Высокі ўраджай… асоту

Калі багатым жнівом нашы сельгаскааператывы пахваліцца не могуць, то, напэўна, здолелі б паспаборнічаць у іншым, а менавіта – ва ўраджаі асоту, які раздольна квітнее на паплавах.

Плантацыі асоту ў Круговічах займаюць не адзін гектар
Плантацыі асоту ў Круговічах займаюць не адзін гектар / Фото: Анатолий Трофимчик

Дзяржаўнае тэлебачанне здаўна пічкае грамадзян Беларусі звесткамі пра тое, як запусцілі палі ў суседніх Польшчы і Літве, якія ўжо з дзясятак гадоў уваходзяць у Еўрапейскі Саюз. Маўляў, вось да чаго дакаціліся. Ну, а ў нас – парадак!

Летам, прыехаўшы на адпачынак у вёску, убачыў той “парадак”: увесь поплаў, ад цэнтральнай дарогі да лесу, тануў у асоце. А калі зацвіла расліна, то пух лётаў, як у вядомай папсовай песні пра таполевы пух.

Такая «карціна маслам» намалявалася ў вёсцы Вялікія Круговічы. Калгас там даўно скасавалі, далучыўшы да Вострава. Але ад такой рэформы стала толькі горш. Дастаткова кінуць вокам на некаторыя ўчасткі гаспадаркі. Менавіта кінуць вокам, бо прайсціся па іх нельга: асот дасягае чалавечага росту. Такога нерукатворнага цуду прыроды я не назіраў нідзе.

Застаецца толькі выказаць надзею, што вырошчванне асоту не стане адным з напрамкаў дзейнасці сельгаскааператыву і шкодная расліна ў бліжэйшы час будзе знішчацца. Інакш – з улікам хуткасці разрастання гэтага пустазелля – Вялікія Круговічы рызыкуюць стаць асотнай сталіцай.

Из рубрики