Раку Лань аддадуць у арэнду

Экстранныя сходы ў вёсках Лактышы і Нача па пытанні здачы ў арэнду часткі ракі Лань адбыліся вечарам у аўторак 9 снежня. Пасля бурных спрэчак паміж жыхарамі Лактышоў і Начы са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Саланевічам жыхары згадзіліся падтрымаць ідэю кіраўніка раёна і тры кіламетры ракі здаць у арэнду Ганцавіцкай раённай грамадскай арганізацыі паляўнічых і рыбаловаў.

На сходах у вёсках Нача і Лактышы кіраўніку райвыканкама Аляксандру Саланевічу (злева) было вельмі складана пераканаць жыхароў у тым, што раку Лань трэба здаць у арэнду
На сходах у вёсках Нача і Лактышы кіраўніку райвыканкама Аляксандру Саланевічу (злева) было вельмі складана пераканаць жыхароў у тым, што раку Лань трэба здаць у арэнду / Фото: Пётр Гузаевский

Але згоду вяскоўцы далі з выкананнем умоў, якія кіраўнік абяцаў прапісаць у дагаворы арэнды. Участак Лані, які плануюць аддаць у арэнду, цягнецца ад шлюза каля вёскі Лактышы ў бок мяжы з Мінскай вобласцю.

Угаварыць лактышоўцаў і начанцаў Аляксандру Саланевічу было няпроста. Амаль усе людзі і ў Лактышах, і ў Начы былі настроены супраць таго, каб нехта гаспадарыў на рацэ, дзе жылі іх продкі, жывуць яны і будуць жыць іх дзеці (што не факт – прыкм. аўтара) і ўнукі. Сабраць экстранныя сходы, на якія, па словах кіраўніка раёна, ён быў вымушаны ехаць сам, прыйшлося пасля таго, як у мінулыя выхадныя работнікі Нацкага сельсавета арганізавалі збор подпісаў па пытанні арэнды часткі ракі Лань. Як высветлілася, людзям ніхто не растлумачыў, навошта сабраліся здаваць раку ў арэнду. Па словах старасты вёскі Нач Леаніда Пісарыка, у сельсавеце яму патлумачылі, што на арэнду прэтэндуюць Ганцавіцкая грамадская арганізацыя паляўнічых і рыбаловаў і нейкі індывідуальны прадпрымальнік з Ляхавіч. У Лактышах спісы для подпісаў паклалі у магазіне, а ў Начы іх збіралі некалькі чалавек, у тым ліку і стараста вёскі. Пад чым людзі падпісваліся – невядома. Былі толькі чуткі, што купіць раку і зямлю нейкі расіянін ці нейкая арганізацыя і ўваход для жыхароў на раку будзе закрыты.

“Людзям не патлумачылі, як трэба. Я і сам спачатку не разабраўся і быў супраць гэтай арэнды. Адкуль людзям ведаць, ці не забароніць арандатар і рыбу лавіць, і купацца – ён жа там гаспадарыць будзе. Як патлумачылі, тое і атрымалі», – сказаў стараста. Як сталя вядома “ГЧ”, са 112 подпісаў, якія людзі з двух вёсак усё ж паставілі, 28 было “за” і 84 – “супраць”.

Ратаваць сітуацыю ўзяўся сам старшыня райвыканкама. Тэрмінова былі скліканы сходы, каб патлумачыць яе сутнасць і тое, хто ад арэнды будзе мець карысць. Першы сход пачаўся ў 17 гадзін у Лактышах. Вяскоўцы ідэю з арэндай прынялі ў штыкі. Спакойнай размовы, на якую разлічваў А. Саланевіч, не атрымалася ні ў Лактышах, ні ў Начы. Разгарэліся такія дэбаты, што кіраўнік раёна не мог стрымаць эмоцый і іншы раз проста злаваўся і крыўдзіўся, бо з-за крыкаў жыхароў нічога не было чуваць.

Кіраўнік раёна спачатку спакойна тлумачыў, што займацца гэтым пытаннем пачалі з красавіка. Па яго словах, на Лань прыязджаюць сотні баранавіцкіх, мінскіх рыбакоў, вылоўліваюць рыбу, пакідаюць смецце. Ён гаварыў: “Два гады я ваяваў і бачу: парадку тут не навядзеш. Тут павінен нехта быць увесь час, каб не дапускаць п’янак і забруджвання ракі і прылягаючай тэрыторыі. Ды і людзі скардзіліся. Каб атрымаць дазвол на арэнду, прыйшлося у Мінску ў міністэрствах даказваць, што рэчка капалася і выпрамлялася штучна да «Дзікага возера». Рашэнне па арэндзе будзе прымаць аблвыканкам. І калі пра гэта дачуліся, то з’явіліся жадаючыя з іншых раёнаў узяць участак ракі ў арэнду.

