Зажынкі былі з ліўнем і навальніцамі

Раённае свята “Зажынкі”, якое прайшло ў аўторак 12 ліпеня на полі СВК “Цельшына”, дало старт гарачай пары для хлебаробаў Ганцаўшчыны. Праграма святкавання на гэты раз была скарочанай, бо праз паўгадзіны пасля пачатку лінуў дождж. Арганізатары шкадавалі, што не удалося рэалізаваць усё запланаванае, а людзі старэйшага пакалення  казалі, што калі на зажынкі ідзе дождж, то значыць будзе добры ураджай.

Фото: Юлия Матусевич

Ужо каторы год запар першыя кілаграмы ўраджаю пачынаюць прыбіраць менавіта на свята апосталаў Пятра і Паўла. Пачатак святкавання зажынкаў быў прызначаны на 14 гадзін. Амаль цэлы дзень свяціла сонейка, а бліжэй да поўдня на небе пачалі збірацца хмары.

“Часу у нас вельмі мала. Мы прасілі сорак хвілін, – з усмешкай сказаў старшыня райвыканкама, паглядаючы на неба. – Калі камбайны зажалі, трэба адпачыць. А каб адпачыць, трэба каб пайшоў дождж”.

Свята “Зажынкі” прайшло традыцыйна: жнейкі спявалі песні, жалі жыта сярпамі, а потым вязалі снапы. Першы сноп быў уручаны, як сказалі жнеі, галоўнаму гаспадару раёна – Аляксандру Саланевічу і гаспадару поля Аляксандру Амельяновічу, чые камбайны ў гэты дзень распачалі жніво, змалаціўшы па першай паласе збожжа.

Пачэснае права пачаць жніво 2016 года выпала камбайнерам Анатолю Амельяновічу, Сяргею Бабку, Івану Занька.

Па люсінскім звычаі Аляксандра Паўлавіча, нібы свата на вяселлі, навязалі тканым льняным ручніком. А потым надзелі ўсім старшыням гаспадарак вянкі, сплеценыя з каласоў і палявых кветак.

Па традыцыі жнеі ў такі важны дзень у знак павагі збіраліся падкінуць старшыню райвыканкама і кіраўніка СВК “Цельшына” на «ўра». Але мужчыны адказаліся, саслаўшыся на тое, што ўрачыстасць трэба паспець закончыць, пакуль не пайшоў дождж.

Багаты духмяны люсінскі каравай спрабавалі ўжо пад навесам, што быў непадалёк ад поля, бо пачала бліскаць маланка і пайшоў дождж. Быў ён такі шчодры! І калі сапраўды ўраджай будзе такім жа багатым, як ападкі ў гэты дзень, то без хлеба мы не будзем.

Из рубрики