Курэнне прыводзіць да імпатэнцыі (жахлівая антырэклама)

Паважаныя людзі, я звяртаюся да тых, хто курыць. Мужчыны і жанчыны, юнакі і дзяўчаты, калі вы курыце, то кідайце гэтую звычку. І нават няхай рыба не курыць – тая, што ў рыбгасе “Лактышы”, пра якую пісаў шаноўны “Ганцавіцкі час” і якая ад “курэння” загінула.

Фото: menslife

Курэнне – гэта сапраўды залежнасць, ад якой цяжка пазбавіцца. Ды што тут гаварыць, калі нават знакамітыя гістарычныя асобы мелі такую шкодную звычку. Напрыклад, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі ўвесь час хадзіў (нават у парламенце!) і курыў цыгару. Ды і наш былы правадыр Сталін таксама, як ні паглядзіш кінахроніку, то ўвесь час трымае ў руках трубку, з якой верне дым ад тытуня. І такія ў гэты час у яго галаве мудрыя думкі з’яўляюцца… І чаго гэта яго Міністэрства аховы здароўя не папярэджвала аб шкодзе курэння для здароўя? Але, з іншага боку, гэта зразумела: яны б тады лекцыі аб шкодзе курэння чыталі б дзе-небудзь на Калыме.

А вось у нас час пайшла антырэклама супраць курэння. Ды такая, што жах бярэ. Вось звяртаюся я да прадаўца з кіёска “Тытунь” – сімпатычнай жанчыны ва ўзросце гадоў 30:

– Калі ласка, дайце мне тры пачкі цыгарэт маркі “НЗ”.

Гэтая прывабная (адразу відаць, што не ўжывае тытунь) жанчына з ветлівай усмешкай мне іх падае. А на ўсіх іх вялікамі літарамі напісана антырэклама “Імпатэнцыя”. Я спужаўся: падумаў, што калі я кожны раз буду даставаць цыгарэту, то ў мяне спрацуе самаўнушэнне. А гэта ж тое, што страшней за фільмы амерыканскага рэжысёра Хічкока. Як тады жыць без жанчыны? Не, гэта мне не патрэбна. Я і кажу:

– Памяняйце мне, калі ласка гэтую хваробу на другую. І яна, такая добразычлівая і ветлівая, памяняла мне цыгарэты з надпісам “Імпатэнцыя” на наступныя: “Інсульт”, “Рак лёгкага”, “Язва страўніка”.

Потым яна кажа з усмешкай:

– А якая вам розніца, што гэта будзе за хвароба?

Я ёй у адказ:

– Прабачце. Вы замужам?

– А як жа? Хіба вы не бачыце, якая я прывабная?

– Ды што вы, Вас жа проста хочацца абняць і плакаць.

– А чаго гэта хочацца плакаць?

– Плакаць ад таго, што Вы не мая. Я проста зайдрошчу Вашаму мужу. А ці курыць ён?

– На жаль, курыць.

– Дык вось. Вы мне далі цыгарэты. На адной пачцы напісана “Інсульт, на другой – “Рак лёгкага”, на трэцяй – “Язва страўніка”. Гэтыя ўсе хваробы звычайна бываюць у людзей, якім у асноўным за 60 гадоў.

– Не бачу розніцы, ад якой хваробы паміраць.

– Вы самі сказалі нядаўна, што ваш муж “Імпатэнцыю” курыць. А першую пачку цыгарэт вы мне далі з хваробай “Імпатэнцыя”, ад якой можна захварэць у любым узросце. Ёсць розніца? Дык што, няхай курыць іх ваш муж?

– Барані Божа, толькі не “Імпатэнцыю”! Няхай лепш тыя іншыя хваробы будуць, але каб толькі не гэтая.

А я вось і падумаў: а чаму на бутэльках з гарэлкай не пішуць “МУЖЫК! БОЙСЯ ІМПАТЭНЦЫІ”!

Из рубрики