Паэт прызнаўся ў каханні
У шчырай любові да ўсіх землякоў прызнаўся паэт Алесь Каско на прэзентацыі кнігі “Нічога больш”, прысвечанай 60-годдзю аўтара, якая адбылася 20 красавіка ў кінатэатры “Маладосць”.
Пасля прэзентацыі Алесь Каско з паўгадзіны раздаваў аўтографы сваім землякам / Фото: Ирина Домарацкая
“Я люблю ўсіх сваіх землякоў, ад самага высокага начальніка да самага маленькага жыхара Ганцавіцкага раёна… Усіх!” – расчулена, праз слезы, вымавіў Алесь Каско. Паэт прызнаўся, што лепш за ўсё яго прымаюць менавіта тут, на радзіме, на Ганцаўшчыне, у краі, дзе ён нарадзіўся. Як сведчанне гэтаму, на прэзентацыю кнігі сабраліся сотні аматараў творчасці земляка, сярод якіх паэт Аляксей Галаскок, кіраўнік узорнага літаратурнага аб’яднання “Верасок” пры раённым цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці Галіна Пупач, сябра паэта ганцавіцкі самадзейны спявак і кампазітар Іван Бондар, бібліятэкары, настаўнікі і вучні яго роднай Чудзінскай сярэдняй школы. У знак павагі і падзякі аўтару за яго тытанічную працу на творчай ніве многія выступоўцы ўспаміналі прыгожыя філасофскія вершы, у якіх аўтар горача адстойвае духоўны пачатак у чалавеку. Паэт выплёсквае ў вершах усе свае перажыванні і выносіць іх на суд чытача, не хаваючы ад яго сваю далікатную і шматгранную, як крышталь, душу. Лірыка Алеся Каско настолькі захапляе, што некаторыя вершы знаходзяць новую і нечаканую інтэрпрэтацыю, быццам бы зноў нараджаюцца і пражываюць сваё другое жыццё. Як гэта можа быць, прыгожа прадэманстравалі паэтка Святлана Локтыш і паэт-музыкант Георгій Чыжык. Яны паклалі на музыку верш пра яблыкапад і вынеслі новы твор на суд гледачоў, выканаўшы дуэтам песню пад гітару.
Павіншаваць Алеся Каско з выхадам новага зборніка і юбілеем прыйшлі не толькі землякі, але і яго сябры і паплечнікі з вобласці: паэт з Брэста Мікола Пракаповіч, з Лунінеччыны Рыгор Жук, Віктар Пінігін, Вадзім Жылко, Мікола Ільючык, Людміла Хмялеўская. Ад шчырых слоў гасцей у зале панавала нейкая фантастычная атмасфера дабрыні і шчасця. Здавалася, што падчас дэкламавання вершаў Алеся Каско адкрываўся небасхіл і ў зал пранікаў боскі прамень, які застаўляў трапятацца кожнае сэрца. Адным словам, паэзія тварыла цуд, хацелася спяваць, расправіць крылы ды адправіцца ў вандроўку ў яшчэ нязведаны і невядомы свет лірыкі, які ёсць, які яшчэ народзіцца.
Алесь Каско падзякаваў усім аматарам паэзіі за прызнанне і расказаў, як пачынаўся яго творчы шлях. Галоўным натхняльнікам Алесь Каско назваў вядомага паэта Міколу Купрэева. Менавіта ён, працуючы ў Чудзінскай школе настаўнікам, сабраў некалькі вершаў Алеся і даслаў іх у «Чырвоную змену». Ён аказаў моцны ўплыў на маладога паэта, дапамог яму развіць творчыя здольнасці. I цяпер Алесь Каско лічыць яго сваім першым і самым лепшым настаўнікам, дзякуючы якому ён стаў вядомым у рэспубліцы літаратарам.
«Купрэеў некалі сказаў мне: чалавека з цябе не будзе, а вось паэтам, магчыма, станеш… І вось атрымаўся такі шараговы чалавек… які ёсць», – успамінае Алесь Каско.
Канешне, ён атрымаўся далёка не шараговы, а выдатны чалавек, таленавіты паэт, які ўвесь час працуе на літаратурнай ніве. Хоць, здаралася, былі і ў яго творчасці перыяды апатыі і застою, але ён ніколі не пераставаў працаваць. Калі не нараджаліся вершы, то ён браўся за пераклады, пісаў прозу ці займаўся журналістыкай.
Свае першыя вершы ў рэспубліканскім друку Алесь Каско надрукаваў у 1970 годзе.
Аўтар кніг паэзіі «Скразная лінія», «Набліжэнне», «Час прысутнасці», «Сорак пяць», «Трохкроп’е», «Два сонцы», кніг народных казак «Чыстага ўсё нячыстае баіцца» і іншых. За кнігу вершаў «Час прысутнасці» ўдастоены літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова.
Як падзяліўся Алесь Каско, у яго такі прынцып: калі кніжка горш за папярэднюю – не друкаваць, а адкласці, вытрымаць, пачакаць, папарацаваць, каб новая была крышачку лепшая за папярэднюю. «Мая кніга «Нічога больш» прысвечана юбілею і, можа, яна не самая лепшая, але я выказаў усё, што хацеў, што набалела», – патлумачыў на развітанне А. Каско.
Паэт прызнаўся, што ў яго яшчэ шмат ідэй, і дай Бог дапрацаваць тое, што задумана.
Новости
- 11:11 С карты Беларуси исчезли 18 деревень – Витебская область в лидерах
- 18:35 Недостачу нашли в магазине, а наказали кадровика
- 17:56 Новые правила: изменения для строителей и инвесторов
- 11:25 Кофейни самообслуживания в Минске теряют привлекательность
- 18:00 17 миллионов в масла и сотни работников на рыбе. Что получилось в райцентре Глубокое Витебской области?
- 14:49 Белорусские водители начнут пользоваться новыми дорогами
- 12:03 В аграрном секторе и у строителей проблемы с зарплатами
- 13:25 Иркутск и Беларусь на пути к новому сотрудничеству
- 12:59 Зарплаты в Беларуси: Минск впереди, но разрыв растёт
- 19:01 Минск обновляет маршруты и растёт пассажиропоток