89-гадовы дзядуля з в. Гута год чакае сацыяльнага работніка

Пенсіянеру Аркадзю Уласеню прыходзіцца завіхацца па гаспадарцы самому, ці наймаць людей за грошы. Раней ён звяртаўся ў Нацкі сельсавет, каб далі чалавека ў дапамогу, але пакуль што праблема яго не вырашана.

Аркадзь Мікалаевіч Уласень, 89-гадовы стары з в. Гута
Аркадзь Мікалаевіч Уласень, 89-гадовы стары з в. Гута / Фото: [email protected]

Аркадзь Уласень аўдавеў  чатырнаццаць гадоў таму, дзеці і ўнукі параз’язджаліся, а наняты сацработнік памёр амаль год назад. Другога яму не далі.

Стары плоціць людзям, каб пакалолі дровы, дапамаглі пасадзіць агарод, каю абабралі вішні ці нарыхтавалі сена для коз…

«Трава вунь ужо пад вокны вырасла, ды хто за так скосіць? Я было крыху памахаў касой, але сілы ўжо не тыя, кінуў… Гэта раней я быў дужы і сам завіхаўся. Але ў гэтую зіму нагу выцяў, палена на бурку ўпала, вось і хварэю, кульгаю…І ў руках моцы былой няма», – распавёў дзядуля.

У весну ён сам рыдлёўкай ускапаў градку, на якой яму дапамаглі пасадзіць бульбу, моркву і буракі.

«Гэта ж не гектары, а ўсяго некалькі сотак. Зямля пры хаце не павінна пуставаць… Пакрыху корпаўся. Грошай на ўсё не стае», –  растлумачыў вясковец.

Пенсія ў дзядулі па цяперашніх мерках не маленькая, каля 400 рублёў. Аднак гэтыя грошы, па яго словах, хутка расходзяццца, жыве ад пенсіі да пенсіі.

Старшыня Нацкая сельвыканкама Ларыса Мышкавец патлумачыла, што пра гэтую праблему ведае, сацработніка Аркадзю Уласеню шукаюць, але пакуль што ніхто не падыходзіць: чалавек павінен быць у працаздольным узросце і нідзе болей не працаваць, жыць паблізу, каб у любы момант прыйсці на дапамогу пенсіянеру. Аднак у Гуце пражываюць у асноўным пенсіянеры…

«Мы канешне рады яму дапамагчы, проста цяпер няма як», – сказала Ларыса Дзмітрыеўна.

У Ганцавіцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва  патлумачылі, што да іх у арганізацыю Аркадзь Уласень асабіста не звяртаўся.

«Добра, што паведамілі, мы з ім у бліжэйшы час звяжамся, і калі дзядуля сапраўды хоча, знойдзем яму чалавека. Але ж не за так: у нас гэта паслуга платная, – сказала Таццяна Саладуха, кіраўнік ТЦСАН. – У любым выпадку, калі ёсць праблема, будзем яе вырашаць».

Пра тое, за што з 89-гадовага вяскоўца вылічылі 120 рублёў з пенсіі, можна прачытаць у газеце «Ганцавіцкі час» за 7 чэрвеня.

Из рубрики