Што такое каханне і ці ёсць яно?
У дзяцінстве ды ў ранняй маладосці кожны з нас марыць: вось вырасту, стану настаўніцай (доктарам, афіцэрам, шафёрам, лётчыкам...). Буду любіць дзяцей, яны – мяне, усе мае вучні будуць выдатнікамі... І абавязкова ў тых марах – вялікае-вялікае каханне. Абавязкова ўзаемнае. Абавязкова на ўсё жыццё. А ён – самы-самы...
І здаецца ў той час кожнаму, што гарызонт, за якім гэтае сапраўднае шчасце, усё бліжэй і бліжэй.
І вось мы ўжо дарослыя. Аднак аказваецца, выбралі не той інстытут, не тую прафесію. Сталі працаваць – пачаліся непаразуменні з калегамі, з начальствам. А тое вечнае, адзінае, вялікае-вялікае каханне? Разышліся праз тры (дзесяць, дваццаць…) гадоў пасля шлюбу. Выхавальніца ў дзіцячым садку скардзіцца на сына: маўляў, агрэсіі ў яго многа, крыўдзіць дзяўчынак. А дачушка патрабуе модныя боцікі, на якія ў нашым сямейным бюджэце не хапае грошай. Праблемы, праблемы…
Усё радзей і радзей памяць вяртае да мараў дзяцінства і маладосці. Гарызонт жа, да якога было рукою падаць, пачынае аддаляцца. І нарэшце наступае час, калі прыходзіць разуменне таго, што за яго так ніколі і не трапіш. А шчасце ж там – за гарызонтам…
Да цябе аднойчы, як адкрыццё, прыходзіць раптам: шчаслівымі мы былі ў дзяцінстве, у маладосці. Гэта былі “гады чысціні і надзеі, гады парыванняў і мрой” (Рыгор Барадулін). Мы былі маладыя, здаровыя. Тады так светла марылася, як ужо больш ніколі не маглі так марыць. Поўныя рамантыкі і надзей, бачылі вакол сябе толькі добразычлівых людзей. Не ведалі, што і ў людзях, і ў жыцці шмат чарнаты: зайздрасці, эгаізму, злых помыслаў…
Тады мы яшчэ не зведалі ніякага гора. Былі жывымі нашы таты і мамы, у многіх – бабулі і дзядулі. Яны любілі нас, мы – іх. Усё гэта было як штосьці вечнае, непарушнае, зразумелае. Самі мы былі чыстыя, светлыя, узнёслыя. І свет вакол нас, і ўсё ў гэтым свеце было цудоўным.
Толькі з цягам часу мы без ружовых акуляраў сталі глядзець на жыццё. А ў ім, як сказаў Віктар Шніп у сваім дзённікавым рамане, “… як у вялікай чарзе: могуць затаптаць“.
Але ж… Не трэба здавацца, не трэба кідацца ў песімізм, трэба знаходзіць у сабе сілы жыць, знаходзіць у паўсядзённым жыцці хоць маленькія радасці. Як сказаў мой літаратурны герой: “Трэба жыць, трэба верыць, трэба любіць“.
Новости
- 19:31 Фейковые сайты заманивают школьников готовыми ответами
- 12:57 В Барановичах найденный ноутбук пытались сдать на детали
- 13:36 Bitget ограничит операции клиентов из Беларуси с 18 октября
- 13:28 Покупатели жилья могут закрепить условия сделки
- 13:24 Лесхозы предлагают домокомплекты от 20 330 рублей
- 13:20 Дома со счетчиками расходуют меньше тепла
- 11:10 Клиенты банков могут терять деньги при обмене валюты
- 10:48 В Гомеле запретили набор мужских носков DeFacto
- 17:37 Родители детей с инвалидностью смогут отдохнуть: поможет пансионат
- 15:53 Мошенники убедили минского пенсионера продать квартиру