Прадпрымальнікі ў Гродне закрылі гандлёвыя пункты ў адказ на праверку падаткавікоў

Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці на Паўднёвым рынку ў Гродне, 6 верасня закрылі свае кропкі продажу ў адказ на праверку падатковых органаў. Пра гэта паведаміў старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.

Фота: izgrodno.com
Фота: izgrodno.com / Фото: Петр Гузаевский
Паводле яго слоў, раней кантралюючыя органы з Дзяржкамітэта па стандартызацыі праводзілі на гэтым рынку маніторынг, не зрабіўшы ніякіх дзеянняў. 6 верасня прадстаўнікі падатковых органаў з самай раніцы сталі правяраць у ІП наяўнасць суправаджальных дакументаў на тавары. Правяральшчыкі паспелі абысці ўсяго некалькіх прадпрымальнікаў, астатнія аператыўна закрылі свае гандлёвыя пункты.

«Такая рэакцыя сведчыць аб тым, што прадпрымальнікі па-ранейшаму не давяраюць падатковай, не давяраюць уладам», — пракаментаваў сітуацыю Шумчанка.

Нагадаем, з пачатку гэтага года дзейнічае ўказ прэзідэнта № 222 аб прадпрымальніцкай дзейнасці. З-за патрабаванняў, якія змяшчаюцца ў ім, першыя некалькі месяцаў года была фактычна паралізаваная праца ІП, што гандлююць прадукцыяй лёгкай прамысловасці, бо цяпер яны могуць гандляваць толькі тымі таварамі, увезенымі з краін Мытнага саюза, на якія ў іх ёсць суправаджальныя дакументы.

 
Атрымаць такія дакументы вельмі праблематычна ў сувязі з пазіцыяй расійскіх партнёраў. Спробы ІП знайсці паразуменне ва ўладаў былі безвыніковымі, і да канца сакавіка большасць прадпрымальнікаў вымушаныя былі аднавіць працу, нягледзячы на рызыку быць аштрафаванымі і пазбаўленымі тавару.

Апошні раз гэтая праблема абмяркоўвалася 13 чэрвеня на арганізаваным «Перспектывай» форуме прадпрымальнікаў. Тады Шумчанка заяўляў, што аднаўленне праверак з боку кантрольна-наглядных органаў справакуе новую хвалю пратэстных выступаў ІП.

 
«Тое, што цяпер людзі маўчаць па ўказе № 222, гэта не значыць, што яны з ім змірыліся. Як толькі пачнуцца праверкі па накладных, адразу ж загучаць масавыя заявы і патрабаванні аб адмене гэтага ўказу. Прычым гэтыя заявы будуць падмацаваныя пэўнымі дзеяннямі саміх прадпрымальнікаў», — прагназаваў лідар «Перспектывы».
Из рубрики