Аргументы супраць смяротнага пакарання

Сёння, 10 кастрычніка заканчваецца тыдзень супраць смяротнага пакарання, які пачаўся у Беларусі 5 кастрычніка. За гэты час неабыякавыя людзі выказалі свае меркаванне наконт таго, што смяротнае пакаранне – гэта страшная з'ява, ад якой патрэбна пазбаўляцца цывілізаванаму грамадству.

Фото: https://www.racyja.com

Пытанне адмены смяротнага пакарання вельмі востра хвалюе сусветную супольнасць, таму праваабаронцы няўрадавай арганізацыі цэнтра “Вясна”  нагадваюць аргументы супраць смяротнага пакарання.

Аргумент 1. Судовая памылка, незваротнасць смяротнага пакарання

Пасля выканання прысуду нельга выправіць судовую памылку – вярнуць жыццё чалавека.
Судовыя памылкі адбываюцца нашмат часцей, чым гэта сабе ўяўляе большасць.

У ЗША з 1976 года 123 чалавекі былі вызвалены з камеры смяротнікаў пасля ДНК-экспертызы, якая дапамагла ўстанавіць іх невінаватасць. Існуюць і 23 задакументаваныя справы аб памылкова пакараных невінаватых ад пачатку 1900-х гадоў у Амерыцы.  У Беларусі па «Віцебскай справе» былі асу­джаны 14 нявінных чалавек.

Заслужаны юрыст Беларусі Мечыслаў Грыб расказаў пра незваротнасць смяротнага пакарання і судовыя памылкі:
“Мне давялося працаваць у той час, калі маньяк Міхасевіч здзяйсняў свае злачынствы на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Высветлілася: за злачынствы, здзейсненыя Міхасевічам за 15 гадоў, незаконна былі асуджаны на доўгія тэрміны зняволення 13 чалавек, а адзін з іх, Цярэня, быў расстраляны па прысудзе Віцебскага абласнога суда… ” Супраць Мікалая Цярэні не было ніякіх доказаў – толькі выбітыя падчас следства прызнанні.

Аргумент 2. Выканаўцы – прафесійныя забойцы, якія караюць ад імя дзяржавы

У краінах, дзе смяротнае пакаранне дазволена, існуе інстытут легальных забойцаў, якія здзяйсняюць наўмыснае забойства.
Любая інфармацыя пра спосабы прывядзення ў выкананне смяротнага прысуду ў Беларусі з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай. Аднак былы начальнік мінскага СІЗА № 1, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя да выключнай меры пакарання, Алег Алкаеў падрабязна апісаў у кнізе “Расстрэльная каманда”, кім і як выконваецца гэтая праца.

Алег Алкаеў гаворыць, што выкананне смяротнага прысуду – забойства, нават калі яно “па законе”: “Забіць чалавека, які асабіста табе нічога дрэннага не зрабіў, забіць без злосці, без накалу страсцей – гэта складана. Забойства – гэта забойства, а забойства ніколі беспакарана не праходзіць. Гэта на вайне чалавек страляе з вялікай адлегласці і не ведае, патрапіў ці не патрапіў. І ў яго страляюць таксама. Гэта зусім іншае. Таму і група расстрэльная была засакрэчана, нават блізкія сваякі і калегі не ведалі, хто чым займаецца. І гэта выконвалася членамі самой групы.

Аргумент 3. рэлігійная запаведзь “Не забі!”

Жыццё чалавеку дае Бог, і толькі Бог, а не іншы чалавек, можа забраць жыццё.
У 2013 годзе Папа Рымскі Францішак у тэлеграме да 5-га Сусветнага Кангрэсу супраць смяротнага пакарання напісаў:
“Пакаранне смерцю павінна быць заменена на іншае, якое б прадугледжвала шанц для злачынцы задумацца над сваімі правінамі і выправіцца, а нявіннаму падаравала б надзею на справядлівасць”.

Аргумент 4. Забойствы палітычных апанентаў, масавыя рэпрэсіі

Смяротнае пакаранне, якое захоўваецца ў Беларусі, выкарыстоўваецца не толькі супраць крымінальных злачынцаў, але і ў адносінах да палітычных апанентаў. Смяротнае пакаранне – “звыклая з’ява” падчас масавых рэпрэ­сій.

