Сельгаскааператывы Ганцаўшчыны маюць мільярдныя даўгі за электраэнергію

Пры свечках, лямпах і пры асвятленні ад бензінавых генератараў працуюць у гэтыя дні амаль ва ўсіх сельгаскааператывах Ганцаўшчыны спецыялісты праўлення СВК. З-за няўплаты за электраэнергію электрычнасць у адміністрацыйных будынках адключылі. Запазычанасць сельгаспрадпрыемстваў раёна за электраэнергію па стане на 9 студзеня 2015 года прыбліжаецца да 6 млрд рублёў.

На другім паверсе, дзе размяшчаецца праўленне СВК «Агарэвічы», электрычнага святла няма
На другім паверсе, дзе размяшчаецца праўленне СВК «Агарэвічы», электрычнага святла няма / Фото: Пётр Гузаевский

Спраўляюцца з плацяжамі толькі СВК “Будча”, СВК “Бярозавец” і СГВК “Любашава”. У апошняга доўг самы меншы – 205 мільёнаў рублёў. Астатнія не могуць аплаціць нават цякучыя плацяжы па выкарыстанай энергіі.

ААТ “Райаграсервіс”, якое павінна РУП «Брэстэнерга» Баранавіцкія электрасеткі» 1 млрд 84 тысячы рублёў за электраэнергію, у “спаборніцтве” даганяе СВК “Агарэвічы”. У гэтым калгасе таксама больш за мільярд даўгоў і менш усяго на 12 мільёнаў рублёў, чым у “Райаграсервісе”.

Старшыня калгаса “Агарэвічы” Анатоль Канановіч не скрывае складанага становішча, і выйсця іншага не бачыць, акрамя як спадзявацца на падтрымку дзяржавы альбо зніжэння цэн на энергарэсурсы, павелічэння цэн на сельгаспрадукцыю, што дазволіць паправіць фінансавае становішча сельгаспрадпрыемства. Па словах Анатоля Мікалаевіча, не толькі ў яго, а і ў многіх кіраўнікоў узнікае пытанне, чаму дызельнае паліва, якім запраўляецца у асноўным уся тэхніка ў калгасе, каштуе даражэй, чым бензін маркі А-95. “Нават у моцных гаспадарках іншых раёнаў зараз складаная сітуацыя і няма сродкаў, каб аплачваць электраэнергію, – сказаў старшыня. – Часова карыстаемся эканомным японскім генератарам, каб было асвятленне падчас нарадаў, ад яго працуе зварка і станкі ў майстэрні. Гэта пакуль вымушаная мера”.

Каб не спыніць вытворчасць, пакуль без перабояў электрычнасць ёсць толькі на фермах – бо гэта адзіная магчымасць зараз зарабляць грошы за прададзенае малако. У канторы бухгалтэрыя і эканамісты вымушаны з раніцы працаваць у цемры і чакаць, калі ў вокнах з’явіцца дзённае святло.

Прасвятлення чакаюць і калгаснікі, якія ходзяць на працу (некаторыя з іх зарабляюць усяго па 600-800 тысяч, а сельгаскааператыў даплачвае да мінімалкі). Новы трэнд зараз – пераход СВК у адкрытыя акцыянерныя таварыства. Усе калгасы ўжо правялі сходы і згадзіліся з гэтым. Пра гэта чытайце ў наступных нумарах “ГЧ”.

Плацельшчык доўг на 01.01.2015 выстаўлена за студзень аплачана ў студзені доўг на 09.01.2015
СВК «Адраджэнне» 641 422 459 44 118 630 0 685 541 089
СВК «Крышылавічы» 657 862 923 45 249 760 0 703 112 683
СВК «Хатынічы» 290 333 050 39 881 844 0 330 214 894
СВК «Агарэвічы» 1 002 126 506 82 750 091 0 1 084 876 597
СГВК «Любашава» 166 471 360 28 016 116 0 194 487 476
СВК «Бярозавец» 468 472 889 109 805 800 20 000 000 558 278 689
СВК «Будча» 131 047 910 73 966 097 0 205 014 007
СВК «Дубнякі» 921 876 217 73 410 595 0 995 286 812
ААТ «Ганцавіцкі райаграсэрвіс» 943 861 342 128 652 552 0 1 072 513 894
Усяго 5 223 474 656 625 851 485 20 000 000 5 829 326 141
Из рубрики