Жыхары Боркі Ганцавіцкага раёна збіраюцца пакінуць вёску
Час няўмольны да вёскі Боркі Ганцавіцкага раёна, бо паціху яна вымірае. Моладзь пакідае яе, з`язджаючы жыць і працаваць у горады. А старыя паміраюць або імкнуцца перасяліцца жыць да родных ці трапіць у дом для састарэлых
Фото: Светлана Малышко
На Ганцаўшчыне вёска Боркі даволі вядомая з-за балот вакол яе, якія здаўна лічацца журавінавым краем. Яшчэ дзесяць-пятнаццаць гадоў таму барчакі славіліся як заможныя людзі, якія свой капітал зарабляюць на балоце.
У Борках 70 гаспадарак, яшчэ 56 хат пустуюць. Калісьці тут было каля 440 жыхароў, цяпер жа іх толькі 125.
Іх сярэдні ўзрост – 56 гадоў. І што характэрна – на сённяшні дзень тут няма немаўлят і нават школьнікаў.
Цяпер жа тут жывуць у асноўным пажылыя людзі, якія не тое што ў балота, але і да крамы ці да ФАПа дабіраюцца з цяжкасцю.
Самаму малодшаму барчаку Аляксею Рабцэвічу 21 год, а самай старэйшай сяльчанцы Марыі Якаўлеўне Віннік ужо 93 гады (дарэчы, гэтая жанчына самая старэйшая ў Любашаўскім сельскім Савеце, да якога адносіцца вёска Боркі. – Заўв. аўтара).
Нявесту Аляксей будзе шукаць у горадзе
Аляксей нарадзіўся 17 лістапада 1995 года. Так здарылася, што калі надышоў час хлапчуку ісці ў школу, у Борках яе зачынілі, і на вучобу ў гарадскую СШ №2 боркаўскіх дзяцей вазілі на аўтобусе.

Пасля заканчэння 11 класаў хлопец паступіў вучыцца ў Мінскі дзяржаўны энергетычны каледж на тэхніка-электрыка і скончыў яго мінулым летам. Але працы сабе хлопец не знайшоў.
Ён вучыўся на платным аддзяленні, і пасля вучобы яму прапанавалі працаваць у Глыбокім, але ён не згадзіўся.
«Мне прапанавалі толькі працу, ні жылля, ні пад`ёмных я б не атрымаў. А як уладкоўвацца на новым месцы без грошай, ды яшчэ ўдалечыні ад бацькоў? Таму я вярнуўся дадому і стаў шукаць працу тут. Разлічваў, што мне пашанцуе», – расказаў Аляксей.
У Ганцавічах маладому спецыялісту таксама месца не знайшлося, хоць ён абышоў шэраг прадпрыемстваў – нікому малады спецыяліст без вопыту не быў патрэбен. У армію яго таксама не забралі з-за стану здароўя. Аляксей – адзіны малады хлопец у вёсцы. Яго равеснікі-сябры параз`язджаліся хто на вучобу, хто на працу. Дзяўчат у вёсцы таксама няма. Аднак Аляксей настроены аптымістычна.
«Калі прыйдзе час, жонка сама знойдзецца, дзяўчат у горадзе шмат. Пакуль жа мне рана яшчэ задумвацца пра асабістую сям`ю, час ёсць. Спачатку трэба знайсці працу, стаць на ногі», – усміхнуўся хлопец.
Адзінота хлопца не вельмі турбуе
«Нічога, я ўжо звыкся. Гэта на самой справе не так і страшна, бо я ж не на бязлюдным востраве жыву. Тут матуля з бацькам, суседзі, ёсць з кім пагаварыць, – сказаў Аляксей. – Ды й да шумных кампаній ці дыскатэк у кафэ я не імкнуся, няма мне чаго там рабіць. Ужо лепей кнігу пачытаць, гэта сапраўды цікава».
Праўда, бібліобус, які наведвае вёску пару разоў на тыдзень, хлопца не радуе: ён кажа, што там няма кніг, якія яму даспадобы.
«Журналы, дэтэктывы, жаночыя раманы – мне гэта нецікава. Вось фантастыка – другая справа , таму шукаю кнігі ў інтэрнэце», – патлумачыў малады вясковец. З сябрамі ён падтрымлівае зносіны таксама ў інтэрнэце і кажа, што ніводзін з іх не хоча вяртацца ў вёску.
