Свята вёскі ў Дзяніскавічах: іграй гармонік – гуляй душа!
З размахам і пазітыўным настроем у мінулую суботу адзначылі свята вёскі дзяніскаўцы. Вяскоўцаў і гасцей удзельнікі свята сустракалі накрытымі рознымі кулінарнымі стравамі і песнямі сталамі.
Настаўнікі Дзяніскавіцкай сярэдняй школы, работнікі сельсавета, Дзяніскавіцкага сельгасучастка АТТ «Райаграсервіс», бальніцы сястрынскага догляду і іншыя прадстаўнікі арганізацый падрыхтавалі выставы з рознымі вырабамі таленавітых майстроў, частавалі гасцей дзяніскавіцкай юшкай з рачной рыбы, шашлыкамі і рознымі прысмакамі хатняй кухні.

Страў нарыхтавалі, як на вяселле. Не абышлося і без дзяніскавіцкіх рагалікаў. Гэтыя кулінарныя вырабы – свайго роду адметнасць вёскі. У вялікіх колькасцях іх выпякалі на вяселлі, і такіх рагалікаў, як у Дзяніскавічах, нідзе не пякуць. Тут ёсць свой адметны рэцэпт, і аўтар гэтага артыкула не адмовіўся ад гасцінца і ўладзіў пяток рагалікаў з чаем на травах.

У госці завіталі артысты з Вялікіх Круговіч, якія некалькі гадзін весялілі народ песнямі і сцэнкамі з народным каларытам. Але і дзяніскаўцы не адсталі: кожная арганізацыя паказала свое таленты. Хтосьці чытаў вершы, хтосьці спяваў і прытанцоўваў. І вяскоўцы выбралі лепшых народным галасаваннем праз найгучнейшыя апладысменты – прыз дастаўся калектыву Дзяніскавіцкай бальніцы сястрынскага догляду.
Пастараліся і работнікі мясцовага СДК, і работнікі ўстаноў, якія ёсць на тэрыторыі вёскі, і дапамаглі ў арганізацыі і правядзенні свята спонсары – мясцовыя бізнесмены і намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сарокаў, ураджэнец Дзяніскавіч, які на свята сваёй роднай вёскі прыехаў з падарункам.


Вёска Дзяніскавічы славіцца сваімі знакамітымі землякамі. Тут нарадзіліся, вучыліся і пайшлі ў свет, каб прыносіць карысць людзям, славутыя асобы: Іван Андрэевіч Гардзей – доктар біялагічных навук, загадчык лабараторыі храмасомнай інжынерыі раслін; Мікалай Мікалаевіч Цыбулька – намеснік начальніка дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, кандыдат сельскагаспадарчых навук; Алена Сцяпанаўна Швайка – старэйшы выкладчык і сакратар на кафедры лацінскай мовы ў беларускім медыцынскім універсітэце ў Мінску, аўтар сямі навуковых прац; Соф’я Фёдараўна Карпеня – кандыдат сельскагаспадарчых навук у Горкаўскай сельскагаспадарчай акадэміі; Пупач Міхаіл Юстынавіч – палкоўнік інжынерных войск; Берташ Іван Іванавіч – ваенны лётчык, палкоўнік; Пупач Марыя Канстанцінаўна – настаўніца гісторыі, якая стварыла гісторыка-краязнаўчы музей у Дзяніскавіцкай школе.
З ліку мнагадзетных павіншавалі: маці васьмярых дзяцей Галіну Савічну Дзенісеню; маці траіх дзяцей Вольгу Пятроўну Нагорную, Ірыну Яўгенаўну Пачасуй, Алену Васільеўну Швайко, Іну Феадосьеўну Зялёнка, Вольгу Уладзіміраўну Сукач, Крысціну Аляксандраўну Бондараву, Вольгу Сяргееўну Гаркавую. Не забыліся і пра імяніннікаў:
Мікалай Мікалаевіч Дзенісеня адзначыў 60-гадовы юбілей; Міхаілу Фамічу Сукачу споўнілася 63 гады; Фёдара Васільевіча Бруя павіншавалі з 70-годдзем. Узнагароджаны медалём за працоўныя заслугі Віталь Канстанцінавіч Карпеня – трактарыст лясніцтва. Арганізатары адзначылі і сямейныя пары: Іван Уладзіміравіч і Марыя Савельеўна Берташ пражылі разам 50 гадоў. З сярэбраным вяселлем павіншавалі Івана Барысавіча і Наталлю Мікалаеўну Берташ.
Нягледзячы на прахалоднае восеньскае надвор`е, людзі доўга не разыходзіліся і пасля свята. Пакуль гучала музыка, частаваліся прысмакамі і танцавалі.


«Канешне, цяпер людзей менш, чым раней, але і зараз прыйшло на свята каля паўтары сотні чалавек, – сказаў адзін з вяскоўцаў. – А гадоў 15–20 таму прыходзіла на святы па паўтысячы і болей людзей. Недарэмна Дзяніскавічы Кітаем называлі. Але ж мы спадзяёмся, што яшчэ прыйдуць часы, калі пойдзе зваротны працэс і моладзь будзе заставацца ў вёсцы, і загудуць Дзяніскавічы ізноў».
Пётр ГУЗАЕЎСКІ
Новости
- 18:35 Недостачу нашли в магазине, а наказали кадровика
- 17:56 Новые правила: изменения для строителей и инвесторов
- 11:25 Кофейни самообслуживания в Минске теряют привлекательность
- 18:00 17 миллионов в масла и сотни работников на рыбе. Что получилось в райцентре Глубокое Витебской области?
- 14:49 Белорусские водители начнут пользоваться новыми дорогами
- 12:03 В аграрном секторе и у строителей проблемы с зарплатами
- 13:25 Иркутск и Беларусь на пути к новому сотрудничеству
- 12:59 Зарплаты в Беларуси: Минск впереди, но разрыв растёт
- 19:01 Минск обновляет маршруты и растёт пассажиропоток
- 18:44 Владельцам доменов в Беларуси предстоят новые сложности