
Виталий Герасименя
У многія кватэры ганцаўчан сёння прыемна зайсці: радуюць багата і з густам аздобленыя пакоі, у якіх зроблены шыкоўны рамонт. Відаць, што не шкадуюць людзі грошай на стварэнне ўласнага камфорту. Вось толькі ці ўсе клапоцяцца і аб камфорце іншых жыльцоў дамоў, асабліва тых, хто жыве на першых паверхах? Не, не ўсе. Інакш бы не парушаліся правілы карыстання жылымі памяшканнямі, не выкідвалася б непатрэбнае ва ўнітаз.
“Іншы раз чаго толькі не знойдзеш у каналізацыйных стаяках і трубах: прадметы асабістай гігіены, харчовыя адходы, газеты, анучы, іншыя рэчы!” — заўважыў майстар участка ВіК КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ” Леанід Кісялевіч. Дырэктар ПУП па аказанні паслуг “МікраСетка” Аляксей Лагвіновіч прывёў канкрэтны прыклад: нядаўна работнікі яго прадпрыемства чысцілі каналізацыю дома № 51 па Кастрычніцкай. У выніку з каналізацыйных труб, акрамя рознай дробязі, дасталі… некалькі кашоў парэзаных яблыкаў, памперсы, вялізныя анучы і два кавалкі тынкоўкі, якія заклінілі каналізацыю. “Акрамя таго, спрабуючы самастойна ліквідаваць праблему — прачысціць трубы — жыльцы прабілі іх ломам”, — дадаў Аляксей Пятровіч.
У сітуацыях, калі засмечваецца каналізацыя, вінаватых знайсці хоць і можна, але складана. Чаму цяжка бывае гора-гараджаніну выкінуць смецце ва ўстаноўленыя ў дварах кантэйнеры ці машыны-смеццявозкі, няхітраму розуму наўрад ці зразумець. Можа, каб не было калі сумаваць без работы камунальнікам? А так ім то каналізацыю ў кватэрах трэба чысціць, то з падвалаў дамоў бруд адкачваць. Увогуле, па словах майстра ўчастка ВіК жыллёва-камунальнай гаспадаркі Леаніда Кісялевіча, чысціць каналізацыю рабочыя прадпрыемства выязджаюць амаль кожны дзень. Найбольш выклікаў паступае з дамоў № 30 па вуліцы Арлоўскага, № 30, 32 па Кастрычніцкай, № 35 па Паркавай, № 3 па вуліцы Будаўнікоў. Леанід Трафімавіч засяродзіў увагу на тым, што асабліва многа «каналізацыйных» праблем ствараюць жыхары новых жыллёва-будаўнічых кааператываў, якія пабудаваны па вуліцах Заводскай і Будаўнікоў. «Атрымліваецца, многія проста не ўмеюць карыстацца каналізацыяй!» — прыходзіць спецыяліст да высновы.
Магчыма, на самай справе некаторыя жыхары думаюць, што калі ўдалося змыць смецце ва ўнітаз, дык труба ў 110 міліметраў (менавіта такі дыяметр труб унутранай разводкі, згодна са стандартамі) глыне гэта і не падавіцца! Аднак яны не ўлічваюць, што труба не паўсюль ідзе вертыкальна: ёсць у яе гарызантальныя ўчасткі, ухілы, загібы, якія не разлічаны, што ў іх трапіць нешта яшчэ, акрамя вады і рэшткаў жыццядзейнасці чалавечага арганізма. У выніку няправільная эксплуатацыя каналізацыі ў дамах часта прыводзіць да таго, што ўсё “дабро”, якое павінна адводзіцца каналізацыйнай сістэмай у спецыяльныя месцы, разліваецца і распаўсюджвае непрыемныя пахі ў тэхнічным падвале дома. Зразумела, прычынай гэтага могуць быць і тэхнічныя няспраўнасці інжынерных сістэм. Аднак яны, па назіраннях камунгасаўцаў, складаюць не больш за 10 працэнтаў ад усіх прычын засмечванняў каналізацыі.