У 2001г. Алег Алкаеў выступіў з выкрыццямі па справе аб выкраданні і меркаваным забойстве вядомых беларускіх палітыкаў Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара. У 1999г. Алег Алкаеў двойчы па ўказанні міністра выдаваў спецыяльны пісталет ПБ-9, прызначаны для прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў; пазней, супаставіўшы даты, ён выказаў здагадку, што з гэтага пісталета былі забіты зніклыя палітыкі.

Аргумент 5. Нявыдача цела, непаведамленне даты выканання прысуду – гэта катаванне сваякоў расстралянага

Грамадскасці невядомы імёны расстраляных і колькасць. ­ Вынесены смяротны прысуд прыно­сіць жорсткія пакуты і яго сваякам. 

Праваабаронца Гары Паганяйла адзначае: “У Беларусі дзейнічае закон савецкага перыяду, калі цела пакаранага не выдаюць, месца пахавання не паведамляюць – т.ч. спрабуюць зрабіць таямніцай дату выканання прысуду і дзе пахаваны чалавек. Камітэт ААН неаднаразо­ва заяўляў, што працэдура смяротнага пакарання ў Беларусі падпадае пад прыкметы здзекаў і бесчалавечных адносін да пакаранага і яго сваякоў. Асу­джаны не ведае даты расстрэлу, калі наступіць апошні дзень яго жыцця, і не можа падрыхтавацца да гэтага акту”.

Аргумент 6. Неэфектыўнасць у папярэджанні злачынстваў

У грамадстве мяркуюць: смяротнае пакаранне стрымлівае злачыннасць. Але няма такіх статыстычных ці іншых дадзеных.

У інтэрв’ю газеце “Навіны” ў 1998 г. былы міністр унутраных спраў Ю. Захаранка выказаўся супраць смяротнага пакарання: “Я ўпэўнены, што нам неабходна ліквідаваць інстытут пазбаўлення чалавека жыцця. Смяротная кара не ў стане спыніць злачыннасць. Псіхіятры-крыміналісты прыйшлі да высновы, што ніхто з асуджаных перад забойствам не думаў пра расплату смяротнай карай. Пасля адмены вышэйшай меры ў краіне не расце колькасць цяжкіх злачынстваў. Здавалася б, танней расстраляць чалавека ды закапаць. Але такім чынам грамадства закопвае сябе”.

Аргумент 7. Пакаранне смерцю спараджае жорсткасць у грамадстве

Праваабаронцы “Вясны” лі­чаць, што жыццё з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, натуральным і неад’емным правам чалавека. Смяротнае пакаранне расцэньваецца як парушэнне права на жыццё, гарантаванае Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека.

Пытанне адмены смяротнага пакарання ў Беларусі абмяркоўвалася 27 жніўня ў Мінску на канферэнцыі па тэме: «Грамадская думка і смяротнае пакаранне ў Беларусі». На мерапрыемстве прагучала думка, што Аляксандр Лукашэнка не адменіць смяротнага пакарання, пакуль грамадства будзе супраць гэтага. Таму еўрапейцы вырашылі ў пытанні адмены смяротнага пакарання не ціснуць на кіраўніцтва Беларусі, а пераконваць простых беларусаў.

Як патлумачыла на канферэнцыі прадстаўнік Генеральнага дырэктарата па правах чалавека і вяршэнстве права Савета Еўропы Таццяна Тэрмачыч: «Беларускія ўлады могуць адмяніць смяротнае пакаранне за пяць хвілін, падпісаўшы адпаведны дэкрэт або прыняўшы закон.

І спосаб адмены не такі важны (мараторый або поўная адмена). Што важна: мы зразумелі, куды нам рухацца далей. Мы вырашылі працаваць перш за ўсё з грамадскай думкай, таму што беларускія ўлады прыслухоўваюцца да меркавання народа. Мы хочам паказаць, што смяротнае пакаранне — гэта бесчалавечная з’ява, якой не павінна быць у XXI стагоддзі».

Из рубрики