Сакрушальная бура на могілках у Будчы пакінула містычны след
Амаль на суткі засталіся без электрычнасці жыхары некалькіх вуліц у вёсках Будча, Пярэвалакі, В. Круговічы і М. Круговічы. З дахаў жылых і гаспадарчых пабудоў пазрывала шыфер. Мільённыя страты панеслі жыхары, чые родзічы пахаваны на могілках за Будчай, а містычны след на адным з помнікаў здзівіў нават старажылаў вёскі.
Многія жыхары, чые родзічы пахаваны на будчанскіх могілках, панеслі мільённыя страты пасля буры, якая пашкодзіла дзясяткі помнікаў і агародж / Фото: Пётр Гузаевский
Такія наступствы пакінула бура, якая пранеслася над Ганцавіцкім раёнам вечарам у мінулую суботу 1-га чэрвеня.
“Страшна, што тут рабілася! Раптоўна неба стала цёмным, віхор падняўся такі, што не было відно свету. У вёсцы дрэвы паваліла, а градам пабіла ўсходы пасеваў, – расказвае пенсіянерка Еўдакія Васільеўна Стральчэня. – Помнікі на могілках паваліла, быццам касой з іх пазразала крыжы. А людзей колькі было ў нядзелю! Нават на свята столькі, можа, не бывала! Бо кожны ж хваляваўся, ці не пабіла помнікі. Хто мог, падрамантаваў і паправіў абернутыя помнікі і агароджы; а ў каго разбіла ўшчэнт, тым прыйдзецца шмат грошай траціць, каб новыя паставіць”.

Пад час буры на могілках за вёскай Будча было пашкоджана больш за трыццаць помнікаў і некалькі агароджаў. Ураганны вецер быў такой магутнай сілы, што дзясяткі металічных і бетонных крыжоў на стальных стрыжнях, якія былі замацаваны на помніках, былі нібы зрэзаны вострым лязом. Драўляныя крыжы паламала на дробныя кавалкі, а масіўныя помнікі па сто і больш кілаграмаў вагою магутная сіла стыхіі раскалола на часткі.

Акрамя відочных матэрыяльных разбурэнняў стыхія пакінула і містычны след. На адным з помнікаў з чорнага мармуру на партрэце маладога хлопца, які загінуў разам з маці на пажары ў мінулым годзе, на твары выступіла чырвоная, быццам кроў, пляма. Сястра і цётка нябожчыкаў, пенсіянерка Любоў Дайлід расказала, што адцірала гэтую чырвоную пляміну на помніку і вадой з пяском, і бензінам, і шампунем… Але след так і застаўся.

Разглядваючы разам з будчакамі наступствы стыхіі на могілках, аўтар гэтага артыкула таксама не мог знайсці ніякага, нават тэарэтычнага, тлумачэння неверагодных з’яў. Цяжка было нават уявіць, як магло ветрам пагнуць металічныя трубы з нержавейкі на агароджах (быццам па іх зверху білі кувалдай) і не зачапіць пры гэтым лёгкія вянкі і кветкі? Чаму быццам бы вострым лязом зрэзала крыжыкі, а помнікі не паварушыла? Ці вось яшчэ адзін дзіўны факт: адзін з помнікаў, які быў замацаваны на двух доўгіх штырах, віхрам падняло і апусціла на зямлю побач, нават не пагнуўшы стальных штыроў. Пашчасціла, што помнік застаўся цэлы.
Прынесла непрыемнасці бура і жыхарам іншых вёсак. На вуліцах паваліла дрэвы і амаль на цэлыя суткі некалькі вуліц ў Будчы, Пярэвалаках і Вялікіх і Малых Круговічах засталіся без электрычнасці. Па словах старшыні Чудзінскага сельсавета Анатолія Кіціка, у Чудзіне і Будчы былі пашкоджаны жылыя і гаспадарчыя пабудовы, але матэрыяльныя страты былі невялікімі. У Чудзіне з сямі дахаў пабудоў пазрывала па 5-7 лістоў шыферу і на адным з дамоў вырвала тэлевізійную антэну. Па некалькі лістоў шыферу сарвала з двух будынкаў у Будчы. Усе паваленыя дрэвы прыбралі на працягу двух сутак, а разбітыя слупы электраперадач замянілі на новыя.
“Пасля буры работнікі раённых электрасетак працавалі да трох гадзін ночы, і пасля ночы з суботы на нядзелю ўзнавілі падачу электрычнасці ва ўсіх вёсках”, – сказаў начальнік раённых электрасетак Ігар Букса.
Па словах Ігара Сцяпанавіча, электрычнасць падалі ў першую чаргу на фермы, дзе патрэбна было тэрмінова даіць кароў, а потым ліквідавалі і астатнія парывы ліній электраперадач.
“Ад імя пацярпелых жыхароў раёна хачу падзякаваць энергетыкам, супрацоўнікам выратавальнай службы і камунальнікам, якія пастараліся, прыбралі паваленыя дрэвы, а энергетыкі досыць хутка далі людзям святло ў дамы”, – сказаў Анатоль Ільіч.
Новости
- 12:32 Костюковичи приняли эстафету Дня беларусской письменности в 2026 году
- 11:11 С карты Беларуси исчезли 18 деревень – Витебская область в лидерах
- 18:35 Недостачу нашли в магазине, а наказали кадровика
- 17:56 Новые правила: изменения для строителей и инвесторов
- 11:25 Кофейни самообслуживания в Минске теряют привлекательность
- 18:00 17 миллионов в масла и сотни работников на рыбе. Что получилось в райцентре Глубокое Витебской области?
- 14:49 Белорусские водители начнут пользоваться новыми дорогами
- 12:03 В аграрном секторе и у строителей проблемы с зарплатами
- 13:25 Иркутск и Беларусь на пути к новому сотрудничеству
- 12:59 Зарплаты в Беларуси: Минск впереди, но разрыв растёт