У вёсцы Ельня жывуць па-гарадскому, а працуюць – як вяскоўцы
Звычайна вясковая моладзьГанцавіцкага раёна, як і па ўсё Беларусі, хоча пераехаць жыць у горад. У вёсцы ж Ельня зваротная тэндэнцыя: некаторыя гараджане і жыхары з іншых вёсак раёна пераехалі жыць сюды. Што ж іх так вабіць у гэтай невялічкай вёсачцы? Пра гэта мы спыталі карэнных вяскоўцаў і перасяленцаў.
Фото: Cветлана Малышко
У Ельні жывуць 154 чалавекі, іх сярэдні ўзрост – 38 гадоў.
У вёсцы выгаднае геаграфічнае становішча, яна як бы “прыляпілася” да горада. Вось праходзіш апошні дом па гарадской вуліцы імя Праскурава, а праз якую сотню метраў ужо мінаеш знак з назвай вёскі Ельня і ступаеш на галоўную яе вуліцу – Калгасную.
Тое, што гэтая вёска не падобная да большасці ў нашым раёне, адразу кідаецца ў вочы. Шмат двухпавярховых будынкаў, машын, добраўпарадкаваныя падвор`і – так выглядае вясковы “мікрараён” (менавіта так называюць карэнныя жыхары тую частку вёскі, дзе моладзь атрымала надзелы і пабудавала свае дамы).

На галоўнай вуліцы вёскі жывуць у асноўным карэнныя жыхары, але і тут шмат прыгожых домоўладанняў. Прычым састарэлых хат амаль няма! Нават калі ў якой з іх даўно ўжо ніхто не жыве, яна ўсё роўна мае прыстойны выгляд.

Прыгажосць тут неверагодная, цішыня, якой так нестае іншы раз у горадзе, у паветры вітае водар расцвіўшых садоў і кветак. Дарогі на вясковых вуліцах такія, якім пазайздросцілі б многія жыхары з гарадскіх вуліц.
Пра гэтую вёску так і хочацца сказаць : “Я хачу тут жыць!”
Наталля Мышкавец: “Наша вёска – самая лепшая…”
Наталля Мышкавец з сям`ёй – мужам Дмітрыем і сынам Ілюшам пераехалі жыць у Ельню зусім нядаўна – гэтай зімой. Раней маладая сям`я здымала кватэру ў горадзе.

“Насамрэч мы не планавалі жыць тут, рашэнне пераехаць узнікла спантанна. Мы шукалі таннае жыллё, а ў горадзе на той час нічога прыдатнага для нас не было. І тут нам прапанавалі купіць гэты дом. Узялі крэдыт, купілі, і вось мы ў вёсцы! І ніколькі аб гэтым не шкадуем, бо тут – здорава!” – сказала Наталля.
Яна пералічыла перавагі вясковага жыцця: “Свая хата – гэта свая хата, і з ніякай кватэрай яе не параўнаць. Тут мы гаспадары, можна рабіць што хочаш, ніхто не пакрыўдзіцца, не будзе незадаволеных суседзяў. І для сына тут раздолле: хочацца бегаць – няхай! Нам цяпер не трэба пільнавацца машын… І гародніну ці садавіну сынок можа есці адразу з градкі ці з куста. Да таго ж, мы дыхаем чыстым паветрам, і лес паблізу… Ці ж гэта не добра?”
Такое жыццё для Наталлі і Дзмітрыя не ў навіну, бо яны абодва нарадзіліся і выраслі ў вёсцы: ён у Начы, яна – тут, у Ельні. Таму маладая мама радуецца, што яе сынок Ілья, якому толькі 1 год і 10 месяцаў, жыве паблізу ад бабулі.
“Можна хоць кожны дзень у госці хадзіць”, – усміхнулася яна. Тым болей што Наталля часта бавіць час адна з сынам, бо муж працуе ў Мінску і дома бывае толькі па выхадных.
Па гарадскім жыцці Наталля не сумуе, бо вось ён, горад, рукой падаць: да цэнтра Ганцавіч можна дайсці прыкладна за паўгадзіны ці нават менш. А калі ёсць веласіпед ці аўтамабіль, дык гэта наогул не праблема. Цывілізацыі, якую так шукаюць многія, уцякаючы з іншых вёсак у горад, у Ельні таксама хапае: амаль у кожны дом праведзены прыродны газ і водаправод.
І пры гэтым у кожнага вяскоўца тут – вялікі надзел. Ля дома Мышкаўцоў – 30 сотак. “Можна хоць у футбол гуляць, – пажартавала Наталля. – А калі сур`ёзна, дык мы тут сад пасадзім, агарод. І яшчэ пабудуем што захочам – на ўсё месца хопіць”.
Планаў на будучае шмат. І Наталля верыць, што ўсе яны ажыццявяцца, бо бачыць перспектыву развіцця вёскі Ельня.
“Гаварылі, што горад будзе пашырацца, будуць будаваць кааператывы. Але і цяпер моладзі тут шмат, яны будуюцца, купляюць старыя хаты, – сказала яна. – На мой погляд, у Ельню едуць жыць таму, што добра тут. Лепшай за нашу вёску нідзе, бадай, няма!”
Пра тое, што жыццё ў гэтай вёсцы даволі прывабнае для моладзі, гавораць цэны на хаты: яны каштуюць прыкладна па 8–10 тысяч долараў. Прычым гэта не цагляныя новабудоўлі, а састарэлыя хаткі, у якія яшчэ трэба ўкласці шмат сродкаў, каб давесці іх да ладу.

