
У маштабах гісторыі не так ужо шмат часу прайшло з тае пары, калі на прыхільнікаў адмены рабства і на тых, хто выступаў за роўныя магчымасці ў атрыманні вышэйшай адукацыі і ўдзелу ў галасаванні для мужчын і жанчын, глядзелі, быццам на вар’ятаў.
Сёння гэткім жа незразумелым позіркам кансерватыўнае беларускае грамадства суправаджае абаронцаў жывёл і ўсіх тых, хто па дабрыні душэўнай спрабуе адстойваць першаснае права братоў нашых меншых – права на жыццё.
З вуснаў рупараў дзяржаўнай ідэалогіі мы можам пачуць заявы пра «неіснуючыя правы жывёл» (Алег Раманаў, тэлеканал АНТ), а ў гаворцы затурканых шматлікімі праблемамі абывацеляў нярэдка праскоквае раззлаванае: «Ды што вы лезеце са сваімі жывёламі, калі ў нас да людзей нікому справы няма?»
У канчатковым выніку ўсе гэтыя рэплікі ілюструюць адну непрыгожую рэч: беларускае грамадства развучылася думаць. Проста думаць.
Не кажучы ўжо пра тое, каб распаўсюджваць працэс мыслення не толькі на свае вузкалобыя інтарэсы, але яшчэ і на навакольны свет.
Зусім нядаўна Палата прадстаўнікоў цяперашняга парламента прыняла ў першым чытанні законапраект «Аб абыходжанні з жывёламі».
Дарэчы, гэтай падзеі папярэднічала цэлае дзесяцігоддзе амаль беспаспяховай барацьбы абаронцаў жывёл за тое, каб закон усё ж такі абараняў апошніх, а не проста разглядаў іх як звычайную маёмасць альбо біялагічны аб’ект, які прыраўноўваецца да смецця.
Спрэчных пытанняў і некарэктных фармулёвак засталося мноства. А ў характары ўзаемадзеяння парламентарыяў з абаронцамі і спецыялістамі, якія працуюць з жывёламі, выразна прасочваецца фармалізм і пыхлівае чыноўніцкае нежаданне адэкватным чынам рэагаваць на патрабаванні людзей.
Самае галоўнае, што дадзены законапраект так і не фармулюе дакладную і эфектыўную мадэль вырашэння праблемы скарачэння колькасці безнаглядных жывёл.
Іншымі словамі, законапраект, стаўшы Законам, толькі пагоршыць сітуацыю, таму што:
1) жывёлы па-ранейшаму будуць проста-такі ў гіганцкіх маштабах знішчацца, да таго ж часцяком з выкарыстаннем забароненага ў большасці краін дытыліна;
2) такі варыянт скарачэння колькасці безнаглядных жывёл не толькі жорсткі і амаральны, але і сумніўны, бо пры дадзеным раскладзе папуляцыя мае ўласцівасць адносна хутка аднаўляцца;
3) ступень адказнасці за жорсткае абыходжанне з чатырохногімі застанецца сімвалічнай, а значыць, не толькі службы адлову, але і радавыя адмарозкі будуць практычна легальна тапіць, цкаваць і ўсяляк здзекавацца над тымі, хто загадзя слабей іх (дарэчы, цалкам верагодна, што ў гэты лік можа выпадкова патрапіць нават ваш хатні любімец);
4) утрыманне служб адлову будзе ўсё гэтак жа фарміравацца на падставе сродкаў падаткаплацельшчыкаў. І выдаткі на гэтае ўтрыманне будуць зусім не менш патэнцыйных выдаткаў на ўтрыманне прытулкаў;
5) і нарэшце, таму, што кожны з нас будзе па-ранейшаму падвяргацца рызыцы быць пакусаным агрэсіўным бяздомным сабакам і мець верагоднасць падхапіць блох ад бадзяжных катоў, бо праблема скарачэння колькасці безнаглядных жывёл так і не будзе вырашана!
На дадзены момант у Віцебску існуе адзіны ў рэспубліцы(!) дзяржаўны прытулак для жывёл, адкрыты, што не менш дзіўна, пры падтрымцы мясцовых уладаў.
Па словах дырэктара прытулка Наталлі Зубавай, губернатар і мэр асабіста наведвалі дадзены аб’ект і аказвалі ўсебаковае садзейнічанне праекту. А найбольш складанай праблемай застаецца нават не недахоп фінансавання (прытулак існуе выключна за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян), а коснасць мыслення нашага насельніцтва, адсталасць і дзікунства ў дачыненні да чацвераногіх.
У іншых гарадах краіны, асабліва на перыферыі, жывёл працягваюць адстрэльваць, забіваць электрычным токам, атрутамі, мяркуючы, што «так і трэба». У гэты жудасны канвеер смерці, што часам адбываецца прама на вачах дзяцей, нярэдка трапляюць і жывёлы, якія маюць гаспадароў.
