
ДЗЯДЫ І БАЦЬКІ ПАЭТА
Некалькі год таму я прыйшоў у Дом малітвы малкавіцкай царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў, доўга стаяў у памяшканні, якое нагадвае праваслаўны прыдзел, і чакаў, калі скончыцца служэнне і я змагу ўбачыць Аляксея Піліпавіча Лагвіновіча і даведацца пра ягонага брата – паэта Івана Лагвіновіча. Бо звестак аб радаводзе паэта яшчэ нідзе не даводзілася сустракаць.
Мы ішлі з Аляксеем Піліпавічам па галоўнай малкавіцкай вуліцы. Ён мне апавядаў, а я на хаду запісваў. Аляксей Піліпавіч, у адрозненне ад свайго брата Андрэя, аказаўся чалавекам іншай натуры і гаварлівым. Андрэй Піліпавіч, калі я прыйшоў да яго ў двор і папрасіў пагаманіць са мною пра ягонага брата-паэта, спаслаўся на неадкладныя справы.
…Ідзём мы па гэтай вуліцы, якая дагэтуль носіць назву Савецкай, і Аляксей Піліпавіч кажа: “Вось тут быў пляц Мікалая Лагвіновіча (для цікаўных: там, дзе стаіць дом 112 – заўв. аўтара), а вось тут – пляц каваля Хілютыча (дом 149)”. Я занатаваў, што паэтаў дзед Мікалай быў сіратой і працаваў у малкавіцкага каваля Хілютыча (цяпер часцей пішуць гэтае прозвішча як Хілюціч). Калі Мікалай Лагвіновіч пасталеў ды ажаніўся, пан даў яму асобны надзел. З першаю жонкаю было ў Мікалая трое дзяцей: сыны Кірыла і Даніла, а таксама дачка (яе імя Аляксей Піліпавіч не помніў). Другі раз Мікалай Лагвіновіч ажаніўся з люсінкай Таццянай (яе дашлюбнае прозвішча Аляксею Піліпавічу не запомнілася). Таццяна нарадзіла Мікалаю Лагвіновічу двух сыноў – Андрэя і Піліпа, бацьку нашага паэта. Нарадзіўся Піліп у 1891 годзе. Калі яму было 12 ці 14 гадоў, бацька ягоны памёр. Андрэй ажаніўся і ўзяў малодшага брата да сябе.
Яшчэ Аляксей Піліпавіч паказаў мне, дзе быў пляц Клішэўскіх, – на той жа вуліцы Савецкай, дзе цяпер дом 155. З Клішэўскіх паходзіла жонка Піліпа Мікалаевіча Лагвіновіча – Тэкля Міхайлаўна.
Піліпа і Тэклю вянчалі ў малкавіцкай царкве пасля таго, як хлопец адслужыў у царскім войску (дарэчы, у Вільні) і быў звольнены ў запас. (Думаю: а раптам у царкоўных кнігах захаваўся запіс пра гэтае вянчанне?)
Пажыць доўга цывільным жыццём царскаму салдату Піліпу Лагвіновічу не ўдалося. Неўзабаве тры імператары развязалі Вялікую еўрапейскую вайну, якую пазней сталі называць Першай сусветнай, а ў нашай старане людзі доўга называлі Мікалаеўскай (у “гонар” цара Мікалая ІІ). Да вайны ў Піліпа і Тэклі нарадзілася дачка. Яшчэ адну дачку Тэкля нарадзіла ў час вайны. Абедзве дзяўчынкі памерлі.
Піліп Лагвіновіч, як салдат навучаны, адразу трапіў на фронт. Ваяваў у Прусіі. Як там разгортваліся ваенныя падзеі, пра тое чытайце ў “Августе Четырнадцатого” Аляксандра Салжаніцына. Аляксей Піліпавіч, апавядаючы пра бацьку, адзначыў, што служыў ён пры сцягу палка. Якога палка – пакуль што невядома. У чыёй арміі – генерала Паўля-Георга Рэнэнкампфа ці генерала Аляксандра Самсонава – ваяваў наш зямляк, таксама невядома. Затое вядома, што Піліп Лагвіновіч трапіў у палон да немцаў.
