Інвалід 1-й групы чакае абяцанага больш за тры гады

Шмат у нас гаворыцца пра людзей працы, ветэранаў, якія аддалі сілы і здароўе на працоўным фронце, падчас святаў дзякуюць ім з трыбун, пішуць у газетах пра клопат і падтрымку. Перыядычна работнікі сацыяльных службаў, сельсаветаў ходзяць па хатах і высвятляюць іх патрэбы, пішуць справаздачы… Толькі, на жаль, іншы раз словы разыходзяцца са справай.

Інвалід 1-й групы Мікалай Адамавіч Крупеніч без дапамогі выехаць на дарогу не здолее
Інвалід 1-й групы Мікалай Адамавіч Крупеніч без дапамогі выехаць на дарогу не здолее / Фото: Пётр Гузаевский

Мікалаю Адамавічу Крупенічу з вёскі Хатынічы хутка будзе 75 гадоў. Больш за 43 гады ён адпрацаваў вадзіцелем на Ганцаўшчыне: пяць гадоў у СМУ на карчавальніку С-100 , 14 гадоў на машыне ў ПМК-7 і больш за 20 гадоў у родным калгасе ў Хатынічах. Только вось пра тое, што працаваў ён аддана, ужо забыліся.

Перасоўваецца ён на мыліцах і ў інваліднай калясцы. Вось толькі без дапамогі жонкі ці іншых людзей выехаць па пяску ад свайго дома на сваёй старэнькай калясцы ўгору на асфальт Мікалай Адамавіч не можа…

“Прасіў я дапамогі некалькі гадоў таму, калі дарогі рабілі і асфальт клалі, дык абяцаў старшыня сельсавета Перашчук зрабіць з’езд ад дарогі да брамкі. Ды так яго абяцанкі і засталіся пустымі словамі, – расказвае пенсіянер. – І зараз, калі нагадваю яму, дык ужо кажа: “Адамович, извини”.

Мікалай Крупеніч расказаў, што на вуліцы Пінскай з’езды парабілі і тым, хто толькі па заработках ездзіць, а вось да Раздзялавіцкай вуліцы, дзе ён жыве, чарга не дайшла.

Па словах жонкі Мікалая Адамавіча, калі прыязджала камісія з сацыяльных службаў, дык старшыня сельсавета да іншых інвалідаў завёў у хату, а да іх не паказаўся, бо дакладна ведаў, што людзям з раёна муж выкажа пра яго няспраўджанае абяцанне.

У народзе кажуць, што абяцанага тры гады чакаюць… У Хатыніцкім сельсавеце, відаць, іншыя правілы. І хоць зараз яшчэ ў яго ёсць нейкая надзея, што выканае абяцанне старшыня, але той веры, якая была раней, ужо няма. “Калі кіраўнік мясцовай улады не можа вырашыць такое пытанне, дык што ён тады можа? Каму верыць?”, – сказаў журналісту “ГЧ” Мікалай Адамавіч.

Из рубрики