З крэсла старшыні райвыканкама…

Удалую ідэю сустрэцца з выбаршчыкамі Ганцавіч знайшоў кандыдат у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалай Язубец, які балатуецца па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе, куды ўваходзіць горад  Ганцавічы і пяць сельсаветаў раёна. Яго сустрэча з выбаршчыкамі цудоўна ўпісалася ў канцэрт, які прайшоў 11 верасня ў ГДК г. Ганцавічы ў рамках трохбаковага супрацоўніцтва Ганцавіцкага, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў.

Мікалай Язубец
Мікалай Язубец / Фото: Фота з архіва

Да выбараў, як аказалася, ганцаўчане праявілі мала цікаўнасці. Паміж нумарамі канцэрта, калі кандыдат у дэпутаты (а зараз ён займае пасаду старшыні Баранавіцкага райвыканкама. – заўв. Аўтара) выйшаў і расказаў крыху пра сябе, з залы, дзе сядзелі сотні ганцаўчан, не паступіла ніводнага пытання. На прапанову Мікалая Мяфодзьевіча – чаго гледачы хочуць больш: яго выступлення ці канцэрта, нехта выкрыкнуў з залы, што лепш канцэрт. На тым выступ кандыдата і скончыўся. І толькі адна жанчына з Ганцавіч, начальнік інспекцыі па падатках і зборах па Ганцавіцкім раёне Валянціна Лісок, выйшла на сцэну і як давераная асоба кандыдата ў дэпутаты выказала словы падтрымкі і заклікала падтрымаць Мікалая Язубца. Заклікалі галасаваць за Мікалая Мяфодзьевіча і артысты з Баранавіцкага раёна, якія пахваліліся, што дзякуючы яму маюць у СДК аж чатыры камплекты прыгожых і нятанных канцэртных касцюмаў.

Так як людзі хацелі больш слухаць песні артыстаў, а не выступ кандыдата, аўтар гэтага артыкула задаў Мікалаю Язубцу пытанне пасля канцэрта. Простае пытанне: “З якой мэтай ідзе ён у парламент, ці ёсць нейкія заканадаўчыя ініцыятывы, якія ён хоча рэалізаваць, і ў якой сферы хоча працаваць у парламенце?” Канкрэтыкі пачуць не ўдалося. Мікалай Мяфодзьевіч адказаў, што законатворчая дзейнасць патрабуе прыняцця многіх паправак ў законы, а ён як чалавек з шматгадовым вопытам кіраўніка, які ведае праблемы многіх галін гаспадаркі, зможа ўнесці сваю лепту, каб законы паляпшалі ўмовы працы прадпрыемствам і людзям.
«Дэпутат павінен быць для людзей, а не людзі для дэпутата, і спрыяць ім і аказваць дапамогу – адна з галоўных маіх задач», – сказаў Мікалай Язубец. А вось ці адрэагуе Мікалай Мяфодзьевіч на прапанову размясціць сваю перадвыбарчую праграму ў газеце “Ганцавіцкі час”, а сярод нашых чытачоў тысячы выбаршчыкаў, паглядзім.

Відавочна, што дэпутацкі мандат Мікалая Язубца амаль у кішэні, бо ў Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе кандыдат балатуецца на безальтэрнатыўнай аснове. Таму гэты сумесны канцэрт можна лічыць бравурным маршам трыўмфу і загадзя віншаваць Мікалая Язубца з пераможным перамяшчэннем з пасады кіраўніка раёна ў дэпутацкае крэсла.

Из рубрики