З лагера для ваеннапалонных практычныя немцы адправілі Піліпа Лагвіновіча да галандскай мяжы – на завод Крупа. Мо яшчэ высветліцца, дзе канкрэтна быў той завод, на якім наш зямляк і яго таварышы пракатвалі рэйкі і рабілі дрот (пэўна ж, калючы, для фронту). Там, на заводзе, трое палонных ці не ў 1915-м згаварыліся ўцячы з палону. Дамовіліся – зрабілі. З нейтральных Нідэрландаў царскія салдаты перабраліся ў Нарвегію, з нейтральнай Нарвегіі – у саюзную Брытанію, а з Брытаніі – у зноў-такі нейтральную Швецыю. Са Швецыі Піліп Лагвіновіч трапіў у Фінляндыю, якая належала тады Расіі, а з Суомі дарога прывяла яго ў Петраград. Як і належала тады па закону, Піліпа Лагвіновіча ўзнагародзілі за ўцёкі з палону медалём. Ніякага табе фільтрацыйнага лагера, ніякага СМЕРШу. Такія вось былі парадкі ў той час – не тое, што пры “народнай” савецкай уладзе. Мала таго, былога палоннага Лагвіновіча з належнымі паперамі адправілі з Петраграда не ў штрафбат і не ў Сібір, а на Каўказ – у адпачынак, папраўляць здароўе.
На Каўказе Піліпа заспела Вялікая рэвалюцыя, якую бальшавікі перайменавалі ў Лютаўскую. А да дзён кастрычніцкага дзяржаўнага перавароту, які бальшавікі пазней перайменавалі ў Вялікую ды яшчэ сацыялістычную рэвалюцыю, Піліп Лагвіновіч быў ужо ў родных Малкавічах, у абдымках сваёй Тэклі.
БРАТЫ І СЁСТРЫ
Мы ідзём далей па малкавіцкай вуліцы, і Аляксей Піліпавіч апавядае мне пра тое, як у 1922 годзе ў іх сяло прыйшлі “благавеснікі” – баптысцкія прапаведнікі з Задуб’я: Піліп Амерыканец ды іншыя. Я маўчу, не кажу, што Піліп – родны брат маёй прабабкі, што Амерыканец – яго мянушка, а сапраўднае прозвішча – Сідарэвіч. Мне важна больш даведацца пра сям’ю Івана Лагвіновіча, аб радаводзе паэта.
Аляксей Піліпавіч нічога не расказаў мне пра тое, як жылося-вялося яго бацькам у час вайны за Беларусь, калі падзеі імгненна змяняліся: то ўстанавіліся самыя першыя саветы, то прыйшлі немцы, затым зноў саветы, пасля палякі, яшчэ раз саветы і нарэшце – на 19 год – зноў палякі. На другі год савецка-польскай вайны за Беларусь – у 1920 годзе – нарадзілася ў Піліпа і Тэклі Лагвіновічаў дачка Ганна, у 1924-м з’явіўся на свет ён, Аляксей, а за ім яшчэ два хлопцы – Карней (1928) і Аўрам (1930). Пасля іх прыйшлі на свет Паўліна (1933), чыё імя мы сустрэнем у вершах паэта, і Андрэй (1936).
Пасля нараджэння Андрэя, у 1937 годзе, сям’я Лагвіновічаў перабралася з Малкавіч ва ўрочышча Запрапасць. На хутар Лагвіновічы выбраліся без камасацыі – звядзення сялянскіх земляў у суцэльныя ўчасткі (хутары ці водрубы). Паводле закона Польскай Рэспублікі, ліквідацыя цераспалосіцы праводзілася адначасова з парцэляцыяй – драбненнем панскіх уладанняў. У пана павінна было заставацца не больш як 180 гектараў зямлі. Рэшту ён мусіў падзяліць сам ці пры дапамозе дзяржавы. Вядома, тыя парцэлы (дробныя ўчасткі) прадавалі сялянам за грошы, часта ў доўг.
Шкадую, што не спытаўся ў Аляксея Піліпавіча, чые ляды (паляны сярод лесу, якія выкарчоўвалі для патрэб земляробства) былі ў Запрапасці – панскія ці дзяржаўныя. Затое ўспомніў, што слова “ляда” часта сустракаецца ў творах паэта і нават адзін зборнік яго вершаў мае загаловак “Ляда юдолі”.