«У вёсцы няма перспектывы. Усё пазачынялася – школа, клуб, на працу трэба ў горад ездзіць. Дык навошта ж тады жыць тут? Я таксама хутка паеду адсюль. Думаю, што нашай вёскі праз некалькі дзесяцігоддзяў зусім не стане, бо моладзі тут няма, старых і тых ужо няшмат, – сказаў Аляксей. – Шкада, калі так адбудзецца. Вось каб даць Боркам другое дыханне ды адчыніць тут якое прадпрыемства, мо і моладзь прыехала б працаваць і жыць у вёсцы… Але гэта малаверагодна, бо нават школа, якую здалі ў арэнду прадпрымальніку, так і не «запрацавала».
Марыя Віннік хоча з`ехаць з вёскі ў дом для састарэлых
Марыя Якаўлеўна ўсё сваё доўгае жыццё правяла тут, у роднай вёсцы. Нарадзілася яна 26 студзеня 1924 года ў простай вясковай сям`і. Дзяўчынка рана асірацела – у сем гадоў яе разам з братам забралі да сябе і выхоўвалі бабуля з дзядулем. У школе яна адвучылася толькі тры гады.

«Гаспадарка ў нас была вялікая, жывёлы шмат, яе трэба было выпасваць, даглядаць. Бульбы цэлы гектар садзілі, у лес па чарніцы і журавіны хадзілі. Не да вучобы было. А там хутка і вайна пачалася…», – успамінала гады дзяцінства жанчына.
Пасля вайны яны з братам, ужо дарослыя, пайшлі жыць у сваю хату. Родныя далі ім капітал: карову, каня, свіней, авечак, курэй. І на сваёй гасападарцы Марыі прыходзілася шмат працаваць. А яшчэ яна шчыравала і ў калгасе: працавала паляводам і кароў даіла.
«Мы больш за працадні рабілі, зараблялі мала. Каб сабраць грошай, у балоце душыліся ды свінчо гадавалі», – расказвала яна.
Хутка брат ажаніўся. Марыі ж не пашанцавала выйсці замуж, таму доўгі час яна жыла разам з сям`ёй брата. У сваю хату яна перайшла толькі пасля таго, калі нарадзіла сына па-за шлюбам: «Для сябе, бо гады праходзілі, і мне хацелася, каб у мяне было сваё дзіцятка, роднае…»
Сынок Аляксандр быў гонарам і радасцю для матулі. Рос ён разумным і ў школу пайшоў на год раней за сваіх аднагодкаў, бо з маленства цягнуўся да ведаў, хадзіў да дырэктара школы, каб навучыцца чытаць. У шэсць гадоў Саша стаў прасіцца ў школу, і дырэктар яму дазволіў. Школу Аляксандр закончыў выдатна і без цяжкасцей паступіў ва ўніверсітэт у Мінску, дзе адвучыўся тры курсы. Пасля з ім здарылася бяда – яго пабілі так, што пачаліся праблемы са здароўем.
«З-за сваіх ведаў пацярпеў мой сынок. З ім усялякія вучыліся – хто добра, хто не вельмі. Аднойчы не даў некаму спісаць, яго і пабілі жорстка, галаву адбілі. Шмат гадоў пакутаваў Сашка ад сваёй хваробы, ні вучыцца, ні працаваць не змог…» – расказала матуля.
Дваццаць сем гадоў сын Марыі Якаўлеўны хварэў, а потым памёр.
«У маі споўніцца дваццаць два гады, як няма майго сыночка, – з сумам прамовіла бабуля. –
Бабуля і сапраўды засталася зусім адна. Блізкіх родных у вёсцы ў яе не засталося: брат памёр даўно, пляменнік – гадоў пяць таму. Суседзяў і тых амаль няма, яны з цягам часу «перасяляюцца» на могілкі.
Цяпер бабулю даглядае сацыяльная работніца, якая і ежу прыгатуе, і прыбярэ, дроў і вады наносіць, лекі купіць. «Я ў краму гадоў пяць ужо не хаджу – цяжка, ды і не бачу амаль нічога», – сказала бабуля.