Ці можна якім-небудзь спосабам змагацца з засмечвальнікамі каналізацыі? Некаторыя, напрыклад, ставяць рашоткі ў стаяках над сваімі паверхамі. Аляксей Лагвіновіч не раіць так рабіць. Магчыма, на некаторы час гэта дапаможа: сусед зверху даведаецца, адумаецца, перастане выкідваць непатрэбнае ва ўнітаз. Але праз некаторы час дзіркі рашоткі заб’юць валасы і тлушч, прыйдзецца яе чысціць. А магчыма, суседскі каналізацыйны патоп “працурчыць” і па столі ды сценах таго, хто жыве ніжэй.
“Як людзі не цэняць свае грошы! Нават калі хочуць зрабіць шкоду суседу, дык у выніку шкодзяць сабе!”— здзіўляецца Аляксей Пятровіч і прыводзіць у прыклад жыхароў таго ж 51-га дома па Кастрычніцкай, якім за прачыстку каналізацыйных труб ва ўсім доме і вываз смецця прыйшлося заплаціць больш за 6 мільёнаў рублёў. І гэта яшчэ няшмат, запэўнівае спецыяліст, у вялікіх гарадах плацяць значна больш. Работа гэта мала што цяжкая, дык яшчэ і шкодная. Нягледзячы на тое, што рабочыя працуюць у спецадзенні, пальчатках і рэспіратарах, іншы раз яны падхопліваюць хваробы — як гэта здарылася і з адным рабочым, які пазбаўляў смецця названы дом па Кастрычніцкай.
Што датычыцца кватэры № 22 ў доме № 5 па вуліцы Заводскай, дык, па словах яе гаспадыні, Святланы Карпені, каналізацыю ім-такі прачысцілі. Толькі ці надоўга? Два гады назад засялілася сюды яе сям’я, у якой выхоўваецца чацвёра непаўналетніх дзяцей. З таго часу каналізацыйныя праблемы іх не пакідаюць. Магчыма, кіраўніцтву ЖБВК варта паспрабаваць вырашыць праблему больш кардынальна: выклікаць спецыялістаў, якім заплаціць немалыя грошы. Зразумела, з кішэнь саміх жыльцоў. Тады тым, хто паскудзіць, будзе прасцей зразумець, што камфорт суседзяў — гэта і іх камфорт таксама, і перастаць засмечваць каналізацыю.
Вінаватага можна пакараць. Але спачатку яго трэба знайсці…
Каментарый юрыста Аляксея Чэрнікава:
Артыкул 21.16 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае адказнасць за парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі або ўтрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылога дома, канструктыўных элементаў і інжынерных сістэм. Правілы карыстання жылымі памяшкання, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылога дома ў Беларусі (Загад Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі РБ ад 07.12.1999 г. № 177) вызначаюць абавязкі карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылога памяшкання.
Наймальнікі і ўласнікі абавязаны захоўваць вышэйназваныя правілы і захоўваць у жылых і дапаможных памяшканнях інжынерныя сістэмы, да якіх належыць і каналізацыйнае абсталяванне. У адваротным выпадку парушальнікі, вінаватыя ў засмечванні, могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 21.16 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за незахаванне правілаў карыстання каналізацыяй, у прыватнасці, санітарным вузлом.
Як прычыны, па якіх былі пашкоджаны інжынерныя сістэмы, так і фізічных асоб, што дапусцілі парушэнні Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, якія прывялі да пашкоджанняў, высвятляюць работнікі жыллёва-камунальнай службы. Пры гэтым у такой сітуацыі не патрэбна даказваць сістэматычнасць незаконнага дзеяння: каб прыцягнуць фізічную асобу да адміністрацыйнай адказнасці, дастаткова ўстанавіць нават адзінкавае парушэнне Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі.
Тры важныя “нельга”
1. Нельга выліваць ва ўнітазы, ракавіны і ўмывальнікі лёгкаўзгаральныя вадкасці і кіслоты.
2. Нельга кідаць ва ўнітазы пясок, будаўнічае смецце, анучы, прадметы асабістай гігіены (акрамя туалетнай паперы), шкло, косці, металічныя і драўляныя прадметы, скідваць харчовыя адходы.
3. Нельга карыстацца ракавінамі, умывальнікамі, унітазамі, пральнымі і пасудамыечнымі машынаміда ўстаранення затора, які стварыўся ў каналізацыі. Для ліквідацыі праблемы варта звяртацца да работнікаў эксплуатацыйных служб.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More