Карчавалі Лагвіновічы ніўкі не толькі ў Запрапасці – у Грушэцкім і іншых урочышчах.
Слухаў Аляксея Піліпавіча і думаў: колькі такіх нівак было ўроблена, акультурана нашымі дзядамі-прадзедамі і колькі іх змарнавалі бальшавікі. У ваколіцах Малкавіч, Задуб’я, Яловай я мог бы наладзіць вялікую экскурсію па закінутых і зарослых дзікім лесам хутарах. Спадзяюся, нехта з краязнаўцаў яшчэ напіша пра гэтае варварства.
ДА БІЯГРАФІІ ПАЭТА
На хутары ў Запрапасці і нарадзіўся 16 студзеня 1940 года Іван Лагвіновіч. Гэта было ўжо пры Саветах. Нараджэнне дзіцяці дастаткова было зарэгістраваць у сельсавеце. І бацькі Івана не палічылі патрэбным, каб іх самага малодшага хрысцілі ў праваслаўнай царкве.
Я забыў адзначыць, што праца прапаведнікаў новай веры дала свой вынік на пачатку 1930-х. Аляксей Піліпавіч казаў, што баптысцкая царква была заснавана ў Малкавічах у 1933-м ці то ў 1934 годзе. Піліп Лагвіновіч ахрысціўся паводле баптысцкага абраду ў 1935-м. Зноў жа: магчыма, нехта некалі напіша гісторыю гэтай царквы. А наш паэт, Іван Лагвіновіч, у чыіх творах вельмі моцныя хрысціянскія матывы, жыў няхрышчаным да вельмі саліднага ўзросту. Яго марай была беларуская царква. У адным з вершаў ён прасіў:
…калі я памру,
над маёю магілай БЕЛАРУСКІЯ песні спявайце.
На жаль, ні ў маім Задуб’і, ні ў Малкавічах беларускай царквы не было і няма. Беларуская царква знайшлася ў Баранавічах, дзе Іван Лагвіновіч жыў свае апошнія без малога 19 год. Таемства хросту паэту ўдзяліў грэка-каталіцкі святар айцец Яўген Маліноўскі. Ён жа і адпяваў свайго парафіяніна на Красуні ў Малкавічах.
Не магу не ўтрымацца, каб не адзначыць некалькі фактаў. Айцец Яўген Маліноўскі – не толькі святар; ён яшчэ і кандыдат псіхалагічных навук. Дык вось, гэтаму кваліфікаванаму спецыялісту не знайшлося працы ў Баранавіцкім універсітэце, выкладае ён у Мінску. Тое ж і з нашым земляком, двойчы кандыдатам навук Анатолем Трафімчыкам. З Баранавіч ён мусіў перабрацца ў Мінск. І не гаруе.
Аляксей Піліпавіч Лагвіновіч расказаў мне шмат цікавага пра жыццё-быццё ў Запрапасці падчас апошняй вайны, калі яго самы малодшы брат Іван падрастаў і пачаў задаваць пытанні “адкуль, з чаго дзе што бярэцца, вось гэта, тое як завецца” (Якуб Колас). Так мы дайшлі б і да школьных гадоў паэта, але мне трэба было ехаць у Задуб’е, а Аляксея Піліпавіча чакалі дома. Развітваўся я з ім з думкаю пра наступную сустрэчу. І ўсё ніяк не ўдавалася мне выбрацца ў родную старану. Калі ж на пачатку гэтага года я пазваніў былому дырэктару Малкавіцкай школы Мікалаю Піліпавічу Сайку, дык пачуў ад яго, што Аляксей Лагвіновіч памёр.
Спадзяюся, што сёлета мне ўдасца прыехаць у Малкавічы. Яшчэ жывуць людзі, якія добра ведалі малога і маладога Івана Лагвіновіча, якія разам з ім хадзілі ў школу, разам гулялі. І мае звесткі да біяграфіі паэта папоўняцца. А што яго біяграфію трэба пісаць – гэта бясспрэчна. Бо наш зямляк – паэт добры, цікавы і таленавіты.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More