прасоўваць клубок з ніткамі праз ужо нацягнутыя.

За раніцу яна паспела выткаць адзін паясок. Праз некалькі секунд Антаніна Фёдараўна ўжо паказвала лён, каторы сама садзіла, збірала і выбельвала. Потым яна дастала з лежака печы пранік – драўляны прас 1947 года і паказала, як ім прасаваць (качаць) ільняныя ручнікі.

Па словах жанчыны, лён ад драўлянага праса становіцца мякенькім, як шоўк, сучасным прасам так не адпрасуеш.

«А тут трава ў мяне загатавана: і міліса, і мята», – паказала жанчына на мяшочкі пад столлю.

Усё лета жанчына праводзіць у агародзе і палісадніку. Ходзіць і ў лес, збірае маліны, чарніцы і буякі. Сёлета, праўда, журавін дзецям яна прыкупіла ў людзей, а ў чарніцы хадзіла сама. Раней Антаніна Фёдараўна па тоне ягад назбірвала.

«Кажуць, чалавек гэта ўмее, а тое не ўмее – а трэба ўсяму вучыцца. На ўсё патрэбна жаданне», – гаворыць ткачыха.

Раней Антаніна Фёдараўна працавала ў калгасе даяркай, і бульбу капала, і буракі выбірала, 13 год адпрацавала на ДАЗе ўпакоўшчыцай. А цяпер яна спявае ў мясцовым хоры.

НЯМА КЕПСКІХ ЛЮДЗЕЙ

У Антаніны Купрыянік пяцёра дзяцей, 12 унукаў і чацвёра праўнукаў. З пачаткам халадоў дзеці забіраюць матулю да сябе ў Мінск. Жанчына і цяпер рэчы ўжо сабрала, каб ехаць у сталіцу. Кросны немагчыма ўзяць з сабой, а вязанне і вышыванне яна бярэ абавязкова. І кожны з яе дзяцей хоча, каб мама жыла менавіта ў яго. Антаніна Фёдараўна гаворыць пра сваю сям`ю з пяшчотай і гонарам.

«У нашай сям`і ўсе цудоўныя. Наогул мне ўсе людзі падабаюцца. Няма вакол мяне кепскіх. Звычайна ёсць проста шкодлівыя. Але няхай яны сабе жывуць. Я проста не хачу з імі мець зносін», – зноў з усмешкай гаворыць жанчына.

Напэўна, па гэтай прычыне яна такая шчаслівая, бо сама вакол сябе стварыла кола дабра, клопату і любові.

fgun_furn

Recent Posts

Костюковичи проведут День белорусской письменности 5 и 6 сентября

Костюковичи на два дня станут литературной столицей страны. 5 и 6 сентября здесь пройдёт День…

1 день ago

С карты Беларуси исчезли 18 деревень – Витебская область в лидерах

С начала 2026 года в Беларуси упразднили 18 населённых пунктов, причем 15 из них исчезли…

1 день ago

Недостачу нашли в магазине, а наказали кадровика

Как легко наниматель попытался назначить виновного. В одном из филиалов организации в Могилевской области после…

2 дня ago

Новые правила: изменения для строителей и инвесторов

Строители и инвесторы в Беларуси с сентября 2026 года получат новые возможности благодаря изменениям правил…

2 дня ago

Кофейни самообслуживания в Минске теряют привлекательность

Тем, кто открывает кофейни самообслуживания, сегодня приходится считать каждую копейку. Нужно очень тщательно выбирать место,…

5 дней ago

17 миллионов в масла и сотни работников на рыбе. Что получилось в райцентре Глубокое Витебской области?

Для жителей Глубокского района Витебской области обещание «новых производств и рабочих мест» уже можно проверять…

6 дней ago