Жыхарцы вёскі Дзяніскавічы восенню споўніцца 99 гадоў: яна перажыла вайну і дачакалася з фронта мужа
Ефрасіння Пупач з вёскі Дзяніскавічы звычайная вясковая жанчына. Яна ўсё жыццё адпрацавала ў калгасе, а цяпер жыве ў сям`і сваёй адзінай дачкі Ніны. Але і ў яе простым жыцці таксама былі пэўныя іскрынкі, успамінамі пра якія доўгажыхарка падзялілася з карэспандэнтам газеты.
Дасканалай даты свайго нараджэння Ефрасіння Васільеўна не ведае. У афіцыйных дакументах пазначаны верасень, але сама жанчына ўзгадвае, што некалі яе матуля казала, быццам бы яна нарадзілася на Піліпаўку, а гэта адрэзак часу з канца лістапада па снежань. Дня нараджэння доўгажыхарка не святкуе.
Калі Ефрасіння была яшчэ малая, то вучылася ў польскай школе, скончыла чатыры класы і атрымала пасведчанне. На гэтым навука яе спынілася: дзяўчына пайшла працаваць у калгас, а потым – яшчэ да пачатку вайны – выйшла замуж за Юльяна Пупача, старэйшага за яе на восем гадоў.
Маладыя былі разам нядоўга: мужа Ефрасінні забралі ў войска, а яна засталася жыць у доме свекрыві.
Пра час ваеннай акупацыі доўгажыхарка не любіць ўспамінаць, бо ў той час страх ніколі не пакідаў яе: баялася не толькі трапіць пад кулі, а і наогул на вочы варожым салдатам. Яна ўзгадала адну гісторыю з таго часу.
Калі аднойчы ішла з дому наведаць родную матулю, насустрач ёй ехалі немцы на машынах і матацыклах, якія потым спыніліся каля адной з хат. Ногі ў маладой жанчыны адзеравянелі, і яна не памятае нават, як дабегда да роднае хаты. А ўслед ёй несліся словы на незнаёмай мове…
Больш Ефрасіння так не рызыкавала, і старалася абысці ворагаў бокам.
Ефрасінні пашанцавала: яе муж вярнуўся з фронта. Але ж вайна зрабіла яго інвалідам: ён быў двойчы паранены. З-за інваліднасці працаваць цяжка не мог, а пенсіі атрымліваў усяго 7 рублёў. Таму ён пайшоў працаваць у калгас вартаўніком.
Ефрасіння ж працавала ў калгасе паляводам (усё жыцце на адным месцы) і нават пасля выхаду на пенсію яшчэ пэўны час не пакідала працу. Дастатку асаблівага ў іх не было, бо колькі можна было зарабіць у калгасе на працадні?
Каб мець які рубель, трымалі вялікую гаспадарку, прадавалі лішак з яе і адкладвалі грошы. Так, па капейчыне, яны назбіралі некалі аж 100 рублёў – вялікія грошы на той час. А вось на што іх патрацілі, жанчына не памятае. І больш такіх «велізарных» грошай у іх сям`і за ўсё жыццё не было.
ДА 90 ГАДОЎ САМА ПЯКЛА ПІРАГІ НА ВЯЛІКДЗЕНЬ
Пасля вайны ў Ефрасінні з Юльянам нарадзілася толькі адно дзіця – дачка Ніна. Доўгачаканую дачушку любілі і песцілі, асабліва бацька. Матуля была больш строгай, але Ніна заўсёды адчувала яе любоў да сябе. Цяпер дачка ўспамінае з пяшчотай, як на Новы год яе бацькі ладзілі велізарную ёлку да самай столі і ўпрыгожвалі яе куплёнымі дзіўнымі цацкамі.
Яны, пэўна, яшчэ засталіся на гарышчы ў матчынай хаце. Заўсёды на святы Ефрасіння пякла смачныя пірагі і пячэнне. Гаспадыня была такая спраўная, што пірагі ды караваі ў яе аднавяскоўцы заказвалі на вяселлі, провады ў армію.
