У Ганцавіцкім раёне ўборачную пачалі сярпамі

Раённае свята “Зажынкі”, якое прайшло ў мінулую пятніцу, 12 ліпеня, на полі СВК “Дубнякі”, дало старт гарачай пары для хлебаробаў Ганцаўшчыны. Зажынкі праходзілі ў рамках раённага семінара аграномаў.

Каб ураджай выдаўся багатым, жнеі ўслаўлялі «гаспадара» – старшыню СВК «Дубнякі» Уладзіміра Грыгарана, падкідаючы яго на «ўра»
Каб ураджай выдаўся багатым, жнеі ўслаўлялі «гаспадара» – старшыню СВК «Дубнякі» Уладзіміра Грыгарана, падкідаючы яго на «ўра»

«Добры дзень ніўка, ядранае жыта!» – прывіталі карміцельку жнеі. І першы сноп быў зжаты ўручную, сярпамі, пад абрадавыя старажытныя песні і паклоны зямельцы-карміцельцы – як гэта рабілі нашы далёкія продкі сотні гадоў таму назад.

А распачалі важную справу носьбіты аўтэнтычных традыцый – удзельніцы фальклорнага гурта “Хатовічы” Хатыніцкага сельскага Дома культуры. Дапамагалі ім правесці народны абрад, які даў старт раённай уборачнай, самадзейныя артысты Кукаўскага СДК.

Першы сноп быў уручаны “гаспадару” раёна Уладзіміру Давыдчыку, які часова выконвае абавязкі старшыні райвыканкама, і “гаспадару” поля Уладзіміру Грыгарану, старшыні сельгаскааператыва “Дубнякі”. Пасля У. Давыдчык, У. Грыгаран разам з начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Юрыем Лелесам і механізатарамі адправіліся на камбайнах у поле, каб зрабіць першы намалот.

На ўскрайку поля засталіся чакаць хлебаробаў удзельнікі семінара і самадзейныя артысты. Апошнія з песнямі плялі вянкі з каласоў і палявых кветак. Гэтыя вянкі пазней упрыгожылі грудзі тых, каму выпаў гонар першымі намалаціць зерня. Яны ж першыя пачаставаліся караваем, які раздзялілі паміж усімі, хто прыйшоў у гэты дзень на свята.

Як расказала метадыст раённага метадычнага цэнтра аддзела ідэалогіі і культуры райвыканкама Ірына Марцінкевіч, сёлетнія “Зажынкі” раённага маштабу праводзіліся ўжо другі раз. Упершыню такое ж свята прайшло ў мінулым годзе ў вёсцы Крышылавічы, і яно таксама стала пачаткам уборачнай кампаніі ў раёне.

На наступны ж дзень пасля зажынак гаспадаркі раёна прыступілі да ўборкі зернявых і рапса. Хлебаробы імкнуцца як мага хутчэй сабраць з поля каштоўнае зерне – ці мала якое надвор’е прапануе нябесная канцылярыя! Ужо ў першыя ж дні вызначыліся лідары жніва-2013.

Па словах галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Міхаіла Канановіча, сёлета на 17 ліпеня было ўбрана 37% рапса пры ўраджайнасці 20 цэнтнераў з гектара. На ўборцы рапса лідзіруюць СВК “Цельшына (убралі 70% ад пасеянага), “Дубнякі” (убрана 60%) і “Будча” (убраны 51%). Сельгаскааператывы “Дубнякі” і “Будча” нават ужо прадалі ААТ “Ганцавіцкі райаграсэрвіс” адпаведна па 128 і 144 тоны.

Вызначыліся на гэтую ж дату і лідары па ўборцы зернявых. З 33 га ўбралі зерне ААТ “Ганцавіцкі райаграсэрвіс”, з 29 га – “Дубнякі”, з 25 га – “Хатынічы”, з 20 га – “Крышылавічы”. Усяго хлеб сабраны з плошчы ў 107 га.

“Канечне, гэты год не самы лепшы для хлебаробаў. Кароткая вясна і дажджы пасадзейнічалі таму, што перыяд спеласці ў культур зрушыўся, стаў іншым. Да таго ж 1485 гектараў зернявых затапіла”, – расказаў Міхаіл Канановіч.

Аднак хлебаробам асабліва няма калі перажываць па тым, што згублена, важна захаваць тое, што маем. Гаспадаркам раёна належыць убраць зернявых культур з плошчы ў 13070 га і рапса – з плошчы 2260 га. І старт уборачнай кампаніі дадзены…

Дарэчы…
Зажынкі – старажытны абрад у гонар збору новага ўраджаю збожжа. Быў шырока распаўсюджаны ў славянскіх і іншых земляробчых народаў.

Зажынкі суправаджаліся адмысловымі зажыначнымі рытуаламі і песнямі, у якіх чуліся скаргі на цяжар працы і звароты да Бога з просьбай дапамагчы ўбраць ураджай, даць добрае надвор’е і здароўе.

Першы зажыначны сноп лічыўся імянінным. Яго ўпрыгожвалі кветкамі, неслі ў хату з песнямі і ставілі ў чырвоны кут пад абразы. З яго пачыналі ўвосень малацьбу, а саломай кармілі хворую скаціну. Збожжа першага снапа лічыліся гаючым для людзей і птушак.

Из рубрики