
Аляксандр Пазняк ў 2021 годзе пераехаў з Ганцавічаў ў ЗША
Атрымаць правы кіроўцы ў ЗША не цяжка. Прынамсі прасцей і хутчэй, чым у Беларусі. Але аб усім па парадку.
Калі чалавек толькі прыязджае ў ЗША, то нейкі тэрмін можа ездзіць па правах краіны, з якой прыехаў. У розных Штатах гэты тэрмін розны. Для прыкладу, у Тэхасе чалавек павінен на працягу 90 дзён здаць на правы. Лічу, што ў штаце Нью-Ёрк гэты тэрмін адзін з самых ліберальных. Тут можна ездзіць па сваіх замежных правах палову года. Дарэчы і сам горад Нью-Ёрк, бадай што адзіны горад ЗША, дзе выдатна працуе грамадскі транспарт. Таму без машыны тут яшчэ абыйсціся можна. А вось далей, ужо фактычна немагчыма. А на таксі кожны дзень далёка не наездзішся.
Здаваўшы на вадзіцельскія правы ў Беларусі і ў ЗША, я знайшоў некалькі адрозненняў як гэта робіцца ў гэтых дзвюх краінах.
Як Аляксандр Пазняк апынуўся ў Амерыцы, чытайце тут.
Каб пачаць падрыхтоўку для здачы на правы ў Беларусі запісваюцца ў аўташколу, дзе вывучаюць ПДД. У Амерыцы навучанне ў аўташколе рэкамендуецца, але не абавязковае. Можна проста вывучыць тэорыю самастойна, купіўшы для гэтага невялічкую брашуру, а потым патрэніравацца на электронным трэнажоры здаваць з мабільніка ці камп’ютара дома.
Далей трэба запісацца на здачу тэарытычнага экзамена. Для гэтага трэба прыйсці ў DMV (Department of Motor Vehicles, аналаг нашага ДАІ) з неабходнымі дакументамі. Гэта звычайна грын карта, плацяжы за кватэру, картка сацыяльнага страхавання, выпіска з банка. Пасля гэтага табе адкрываюць дазвол на здачу экзамена. Тут жа здымаюць адбіткі пальцаў, прымаюць аплату.
І яшчэ – правяраюць зрок таксама на месцы. Для гэтага вісіць вялізная табліца. На ёй загадваюць прачытаць пяць літар з розных слупкоў. І гэта ўсё! