Першую прыгажуню ў Хатынічах вызначылі гледачы

Конкурсы на самую прыгожую, самую абаяльную прайшлі 8 сакавіка ў Ганцавічах і некалькіх вёсках раёна. Журналіст “ГЧ” на гэты раз пабываў на конкурсе Міс у самай вялікай вёсцы раёна – Хатынічах.

Злева направа: Юлія Рылка, Марына Ярашэвіч, Елізавета Наумік, Таццяна Крупеніч, Аліна Чычыкайла, Дар’я Ваўчок, Алёна Наумік, Аліна Канановіч
Злева направа: Юлія Рылка, Марына Ярашэвіч, Елізавета Наумік, Таццяна Крупеніч, Аліна Чычыкайла, Дар’я Ваўчок, Алёна Наумік, Аліна Канановіч / Фото: Пётр Гузаевский

Магчымасць выбраць першую прыгажуню ў Хатынічах 8 сакавіка журы аддало гледачам. У галоўнай намінацыі “Міс сімпатый гледачоў” безумоўную перамогу жыхары вёскі аддалі вучаніцы 9 класа Алёне Наумік.

Жыхары вёскі пачалі збірацца ў СДК задоўга да пачатку. Заставался паўгадзіны да выхаду на сцэну прыгажунь, а свабодных месцаў у зале ўжо не было. Тым, хто запазніўся, не было магчыма зайсці у залу нават каб стаць. Кілька ў банцы адчувае сябе, напэўна, больш вольна, чым хатынаўцы, якім прыходзілася туліцца ў вузкім праходзе, выглядаць з праёмаў дзвярэй. Нават аварыйны выхад работнікам СДК прыйшлося адчыніць, і людзі за падзеямі на сцэне назіралі, стоячы на вуліцы. Нягледзячы на гэта, у зале царыў цудоўны настрой.

Удзельніцы шоу “Міс-школа” спаборнічалі в пяці конкурсах: “Візітка”, “Касцюм сваімі рукамі”, “Вясельны ўбор”, “Рэтра” і “Вячэрні ўбор”. Вяскоўцам хацелася, каб дзяўчаты даўжэй пахадзілі па сцэне, бо, па словах бабулі, якая сядзела побач з журналістам, “хацелася лепш разлядзець кожную…”.

Пільныя назіранні гледачоў выклікалі хваляванні ў хатыніцкіх прыгажунь. Асабліва за ўдзельніц перажывалі іх мамы. Нямала сіл, сродкаў і цярпення прыйшлося ім затраціць, каб іх дзеці выйшлі і паказалі сябе на сцэне. “Спачатку я была не задаволена, бо дачка разрывалася паміж рэпетытарствам і рэпетыцыямі, – сказала Валянціна Чычыкайла, маці Аліны. – Але я бачыла, што дачцэ гэта падабаецца, і чым магла, ёй дапамагала”.

Паўзы між выступленнямі прэтэндэнтак на тытулы міс запаўнялі музычныя нумары і сцэнкі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Асабліва горача сустракалі гледачы трыа дзесяцікласнікаў Арцёма Курловіча, Вадзіма Канановіча і Віктара Кулана з песняй “Ты ж мяне падманула”. Хлопцы спявалі і так пацешна прытанцоўвалі, што сарвалі шквал апладысментаў.

Праграму “Міс-школа” рыхтавалі педагогі Хатыніцкай СШ. Па словах настаўніцы Алены Казак, на падрыхтоўку пайшло тры тыдні, а ў апошнія дні рэпетыравалі па 3-4 гадзіны. “Падчас выступлення дзяўчынак я ўжо не хвалявалася. Была ўпэўнена, што яны добра выступяць”, – сказала Алена Дзмітрыеўна.

Шмат старанняў уклалі ў гэты конкурс класны кіраўнік 10 класа Ірына Уладзіміраўна Занька, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жанна Васільеўна Ярашэвіч (яна не толькі дапамагала дзяўчатам, але і сама выступала ў якасці салісткі), педагог-арганізатор Юлія Анатольеўна Ваўчок.

Каб мерапрыемства ўдалося, нямала сіл патрацілі і работнікі СДК. Дырэктар СДК Вера Ваўчок увогуле не пашкадавала сродкаў і стала спонсарам конкурсу – набыла за свае грошы ўсім удзельніцам памятныя падарункі.

“Напэўна, многім падалося, што не было сярод удзельніц вострай барацьбы і інтрыг, але такой і мэты не было. Мы хацелі падарыць вяскоўцам радасны настрой, павіншаваць матуль і бабуль са святам 8 Сакавіка”, – сказала дырэктар СДК Вера Ваўчок.

Из рубрики