
Ирина Домарацкая
Ганну Іосіфаўну я ведаю даўно, таму і сустрэліся як добрыя знаёмыя. Двор, агарод, хата жанчыны ў чарговы раз здзівілі чысцінёй. Хаця і пачала Іосіфаўна скардзіцца на здароўе, але не адступіла ад свайго прынцыпу: парадак павінен захоўвацца пры любых абставінах. Як сапраўдны “працаголік”, яна стараецца першай пасадзіць і прыбраць агарод, у якім пустазелля звычайна не знойдзеш і днём з агнём, затое кветкі зачароўваюць шматколернасцю з вясны да восені. Толькі ў апошнія гады здароўе стала падводзіць, і Ганна Іосіфаўна не трымае гаспадарку, а раней дык зацемна ўставала, каб дагледзець скацінку і птушку. І ягады ў свой час збірала спраўна, і грыбніком была зацятым. Ніколі не падабалася Іосіфаўне ў хвасце плясціся, любіць яна ўсё рабіць своечасова і на выдатна!
І не толькі дома, але таксама на рабоце. Таму, пэўна, і давяраліся ёй адказныя пасады.
За кубкам смачнай кавы мая субяседніца няспешна ўспамінае мінулыя гады, а я ўважліва слухаю. У маленстве Ганначка, адна з чацвярых дзяцей работніка лясной гаспадаркі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны — партызана, галадае ў лясным грамадзянскім лагеры. Сюды сям’я партыйнага актывіста ўцякла ад фашыстаў і здраднікаў. “Калі б тата нас тады не забраў у лес, нас бы ўжо не было,” — сумна ўсміхаецца жанчына і ўспамінае чэрвень 1944-га, калі савецкія салдаты гналі немцаў з беларускай зямлі. Вызваліцелі кармілі дзяцей кашай, а матуля не давала есці адразу многа — баялася, каб не паўміралі. І пасля вайны бывала голадна, елі нават траву. Бацька з фронту вярнуўся кантужаны.
Ганна Іосіфаўна нібы праводзіць мяне па вузкай любашаўскай вуліцы Варашылава з хацінамі, якія, здаецца, сагнуліся ад старасці. Сюды ў канцы 50-х гадоў пасля заканчэння Мар’інагорскага сельгастэхнікума прыехала на адпрацоўку Ганна Сманцар.
Разам з маладым аграномам мы “адпраўляемся” на палі калгаса “Будзённы” (цяперашні СВК “Любашава”). Тут вырошчваецца канопля, якую, калі прыходзіць пара, вяскоўцы ўручную рвуць, мочаць у Цне, сушаць, труць, а пасля здаюць дзяржаве. Тут як кінуць вокам хвалюецца мора густога льну, а кукуруза расце такая, якой цяпер не бывае нават у самыя ўрадлівыя гады. Магчыма, так расліны аддзячвалі людзям за цяжкую работу, калі садзілі, палолі і ўбіралі іх працавітымі рукамі, а не магутнай, але бяздушнай тэхнікай.
На памяці Ганны Іосіфаўны тры калгасы, што дзейнічалі ў Борках, Ганцавічах і Любашаве, аб’ядналіся ў адзін з гучнай назвай “Беларусь”. Адпрацаваўшы належнае, дзяўчына не з’ехала з раёна: у 1960 годзе выйшла замуж за мясцовага настаўніка, Юрыя Мікалаевіча Плотку, ды так і асела на радзіме мужа назаўсёды. Яго ўжо няма — загінуў у 1990-м, а яна жыве ў пабудаваным разам белым цагляным доме і згадвае шчаслівыя гады. Шчаслівыя і ў сям’і, і ў рабоце. Менавіта работа найбольш давала ўсведамленне таго, што Ганна Іосіфаўна патрэбна людзям. Яны адразу выбралі маладога калгаснага спецыяліста сакратаром камсамольскай арганізацыі. Пазней Ганна Іосіфаўна ўступіла ў КПСС. Яна і цяпер хавае партыйны білет і шчыра верыць, што калі б не чалавечы фактар, то жылі б мы дагэтуль у вялікай братэрскай сям’і — дружна, багата і прыгожа.
