
У сераду наш зямляк, які больш чым паўгода знаходзіўся ў Дагестане, вярнуўся на радзіму. Але не ўсё было так, як паведамлялася па тэлеканалах і ў шматлікіх выданнях. Па словах Андрэя Каўша, з якім журналіст “ГЧ” сустрэўся адразу пасля вяртання ў Ганцавічы, няпраўдай з’яўляецца тое, што ён быў у рабстве.
“Можна было ісці куды хочаш, але не ішлі, бо дамаўляліся, што грошы выплацяць пасля заканчэння работы. Жылі мы ў нармальных умовах, па чатыры чалавекі ў пакоі, і ў кожным з іх быў тэлевізар. Кожны тыдзень мы мыліся ў лазні, кармілі нас добра і раз на чатыры дні давалі па бутэльцы гарэлкі, калі хто гэтага хацеў.
Вядома, ж не адмаўляліся… Мы заказвалі прадукты, і нам прывозілі ўсё, што пажадаем, а грошы вылічвалі з зарплаты, якую нам абяцалі, але на рукі не выдавалі – абяцалі выплаціць пасля заканчэння сезона..
А вось выходзіць у горад з тэрыторыі завода сапраўды было небяспечна: маглі злавіць, набіць і прадаць у рабства пасвіць авечак у гарах. І раней, як расказвалі, такія выпадкі былі. Мы тры дні жылі ў тых людзей, якія вызвалілі нас. І яны прымусілі гаспадара завода, дагестанца, выплаціць нам грошы. А абяцалі нам за месяц па 15 тысяч расійскіх рублёў.
Гаспадар завода прадаў машыну і разлічыўся з намі. Дагестанец прасіў, каб мы засталіся, і праз тыдзень абяцаў разлічыцца, але нас забралі з завода. Некаторыя працуюць там па дзесяць гадоў.
Дагестанец казаў нам, што гэта буйныя бізнесмены такім чынам знішчаюць дробных канкурэнтаў. Вось і гэты стары заводзік па выпуску цэглы хутчэй за ўсё ўжо зачыняць,” – расказаў Андрэй Коўш.
Перадгісторыя не прадвяшчала развароту такіх падзей. Ужо не першы год Андрэй Коўш у пошуках заробкаў, як і многія жыхары Ганцаўшчыны, працаваў у Расіі на будоўлях. І мінулым летам таксама паехаў шукаць працу на прасторах неабсяжнай Расійскай Федэрацыі.
А вось версія другога беларуса з Віцебшчыны, якая распаўсюджана ў інтэрнэце, была іншай. У Маскве агенты па працаўладкаванні абяцалі поўны пансіён, працу на алімпійскіх аб’ектах у Сочы і годны заробак.
Потым прапанавалі выпіць за пачатак новага, шчаслівага жыцця, пасадзілі ў аўтобус і завезлі ў Дагестан. Па яго словах, наймальнікі іх прадалі ўладальнікам цагельнага завода, якія не выплачвалі работнікам заработную плату на працягу сямі месяцаў, прымушалі пры гэтым працаваць па 12 гадзін у суткі.
Іх утрымлівалі на цагельным заводзе, размешчаным недалёка ад сяла Краснаармейск паблізу г. Махачкала.
На радзіме Андрэя шукалі родзічы і следчы камітэт, які аб’явіў яго ў вышук. Паведамленне пра тое, што Андрэй Коўш летам мінулага года 2012 з’ехаў на заробкі ў г. Раменск Расійскай Федэрацыі і больш ад яго не паступала ніякіх звестак, 11 студзеня было надрукавана і ў газете “Ганцавіцкі час”.
Па словах родзічаў, Андрэй нежанаты, і не раз затрымліваўся на некалькі месяцаў ў Расіі. Заўсёды хоць раз на месяц званіў. А на гэты раз ніякай сувязі з ім не было. Калі прайшло чатыры месяцы і ад яго не паступіла ніводнай вестачкі, яны ўсур’ёз занепакоіліся і звярнуліся ў міліцыю.
Пра тое, што людзі знаходзяцца на заводзе і працуюць прымусова, даведаліся члены грамадскай арганізацыі «Альтэрнатыва», якія змагаюцца ў Расіі з рабствам.
Як расказаў лідар грамадскага руху «Альтэрнатыва» Алег Мельнікаў, у людзей адбіралі дакументы, не плацілі грошай і не давалі патэлефанаваць. Сваякі не ведалі пра іх месцазнаходжанне, і людзі знаходзіліся ў вышуку і лічыліся без весткі зніклымі.
«У незнаёмай мясцовасці, без грошай і дакументаў, наслухаўшыся пра баявікоў, людзі часта баяцца пакінуць завод. На самім жа заводзе іх павольна падпойваюць і выціскаюць усе сілы фізічнай працай,» — сказаў ён.
За гэтым заводам актывісты, якія змагаюцца з рабствам, сачылі амаль тры месяцы, але нават зазірнуць на тэрыторыю апынулася не проста.
«Я прыйшоў на завод пад выглядам кліента і пагаварыў з працоўнымі, спытаў, ці хочуць яны вярнуцца дадому. Яны, вядома, сказалі, што хочуць, але не могуць, бо ім не плацяць грошай,» — сказаў лідар руху «Альтэрнатыва».
Калі інфармацыя пра нявольнікаў пацвердзілася, цагляным заводзікам зацікавіліся ў МУС і ў ноч з 23 на 24 студзеня правялі аперацыю па вызваленні людзей з палону.
Нашы землякі аўтобусам спачатку былі дастаўлены ў Маскву, а пасля адпраўлены ў Беларусь.
«Калі мы ішлі па пероне вакзала ў Маскве, паліцэйскія казалі: “Прапусціце – гэта галівудскія зоркі!»» — з усмешкай расказваў Андрэй.
Але і на радзіме прыгоды нашага земляка не скончыліся. Дабраўшыся ў аўторак, 29 студзеня, спачатку да Оршы, а потым да Мінска, Андрэй Коўш быў вымушаны начаваць на вакзале: паперка з беларускага пасольства ў Расіі не дапамагла яму свабодна даехаць да Ганцавіч. Грошай, якія быў вымушаны-такі выплаціць дагестанец пад ціскам паліцыі, наш зямляк не давёз – іх адабралі ўжо Беларусі…
Міліцыя, да якой ён звярнуўся з просьбай дапамагчы яму сесці ў цягнік, не паспачувала. Міліцыянер сказаў, што без білета яго ў цягнік не пусцяць.
Толькі ў сераду раніцай Андрэй дабраўся да Баранавіч, адкуль яго забралі дадому сястра Наталля з мужам.
«Вы ж ведаеце, як гэта атрымліваецца, калі застаешся без грошай: ідзеш на вакзал, а там прапануюць нейкую работу. Прыходзіцца згаджацца на любыя прапановы. Лепш у такія сітуацыі не трапляць,» – сказаў Андрэй.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More