Сям`я Шыдлоўскіх: “У горадзе мы б не жылі, прапалі б…”
Шыдлоўскія – самыя старыя жыхары вёскі Ельня. Аліне Адамаўне 87 гадоў, яе мужу Уладзіславу Антонавічу – 84 гады. Яны пражылі ў вёсцы Ельня каля 60 гадоў.

Яны не ўраджэнцы Ельні. Уладзіслаў родам з суседняй вёсцы Пасекі. Аліна нарадзілася ў вёсцы Лапацічы Ляхавіцкага раёна. Пазнаёміліся яны на вяселлі ў сяброў , некаторы час сустракаліся, а потым і самі справілі шлюб і пераехалі жыць у Ельню.
Спачатку маладыя жылі ў маленькай хацінцы. Там было нязручна, холадна зімой, бо дзверы адразу выходзілі на ганак і марознае паветра выстуджвала хату.
“Неяк захварэў наш старэйшы сынок, думалі, не выжыве. А ён нічога, акрыяў, ды яшчэ які хлопец вырас!” – з гонарам сказаў бацька пра свайго першынца – сына Генадзя.
Пасля гэтага выпадку яны прынялі рашэнне будаваць вялікую хату. Тым болей, што родныя Уладзіслава, якія былі цеслярамі, прапанавалі дапамогу.
“Ой, цяжка-цяжка было будавацца, каб не дапамога, не ведаю, як справіліся б! Усё ўручную прыходзілася рабіць. Але вочы баяцца, а рукі робяць! Затое хутка мы перасяліліся ў сваю хату“, – сказала Аліна Адамаўна.
Ужо ў новай хаце ў Шыдлоўскіх нарадзіліся сын Станіслаў і дачка Марына. Старыя кажуць, што за справамі і клопатамі не заўважылі, як праляцелі гады. Дзеці даўно выраслі, у іх сваі сем`і.
Генадзь жыве ў горадзе Глыбокае Віцебскага раёна, працуе электраманцёрам ў электрасетках. Другі сын – Станіслаў – выбраў кар`еру ваеннага, цяпер палкоўнік у адстаўцы, жыве ў Санкт-Пецярбургу, на пенсіі настаўнічае. А дачка Марына далёка ад бацькоў не паехала, жыве таксама ў Ельні, разам з мужам пабудавалі тут хату. Яна працуе цырульнікам у Ганцавічах.
У Шыдлоўскіх сем унукаў і адзін праўнук. Яны ўсе вельмі любяць бабулю з дзядулем і часта бываюць у іх у гасцях. Амаль кожны дзень да старых прыходзіць дачка з малодшым сынам.
“Ведаю, што хутка павінны прыйсці, і сяджу ўжо, чакаю. Бачу ў акно – ідуць! Выходжу і сустракаю. І так радасна становіцца – добрых мы дзяцей выгадавалі, клапатлівых!” – сказала бабуля.

