
Паездку журналістаў на малочнатаварную ферму № 2 СВК “Будча” нельга назваць ні прыемнай, ні лёгкай. Наадварот, чужыя клопаты прымусілі суперажываць, разважаць.
Праблему акрэслілі самі жывёлаводы МТФ № 2. Стомленыя цяжкай працай, іншы раз без выхадных, раннімі пад’ёмамі, сямейнымі неладамі, яны дзяліліся набалелым адкрыта і эмацыянальна.
“У мяне ў сям’і чацвёра дзяцей — трое школьнікаў, адно дзіця ходзіць у дзіцячы садок. Я іх амаль не бачу, бо ў мяне няма не толькі дадатковых аплачваемых выхадных, на якія маю законнае права: вось ужо два месяцы я не мела наогул ніякіх выхадных. Месяц галашу: дайце выхадны, хоць адзін у тыдзень!” – выступаюць слёзы на вачах маладой шматдзетнай маці Наталлі Кандратовіч, якая працуе даяркай.
Яе калега, Аксана Кашуба пацвярджае: “Ні на бацькоўскі сход нельга схадзіць, ні на ранішнік да дзіцяці – нас як прывязалі да фермы! Не дзіва, што мы тут усе нервовыя: нам цяжка!”
Недахоп кадраў сказваецца не толькі на тым, што жывёлаводы працуюць без выхадных. “На 250 галоў, якія дояцца без прывязі, – 2 даяркі, і ні цяпла, ні дабра. Па 50–60 тон за мільён рублёў доім, – расказвае Святлана Савеня. – Мы хварэем, асабліва зімой, і нават лячыцца няма калі”. Бывае, з тэмпературай ідуць даглядаць сваіх рагуль даяркі. І не толькі яны. “Мне адной прыходзіцца 180 галоў даглядаць. А калі што якое, дык і пакінуць няма на каго”, – скардзіцца цялятніца Святлана Гушчэня.
Ідуць на работу жанчыны, па іх словах, не толькі таму, што шкадуюць скаціну, — пара б і сябе пашкадаваць. “Дзе дзецца? Я сказала, што не выйду на работу ў выхадны, дык начальства з пагрозай сказала, што пазбавіць надбавак і прэмій”, — крыўдзіцца Галіна Стральчэня, якая ўвесь лістапад таксама працавала без выхадных.
“І домікі, кажуць, адбяруць”, — дадаюць Святлана Даўжанок, Вольга Салата, Мікалай Іванейчык, іншыя працаўнікі фермы, якіх для размовы сабралася шмат. Скардзіліся на многае, аднак усе скаргі ўрэшце зводзіліся да аднаго: недахоп кадраў. Былі б падменныя, заключае Наталля Кандратовіч, не было б праблем.
“Усё сяло прайдзі – даяркі не знойдзеш”, – коратка, але ёміста ахарактарызавала складаную сітуацыю з кадрамі загадчыца МТФ № 2 Галіна Берташ. Сапраўды, адкуль узяць дзвюх падменных даярак у вёсцы, дзе, па звестках Чудзінскага сельвыканкама, на 1 студзеня 2011 года пражывала 773 чалавекі, з якіх 341 пенсіянер, 97 дзяцей (да 16 гадоў), а ёсць яшчэ працаздольныя мужчыны і жанчыны, якія ў іншых месцах знайшлі больш лёгкую ці высокааплачваемую работу, ёсць гультаі і выпівакі? І не толькі даярак не знайсці: некалькі механізатараў ідуць на заслужаны адпачынак, замяніць іх таксама няма каму. “І будзе толькі горш, бо вёска старэе, – песімістычна заключае заатэхнік Валянціна Ярашэвіч. – Жывёлаводам нельга карыстацца складанай сітуацыяй, у якой мы апынуліся. Мы стараемся аплачваць іх працу”.
Па выніках 9 месяцаў 2011 года сярэднямесячная зарплата работнікаў СВК “Будча”, сапраўды, самая высокая ў раёне – 956 тыс. руб. Прычым разрыў значны нават з СГВК “Любашава”, які па сярэдніх зарплатах ідзе следам і дзе работнікі зарабляюць па 896 тыс. руб. “А за сёлетні лістапад даяркам у сярэднім па 1 млн 900 тысяч налічана, тым жа, хто працуе на раздоі, дзе даплачваецца за напружанасць і небяспечнасць, – наогул каля 3 млн 800 тысяч,” – прыводзіць лічбы старшыня гаспадаркі Сяргей Мышкавец.
Па ўсім відаць, кіраўнік ведае сваю справу, перажывае за яе, шкадуе людзей. “Мы ў цэлым працуем з рэнтабельнасцю каля двух працэнтаў, прычым без уліку падтрымкі дзяржавы. Гэта нармальна для сельскай гаспадаркі. Даплачваем работнікам за гатунковасць, стараемся зрабіць усё, каб нашы людзі не ведалі праблем з сенам, своечасова ўбіралі з поля гародніну… ”, — гаворыць Сяргей Мікалаевіч. Вось толькі як справіцца з такой праблемай, як недахоп кадраў, не ведае нават ён. Хіба толькі выкарыстаць прапанову жывёлаводаў — на дойку кароў і догляд цялят па чарзе адпраўляць спецыялістаў гаспадаркі. Магчыма, тады яны падмену знойдуць?..
Костюковичи на два дня станут литературной столицей страны. 5 и 6 сентября здесь пройдёт День…
С начала 2026 года в Беларуси упразднили 18 населённых пунктов, причем 15 из них исчезли…
Как легко наниматель попытался назначить виновного. В одном из филиалов организации в Могилевской области после…
Строители и инвесторы в Беларуси с сентября 2026 года получат новые возможности благодаря изменениям правил…
Тем, кто открывает кофейни самообслуживания, сегодня приходится считать каждую копейку. Нужно очень тщательно выбирать место,…
Для жителей Глубокского района Витебской области обещание «новых производств и рабочих мест» уже можно проверять…
This website uses cookies.
Read More