Я лічу, што прыватніку не трэба аддаваць раку ў арэнду. Таму я прапанаваў гэта зрабіць грамадскай арганізацыі паляўнічых і рыбаловаў. Яе складаюць каля 400 чалавек з Ганцаўшчыны, і ім можна давяраць, бо яны не будуць шкодзіць сваёй прыродзе. Да таго ж, будзе створана два працоўныя месцы, дзе зможа працаваць нехта з Лактышоў ці Начы, хто будзе сачыць і падтрымліваць парадак на рацэ, збіраць білеты за рыбалку. Грошы, якія можна будзе зарабіць, будуць выкарыстоўвацца і на іх зарплату, і на добраўпарадкаванне. Трэба, каб на рацэ былі месцы для адпачынку, дзе будуць стацыянарныя прылады, каб юшку зварыць, шашлык пасмажыць. Калі пацяплее, то і альтанкі паставіць можна. Будзе прыгожа, прыемна і заўсёды прыбрана”.

Але вяскоўцы быццам не чулі довадаў і аргументаў Аляксандра Паўлавіча, які спрабаваў паказаць відавочныя перавагі арэнды.

“Хочаце бясплатна – карыстайцеся! З жыхароў вёсак Нача і Лактышы не будуць браць плату за рыбалку, а таксама і з унукаў вашых, якія прыедуць на канікулы. Гэта будзе ўсё прапісана ў дагаворы. Будуць прэтэнзіі – дагавор будзе скасаваны”, – пераконваў Аляксандр Паўлавіч.

Але яго словы, здавалася, разбіваліся аб непрыступную бетонную сцяну. “Ды нічога цяпер не зловіш, бо арыштуюць!” – пачуўся голас з залы. “Нас прадаюць! Дайце нам спакойна дажыць!” – крычаў хтосьці. “Можа мне, як ісці купацца, пашпарт браць? – пытала бабуля…. “Не трэба нам арэнда! Убярэм мы і самі!” – крычалі людзі ў зале.

“Я прыехаў, каб атрымаць вашу падтрымку і не думаў, што гэта пытанне сустрэнецца са сцяной неразумення. Я шмат дзе працаваў, але такіх непрабіваемых людзей не бачыў! Людзі, вы майце сумленне! Хто вас прадае?! Я за тры гады што-небудзь тут прадаў? Прабачце, я хачу для вас усіх зрабіць лепш, а тут выслухваю яшчэ і абвінавачванні! Мне крыўдна гэта чуць”, – не скрываў эмоцый А. Саланевіч.

Не маўчалі і жанчыны. “Гэта я напісала, што катэгарычна супраць арэнды. Летам лактышоўскіх дзяцей рыбакі абзывалі шчанюкамі і ганялі, не даючы купацца. Я так разумею, што калі ён, арандатар, стане гаспадаром, то ўвогуле можа не пусціць людзей, – сказала жыхарка в. Лактышы Іна Палазок. – Для чаго арандуецца ўчастак? Каб зарабляць грошы. А нас ужо цяпер ганяюць з ракі. Калі я не так разумею, вы растлумачце, чаму так”.

Выказваючыся супраць арэнды, вяскоўцы абедзвюх вёсак выказвалі прэтэнзіі ў адрас інпекцый аховы навакольнага асяроддзя і жывёльнага і расліннага свету. “З інспекцыі аховы прыроды прыязджаюць на раку. Не раз бачыў: не дай бог вясною два кручкі прывяжаш – штраф, а таго, што смецяць – не бачаць?!” – абураўся святар праваслаўнага прыходу айцец Дзмітрый.

“Праблема ў тым, што бяромся за многае, а нічога да канца не даводзім, вось у чым я сумняваюся. Я кожны раз прыходжу на раку і па два мяшкі смецця выношу, хоць і не рыбак”, – сказаў стараста вёскі Нача Леанід Пісарык.

Паразуменне ўсё ж адбылося. Жыхары Лактышоў і Начы падтрымалі прапанову здаць участак ракі Лань у арэнду, калі ўсе умовы пра бясплатную рыбалку для мясцовых жыхароў унясуць у пратакол, азнаёмяць з ім людзей. У верасні зноў прыйдзецца сабрацца і пагаварыць на сходзе, што атрымалася.

Из рубрики