А тады, у 60-х, Ганна Плотка была адной з самых актыўных будаўніц сацыялізму. Асабліва калі яе выбралі старшынёй сельскага Савета. Цяжкасці не пужалі, хаця іх і было шмат. Ганна Іосіфаўна згадвае, як будавалі на яе памяці мясцовы сельскі Дом культуры, як не без яе ўдзелу разрасталася вёска: з адзінай вуліцы Варашылава, дзе стаялі “хата на хаце”, маладыя адсяляліся на новыя вуліцы.
“Будаваліся цяжка, — згадвае гады сваёй работы ў сельсавеце Ганна Іосіфаўна. — Дадуць нам усяго 80 кубаметраў лесу, а мне яго трэба размеркаваць на ўсіх жадаючых, спіс якіх вісіць ад столі да падлогі. Бывалі слёзы, просьбы, нават скандалы. Аднак і сёння ў мяне сумленне чыстае: я старалася быць справядлівай, не адступаць ад чаргі, не прапускаць тых, хто шукаў блат”.
Пазней Ганне Іосіфаўне прыйшлося папрацаваць на іншых адказных пасадах: намесніка старшыні па кадравай рабоце праўлення райпо, начальнікам аддзела кадраў у вайсковай часці ў Машуках. Паўсюль яна не проста спраўлялася з абавязкамі, а падыходзіла да работы творча, самааддана, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці арганізацый. Аб гэтым гавораць пасведчанні пераможцы сацыялістычных спаборніцтваў, шматлікія граматы аблспажыўсаюза, Ганцавіцкага райпо і кіраўніцтва вайсковай часці.
Не сядзелася без справы Ганне Іосіфаўне і на заслужаным адпачынку, у які пайшла ў 1993 годзе. Шмат гадоў узначальвала ветэранскую арганізацыю вёскі Любашава. У тым, што цяпер у Любашаве спыняюцца цягнікі, ёсць і яе заслуга. А яшчэ Ганна Іосіфаўна з’яўляецца шматгадовай актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці мясцовага СДК: і голас прыемны мае, і верш ці байку цікава расказаць умее, і кіруе аматарскім аб’яднаннем “Скарб”.
“Выручаюць мяне культработнікі і ўдзельнікі самадзейнасці, — расказвае Ганна Іосіфаўна. — Чатыры гады назад у снежні нагу зламала, дык ад душы мне дапамагалі: дровы насілі, печы тапілі, у хаце прыбіралі, нават у бальніцу вазілі. А потым, праўда, яшчэ кульгавую, і на сцэну выводзілі! Нават не ведаю, як бы я без іх справілася тады. Радня ж мая далёка жыве, дзеці таксама раз’ехаліся: дачка Святлана з сям’ёй у Расіі, у Кіраўскай вобласці, сын Ігар — у Баранавічах. У кожнага сваё жыццё. Хаця таксама паскардзіцца на іх не магу: прыязджаюць, праведваюць, часта тэлефануюць і дзеці, і ўнукі. У сына падрасла дачка-прыгажуня, у дачкі — сынок, які ўжо сам стаў сёлета татам. Так што я шчаслівая бабуля і нават прабабуля”.
У сённяшняе ўяўленне Ганны Іосіфаўны пра шчасце ўваходзяць таксама прыемныя гадзіны, праведзеныя з кніжкай, — яна з’яўляецца адным з самых актыўных чытачоў бібліятэкі. Дом жанчыны ўпрыгожваюць вышыванкі, карункі, выкананыя яе працавітымі рукамі. А яшчэ яго часта напаўняюць галасы людзей, якім да гэтага часу патрэбны спакой, дабрыня і мудрасць Ганны Іосіфаўны — яе галоўны жыццёвы здабытак.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More