Ганцаўчане прадставілі Брэстчыну на Дні беларускага пісьменства

Ганцавіцкая дэлегацыя, у склад якой увайшлі настаўнікі і 23 школьнікі з ліку самых паспяховых, прадставіла Брэсцкую вобласць на Дні пісьменства ў Глыбокім, які па шматгадовай традыцыі адзначылі ў першыя восеньскія выхадныя, 1–2 верасня 2012 года.

Прадстаўнікі нашага раёна на свяце ў Глыбокім
Прадстаўнікі нашага раёна на свяце ў Глыбокім / Фото: Ірына Дамарацкая

Дэлегацыю з Ганцавіч сустрэлі вельмі цёпла і размясцілі на турбазе лагера ў 40 кіламетрах ад горада Глыбокае. У вечар прыезду яны па-сапраўднаму адчулі ўвагу гаспадароў свята, якія спецыяльна для гасцей зладзілі на турбазе канцэрт з гульнёвай праграмай і фінальным кастром. Уразіла дзяцей таксама прыгажосць краявідаў Глыбокага.

Непадалёку ад турбазы знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы, каля якога пабывалі і сфатаграфаваліся ганцавіцкія дзеці і настаўнікі. Дзеці абышлі глыбоцкія мясціны і зрабілі вынік, што там намнога чысцей, чым у нас.

“Так спадабалася, што не шкадую аб паездцы і хацела б яшчэ пабываць у тых краях”, – падзялілася ўражаннямі дзевяцікласніца СШ №3 Хрысціна Канановіч. Асабліва ёй запомнілася прыгожае возера паблізу скверыка, на беразе якога прычалілі змайстраваныя да свята караблі.
Найлепшыя ўспаміны пакінула і само свята, якое пачалося з шматлюднага фэсту мастацкіх калектываў пад гукі жывой музыкі.

“Усё было выдатна. Свята па размаху атрымалася ўдвая большае, чым у нас. Напрыязджалі тысячы людзей”, – расказалі ўдзельнікі паездкі.

Па інфармацыі беларускіх інформагенцтваў, у Глыбокім сустрэліся літаратары сямі краін свету, сярод якіх вядомыя паэты, празаікі і публіцысты Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны і іншых суседніх дзяржаў. На свята з’ехаліся творцы, якія неабыякавыя да друкаванага слова, нездарма 2012 год аб’яўлены ў Беларусі Годам кнігі. Гэты год юбілейны для нашай краіны, бо сёлета спаўняецца 490 гадоў з дня выхаду першай беларускай кнігі.

З 1522 года да 1525 года ў горадзе Вільні беларускі асветнік Францыск Скарына выдаў на беларускай мове першую “Малую падарожную кніжыцу”. У гэтым годзе адзначаецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускіх песняроў Янкі Купала і Якуба Коласа. Спіс юбіляраў гэтага года можна працягваць бясконца, але жыхары Глыбоччыны, у адрозненне ад ганцаўчан, увекавечылі на Дзень пісьменства сваіх выдатных землякоў.

На новай алеі ў Глыбокім да свята ўстанавілі бюсты Ігната Буйніцкага (заснавальніка беларускага нацыянальнага тэатра), Язэпа Драздовіча (мастака, археолага, паэта), Вацлава Ластоўскага (пісьменніка, акадэміка, главы кабінета міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі), Паўла Сухога (авіяканструктара), заснавальніка пляяды вядомых самалётаў «Су») і іншых. У школе імя П. Сухога пабывалі ганцавіцкія школьнікі. Дзеці адзначылі шыкоўнасць інтэр’ера школы і вельмі смачны абед, якім іх накармілі ў школьнай сталоўцы. “Усё было так смачна, як у рэстаране”, – расказала адна з вучаніц.

Што тычыцца гасціннасці, то мінулагодняе свята пісьменства ў Ганцавічах надоўга запомніцца пастаянным гасцям штогадовага фэсту шашлыкамі і багатымі застоллямі, дзе прылаўкі “трашчалі” ад гарэлкі і віна. Свята ў Глыбокім прайшло без продажу спіртных напояў. Вітрыны са спіртным былі прыкрыты падчас свята ва ўсіх гарадскіх магазінах.

Госці гулялі цвярозымі. Па словах гасцей, не памяшала б зрабіць забарону на продаж спіртнога традыцыйнай, каб беларусы і замежнікі ехалі на свята пісьменства не толькі за гасцінцамі, але і за беларускім словам.

Из рубрики