Пакуль была дужай, аж да 90 гадоў жанчына сама на Вялікдзень выпякала фірменныя пірагі. Цяпер іх па матуліным рэцэпце пячэ дачка.
«Ніякіх сакрэтаў матуля мне не перадавала, але ж я заўсёды круцілася побач, калі яна замешвала цеста, падглядвала. Вось і ўся навука», – расказала Ніна Юльянаўна.
У ІХ ПЕРШЫХ У ВЁСЦЫ З`ЯВІЎСЯ ТЭЛЕВІЗАР «РЭКОРД»
У сям`і Пупач заўсёды любілі чытаць. Муж Ефрасінні выпісваў газету «Звязда», каб быць у курсе ўсіх навін. Ён першым з дзяніскаўцаў пазнаёміўся з тэлепраглядам. Каб падлячыцца, Юльян ездзіў у ваенны шпіталь у Бараўляны пад Мінскам. У шпіталі на калідоры стаяў тэлевізар, і хворыя заўсёды з задавальненнем глядзелі телеперадачы. І мужчына загарэўся ідэяй купіць сабе такі ж.
Дачушка Ніначка, якая хадзіла на той час у пяты клас, з захапленнем падтрымала бацьку. Яны тады закалолі свінню і прадалі яе на мяса, а за гэтыя грошы купілі «Рэкорд».
Ефрасіння ідэю мужа не падтрымлівала, бурчала: дзіва, колькі грошай марна патрацілі! Але хоць і шкада было грошай, насуперак не пайшла.
Калі тэлевізар паявіўся ў хаце, дык амаль што ўся вёска Еськавічы прыходзіла ў хату да Пупачоў, каб паглядзець тэлеперадачы.
Дачка Ніна ўспамінае, што калі яна прыбягала са школы, то хутчэй вучыла ўрокі, бо вечарам жа будуць глядзець тэлевізар, і натоўп суседзяў не дасць падрыхтавацца да школы як след.
«У нашу звычайную вясковую хату людзей набівалася, як селядцоў у бочку: сядзелі проста на падлозе і ў пакоі, і нават у сенцах, – успамінала Ніна. – Не кожны мог на той час тэлевізар набыць».
Той першы тэлевізар і да гэтага часу недзе стаіць у хаце Ефрасінні Васільеўны.
КАБ ЖЫЦЬ ДОЎГА І НЕ ХВАРЭЦЬ, ТРЭБА ПІЦЬ ЗЁЛКАВУЮ ГАРБАТУ
Сакрэтаў даўгалецця дзяніскаўка не ведае. Лічыць, што лёс наканаваў ёй шмат пажыць таму, што ў яе родзе ўсе былі доўгажыхарамі. Бацькі Ефрасінні дажылі да 90 гадоў, а яна вось іх нават перажыла. Ёй думаецца, што доўга жыве таму, што хваробы абыходзілі яе бокам, а яшчэ замест пакупной гарбаты яна ўсё жыццё піла зёлкавую – з лекавых раслін, якія збірала сама. Яна адзначыла яшчэ адзін нюанс: менш трэба думаць пра благое, бо калі чалавек радуецца жыццю, не наракае на яго, то і нягоды яго абыходзяць.
Новости
- 12:43 В Беларуси уточнили правила входа с питомцами
- 12:32 КГК выходит на ярмарку. В Брестской области объявлена охота на кривую морковку?
- 16:49 «Белтелеком» повысит тарифы для клиентов с ноября
- 14:57 В Минске мошенники использовали 11-летнюю девочку
- 12:37 Жительница Барановичей заплатила мошеннику за беседку
- 12:04 РСЦ проверяет необычные показания счетчиков
- 11:51 Минфин снизит выплаты за драгоценные металлы населению
- 11:08 Райагросервисы банкротились, а теперь их восстанавливают. Что скрывается за успехом одного из лучших?
- 10:57 Владельцы участков начнут строить по новым правилам
- 19:31 Фейковые сайты заманивают школьников готовыми ответами