Канцлагер для жывёл
У двухмільённым Мінску чыноўнікі на чале з мэрам М.А. Ладуцькам лічаць будаўніцтва аналагічнага прытулка «заўчасным». Ніякіх разумных аргументаў, які б падмацоўвалі такую пазіцыю, яны не прыводзяць, ківаючы толькі на тое, што ў сталіцы дзейнічае нібыта адпаведнае профілю прадпрыемства – «Фаўна горада». Аднак «Фаўна» – гэта не прытулак! Гэта пункт часовай ператрымкі, трапляючы ў які жывёла атрымлівае шанец захаваць жыццё, абмежаваны тэрмінам не больш за два тыдні.
А за права забраць з вышэйзгаданага пункта сабаку (у тым ліку і свайго, страчанага на вуліцы) грамадзянін павінен заплаціць пэўныя грошы «за ўтрыманне». Гэта толькі ў тым выпадку, калі ён паспее яго выкупіць перад тым, як сабака будзе прададзены для правядзення медыцынскіх вопытаў або падвергнуты ўсыпленню. І гэта з улікам таго, што дадзены канцлагер для жывёл цалкам фінансуецца з кішэняў падаткаплацельшчыкаў!
Наогул, «Фаўна» – гэта рэальны макет нашага грамадства ў мініяцюры, гэта адлюстраванне ўсіх нас, з нашай славутай, але несапраўднай талерантнасцю, з прыстасавальніцтвам, з прынцыпам «мая хата з краю», з няздольнасцю весці дыялог і нежаданнем адстойваць свае правы.
І калі б жывёлы маглі гаварыць, то мы б наслухаліся такога пра сябе, даражэнькіх, што вызначэнне «homo sapiens» варта было б адразу перагледзець з нагоды ягонай відавочнай неадпаведнасці рэчаіснасці.
Дзе “зарыты” сабака?
І яшчэ адна рэч, якая дзівіць: мы вельмі любім параўноўваць сябе з тымі, хто жыве горш за нас. Такі вось дурны спосаб падвышэння самаадзнакі. Дык чаму б не параўнацца з тымі, хто жыве лепш?
Чаму б не пачаць нарэшце думаць перад тым, як нешта будзе здзейснена, а не потым, сумна ўздыхаючы і прыгаворваючы: «харошая мысля прыходзіць апасля».
Чаму ж гэта адбываецца? Ды таму, што занадта шмат вакол абыякавых. Занадта шмат тых, хто не ў стане браць на сябе адказнасць, самастойна рабіць канкрэтныя крокі і прапанаваць дапамогу, тых, хто разважае прыкладна так: «мне няма калі вырашаць свае пытанні, а тут яшчэ нейкія жывёлы», «ды забярыце іх усіх сабе!”, “асабіста мне ЎСЁ РОЎНА як, галоўнае – прыбярыце адсюль гэтых катоў і сабак».
Вось тут і зарыты сабака (у фігуральным сэнсе, вядома). Гэта ключавая пазіцыя большасці, якой усё роўна. І таму нехта павінен прыйсці і ўсё зрабіць. За нас. І гэты нехта, трэба сказаць, прыходзіць. Спачатку ён штурхае нагой галоднае кацяня. Потым збівае дубінкай кволую дзяўчыну.
Усё гэта – звёны аднаго ланцуга, у які закутыя ўсе мы. Як саўдзельнікі і маўклівыя сведкі таго, што адбываецца. І калі мы будзем маўчаць і далей, значыць, заўтра прыйдуць ўжо за намі. З маўклівай згоды большасці, бясспрэчна…
Наш народ прывык маўчаць. А маўчанне, як сцвярджаў англійскі філосаф, гісторык і палітычны дзеяч Фрэнсіс Бэкан, гэта дабрадзейнасць дурняў.
Мы маўчалі, калі быў гвалтоўна разагнаны парламент і перакроена Канстытуцыя. Маўчалі, калі беларуская мова на афіцыйным узроўні пачала ператварацца ў поле для кпінаў.
Маўчалі, калі збівалі і кідалі за краты нявінных людзей. Маўчалі, калі незалежнасць краіны стала выменьвацца на сумніўныя кароткатэрміновыя дывідэнды для вузкага кола прывілеяваных асоб.
Мы традыцыйна маўчым і ў адказ на абсурдны прысуд А. Бяляцкаму – чалавеку, які многія гады свайго жыцця выдаткаваў на абарону нашых правоў. Нават акцыі пратэсту ў нас з нязменным атрыбутам – маўчаннем.
Таму дзе ўжо нам падаць голас у абарону істот, якія па волі прыроды размаўляць не могуць.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More