Уезд для адпачынку, спорту і інтыму небяспечны!

Небяспечныя пасткі для аўтамабілістаў, веласіпедыстаў і пешаходаў зрабіў невядомы зламыснік пры ўездзе ў лес, што знаходзіцца непадалёк ад аб’язной дарогі каля Ганцавіч. У карэнні дрэў, якія выступаюць на лясных дарожках, нехта наўбіваў шмат велізарных завостраных цвікоў.

У лесе, на з’ездзе з аб’язной дарогі, што  непадалёку ад гарадскога пляжу, у карэнні дрэў паўбіваныя завостраныя цвікі.
У лесе, на з’ездзе з аб’язной дарогі, што непадалёку ад гарадскога пляжу, у карэнні дрэў паўбіваныя завостраныя цвікі.

Аб гэтым у панядзелак на “гарачую лінію” “Ганцавіцкага часу” паведаміў ганцаўчанін, які папрасіў не называць сваё прозвішча.

“Мы з сынам часта прыязджалі сюды, каб прабегчыся па лесе, а вось зараз прыехалі, дык добра, што своечасова заўважыў, інакш пакалечыліся б. Цвікоў столькі многа, яны ў карэннях паўсюдна на ўсіх дарожках у радыусе кіламетра, – сказаў мужчына.

Чым думаў той прыдурак, які гэта зрабіў, невядома. Калі гэта раўнівец, які такім чынам помсціць жонцы ці любоўніку, то пра іншых людзей, асабліва дзяцей, якія могуць сур’ёзна параніцца аб завостраныя цвікі-двухсоткі, ён падумаў?! Хай бы сабе ў галаву такі цвік убіў бы! – выказаў па тэлефоне абурэнне мужчына.

Журналіст “ГЧ” пасля званка адразу выехаў на месца і на свае вочы пабачыў, што сапраўды нехта моцна пастараўся, убіваючы завостраныя цвікі, а на лясных дарожках налічыў іх як мінімум больш за 20 штук.

Мужчына расказаў, што некалі тут стаяла альтанка (руск. беседка), людзі прыязджалі сюды адпачываць. Яе разабралі, але і зараз гэтае месца ахвотна наведваюць ганцаўчане.

Літаральна за некалькі хвілін да таго, як сюды прыехаў аўтар артыкула, мужчына своечасова паспеў папярэдзіць траіх маладых людзей, якія збочылі на аўтамабілі ў лес, каб пасмажыць шашлыкі. Інакш праколаў шын ім было б не мінаваць. Дый аднаму хлопцу проста пашчасціла – праходзячы па дарожцы, ён-такі напароўся на цвік і наскрозь прабіў красовак, але велізарны цвік прайшоўся па ім збоку.

З дзясятак цвікоў нам удалося дастаць, некаторыя былі забіты так моцна, што лягчэй іх было да канца забіць у карэнне. Але ездзіць туды і хадзіць, а тым больш бегаць па лясных сцежках пакуль што там небяспечна.

Из рубрики