Бярозавы сок бясплатна ці за грошы – кожны вырашае сам

Нарыхтоўка бярозавага соку ў лясгасах ўжо пачалася. У кожным лясніцтве любы жадаючы можа бясплатна нарыхтаваць сок самастойна на спецыяльна адведзенай дзялянцы. Каму не хочацца падсочваць бярозы самому, дык сок можна купіць.

Вядучы інжынер па якасці Ганцавіцкага лясгаса Кацярына Андрэюк расказала “ГЧ”, што, каб бясплатна наспускаць соку, чалавек павінен звярнуцца ў лясніцтва. У кожным лясніцтве адведзены дзялянкі як для прамысловай нарыхтоўкі соку, так і для самастойнага падсочвання бяроз насельніцтвам.

“Чалавека зарэгіструюць, раскажуць, як правільна падсочваць, пакажуць месца, дзе можна спускаць сок. І ён будзе займацца яго нарыхтоўкай самастойна. Усё гэта бясплатна”, – патлумачыла спецыяліст.

Ёсць і другі варыянт: калі няма часу займацца падсочкай самому, то бярозавы сок можна набыць за грошы. Кошт аднаго літра – 12 капеек.
“Выпісаць сок можна ў любым лясніцтве. Пасля аплаты выпішуць таварна-транспартную накладную, пасля чаго можна паехаць на лесасеку і ўзяць сок з-пад той бярозы, якая прыглянецца”, – удакладніла Кацярына Мікалаеўна.

Даведка:

У гэтым годзе плануецца нарыхтаваць 700 тон соку, у мінулым годзе план быў меншы на 100 тон. Насельніцтву ў мінулым годзе было рэалізавана каля 4-ох тон бярозавага соку. Усё астатняе пайшло на перапрацоўчыя заводы.

Из рубрики