Не сказаць, што старым дваім сумна, справы ў іх заўсёды знойдуцца. Вечарамі збіраюцца разам і глядзяць тэлеперадачы і навіны. Бабуля любіць чытаць рэлігійныя журналы, што дачка купляе ёй пры касцёле. Гаспадар таксама без справы не сядзіць: вяжа венікі, пляце кашы з ракіты. А раней, калі рукі дужыя былі, рабіў бочкі і цэбры.
“Любім мы, старыя, працаваць. У горадзе ні за што б не жылі, прапалі б. Аднойчы паехала да сына ў Ленінград, дык ледзьве дзень там перабыла: шумна, дыхаць няма чым, людзі бягом-бягом спяшаюцца на працу, на вучобу, па іншых справах. Мы ж так не прывыклі…” – сказала Аліна Адамаўна.
Калі старым хочацца пагаварыць, размаўляюць паміж сабой, бо іх равеснікаў у вёсцы засталося няшмат.
“Паміраюць карэнныя жыхары, – сказала Аліна Адамаўна. – Старых можна па пальцах пералічыць. А вось моладзь прыязджае, я некаторых нават і не ведаю. Як застаецца хата якая пустая, дык адразу ходзяць і пытаюць, ці не прадаюць яе. Не трухлеюць у нас хаты без гаспадароў. А што ж, вёска ў нас добрая, каля горада недалёка, зручна. Чаму б і не жыць? У нас усё пад бокам, жыві і радуйся”.
А яе муж заўважыў: “Да нас у вёску ўцякаюць з горада тыя, хто любіць працаваць на зямлі. Хто з дзяцінства прывык працаваць, у нас не засумуе. Тут раздолле: хочаш – агарод садзі і корпайся ў ім, хочаш –ідзі па грыбы ці ягады ў лес, ён жа пабач, за агародамі. А мясціны ў нас грыбныя. Я калі дужы быў, кашамі дадому баравікі валачыў…”
“А ў горадзе ўсё ж лепей жыць, бо працаваць не трэба!“
Састарэлым жыхарам вёскі цяжка весці вялікую гаспадарку. Шыдлоўскія апошнія з усіх вяскоўцаў трымалі карову, збылі яе больш за дзесяць гадоў назад. Іх Раба была вельмі ручной, за гаспадаром хадзіла, як сабака.
“Мы гадоў тры адныя ў вёсцы карову трымалі. Я яе на ланцугу пасвіцца вадзіў. Памятаю, заб`ю калок, сяду і чытаю, а Раба ходзіць, пасецца. Як толькі пайду, бяжыць за мною, рвецца, не хоча адна заставацца“, – успамінаў гаспадар.
Шыдлоўскія кажуць, што сучасная вёска не такая, як раней. Маладыя не трымаюць кароў, тут амаль кожны мае машыну, а хаты стараюцца будаваць двухпавярховыя.

“Я не скажу, добра гэта ці дрэнна. Час іншы, і людзі іншыя. Маладыя жывуць не так, як мы, у іх іншыя інтарэсы, – сказаў Уладзіслаў Антонавіч. – Але я вельмі рады, што ім даспадобы нашая вёсачка, бо лепшай за яе няма нідзе! І калі моладзь будзе тут будавацца і жыць, то яна не згіне. А чаго болей жадаць?“
Новости
- 12:37 Жительница Барановичей заплатила мошеннику за беседку
- 12:04 РСЦ проверяет необычные показания счетчиков
- 11:51 Минфин снизит выплаты за драгоценные металлы населению
- 11:08 Райагросервисы банкротились, а теперь их восстанавливают. Что скрывается за успехом одного из лучших?
- 10:57 Владельцы участков начнут строить по новым правилам
- 19:31 Фейковые сайты заманивают школьников готовыми ответами
- 12:57 В Барановичах найденный ноутбук пытались сдать на детали
- 13:36 Bitget ограничит операции клиентов из Беларуси с 18 октября
- 13:28 Покупатели жилья могут закрепить условия сделки
- 13:24 Лесхозы предлагают домокомплекты от 20 330 рублей