
Было гэта так даўно, што нават і сказаць цяжка, калі дакладна. Але людзі ў нашым краі ведалі ўжо ад свайго нараджэння, што чакае іх у гэтым жыцці і калі каму прыйдзе час паміраць. Ведалі і нават не здагадваліся, што можа быць неяк інакш. Таму што б ні адбывалася ў іх жыцці, гэта ніколі не было для іх неспадзяванкаю або нейкім дзівам. І жылі людзі ў згодзе з Богам і адзін з адным.
Але аднойчы-такі людзі здрадзілі Божаму запавету, перасталі клапаціцца адзін пра аднаго. І пачалі яны думаць найперш пра сябе, а што будзе з іншымі – гэта ўжо іх не турбавала.
Аднаго разу Бог ідзе па мястэчку і бачыць: чалавек плот разбірае. Бог падышоў бліжэй ды пытае: «Навошта ты, чалавеча, плот разбіраеш?» А той яму кажа: «Зіма ўжо хутка, у печы паліць трэба. А мне ўжо прыходзіць час паміраць, дык я і вырашыў плот разабраць».
Бог здзівіўся ды і кажа: «А чаму дроў не нарыхтаваць, а плот дзецям пакінуць?» Чалавек на гэта адказаў: «Дзеці няхай самі пра сябе клапоцяцца. А калі я не магу сваё з сабою забраць на той свет, дык няхай хоць тут на карысць мне будзе».
Бог не знайшоў, што чалавеку адказаць на гэта, і пайшоў далей. Бачыць: ужо іншы чалавек гумно разбірае. Ён і да яго звярнуўся з тымі ж пытаннямі. І адказ гэтага чалавека быў такі ж, як і ранейшы.
Разгубіўся Бог і пайшоў далей сваёй дарогай, як раптам бачыць: чалавек хату разбірае. Ён пытаецца: «Што ты робіш, чалавеча, навошта хату разбіраеш?» А той яму ў адказ: «Як гэта навошта? Мне з дня на дзень паміраць, дык навошта хату камусьці пакідаць? Лепш пагрэюся каля агню!» Бог яму: «А дзеці як жа? Няўжо ім не пакінеш?» А чалавек яму адказвае: «Не заслугоўваюць яны, каб я ім хату пакінуў. Лепш спаліць!»
Абурылі Бога такія паводзіны людзей. Нават родным дзецям на якую-небудзь патрэбу свайго пажытку шкадуюць! І пастанавіў Бог: «Цяпер чалавек не будзе ведаць, што яго чакацьме праз хвіліну, не тое што праз год. Калі сэрца глухое да патрэб іншага, дык няхай і вочы хоць і глядзецьмуць у далячынь, але і крок наперад не прадбачыцьмуць!»
Ад таго ж дня і сталася, што мы па зямлі ходзім, усё азіраем, але што ў наступную хвіліну здарыцца – не бачым і не ведаем. І толькі абраным людзям Бог іншы раз адчыняе заслону ў будучыню, і не толькі ў сваю, але і іншых людзей.
Костюковичи на два дня станут литературной столицей страны. 5 и 6 сентября здесь пройдёт День…
С начала 2026 года в Беларуси упразднили 18 населённых пунктов, причем 15 из них исчезли…
Как легко наниматель попытался назначить виновного. В одном из филиалов организации в Могилевской области после…
Строители и инвесторы в Беларуси с сентября 2026 года получат новые возможности благодаря изменениям правил…
Тем, кто открывает кофейни самообслуживания, сегодня приходится считать каждую копейку. Нужно очень тщательно выбирать место,…
Для жителей Глубокского района Витебской области обещание «новых производств и рабочих мест» уже можно проверять…
This website uses cookies.
Read More