З-за сваіх хвароб і адзіноты Марыя Якаўлеўна пачала задумвацца, каб перасяліцца жыць у бальніцу на сацыяльны ложак. Але сацыяльная работніца, якая яе даглядае, адгаворвае яе.
«Кажа: «Калі хочаш, жыві ў мяне, месца хопіць». У яе свая сям`я, дзеці і ўнукі. Я чужая там, нашто ёй такі клопат?» – сказала жанчына.
Прыснілася ёй суседка, з якой сябравала і якая памерла некалькі гадоў таму.
«Прыснілася яна мне і кажа: «Цётка Маня, не ідзі ты туды, там кепска табе будзе жыць, там ёсць і ляжачыя, і паветра дрэннае, дажывай век у сваёй хаце». Вось я і думаю, што, можа, нядоўга мне засталося жыць? Прашу Бога, каб душу маю прыбраў, каб не ісці нікуды з роднага куточка. Бо вельмі цяжка на гэтым свеце адной. Не ведаю, за што мне Бог даў столькі гадоў жыцця, ды долі не адмераў…» – сказала яна.
Сукач – вёска, дзе пусцеюць хаты і не трымаюць кароў.
У вёсцы Ельня жывуць па-гарадскому, а працуюць – як вяскоўцы.
Новости
- 16:49 «Белтелеком» повысит тарифы для клиентов с ноября
- 14:57 В Минске мошенники использовали 11-летнюю девочку
- 12:37 Жительница Барановичей заплатила мошеннику за беседку
- 12:04 РСЦ проверяет необычные показания счетчиков
- 11:51 Минфин снизит выплаты за драгоценные металлы населению
- 11:08 Райагросервисы банкротились, а теперь их восстанавливают. Что скрывается за успехом одного из лучших?
- 10:57 Владельцы участков начнут строить по новым правилам
- 19:31 Фейковые сайты заманивают школьников готовыми ответами
- 12:57 В Барановичах найденный ноутбук пытались сдать на детали
- 13:36 Bitget ограничит операции клиентов из Беларуси с 18 октября
Материалы по теме
Комбайнер Сидоревич из «Любашево» – среди лидеров-хлеборобов Ганцевичского района
Комбайнер Юрий Сидоревич из ОАО «Любашево» – одни из примеров на уборке урожая в Ганцевичском районе. Хозяйство входит в число лидеров по темпам уборки в районе. Он один из тех, кого хвалят и о ком пишут в газетах, как в советские времена.
Жыхарка Ляхавіцкага раёна напісала верш пра святое месца
Ізбійскі бор - гэта лясное ўрочышча паміж вёскамі Будча і Дзяніскавічы ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Гэта месца лічыцца гістарычным і святым. Некалькі гадоў таму тут пабудавалі новую капліцу. Але з выгляду - гэта сапраўдны храм. Паводле падання, на гэтым месцы явіўся лік Багародзіцы.
У якіх школах ужо ніколі не будзе вечароў сустрэчы выпускнікоў
Кожны люты у школах Беларусі ладзяць вечары сустрэчы з выпускнікамі. Па-за мяжой гэтай традыцыі застаюцца сотні і нават тысячы выхадцаў школ, якія пазачынялі. Іх родныя альма-матэр цяпер больш падобныя на раскіданыя гнёзды, якія ніколі не сагрэюць сваім цяплом.
У Ганцавіцкім раёне тармозяць перадавікоў жніва
Ідзе гарачая пара жніва, ці, як прынята ўжо называць, «бітва за ураджай». Сабраць яго – зараз самая галоўная задача, на якой засяроджаюць увагу Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, мясцовыя органы ўлады і сотні тысяч работнікаў сельскай гаспадаркі.
У вёсцы Палонь Ганцавіцкага раёна паўсталі за зямлю
Незадаволенасць дзеяннямі мясцовага кіраўніцтва, якое аддало надзел зямлі ў арэнду мясцоваму фермеру, выказалі жыхары вёскі Палонь на стыхійным сходзе. Вяскоўцы вырашылі звярнуцца са зваротам да кіраўніка райвыканкама, старшыні раённага Савета дэпутатаў і старшыні Брэсцкага аблвыканкама. Кіраўніцтва Люсінскага сельсавета і ААТ "Люсіна-Агра" лічаць скаргі беспадстаўнымі.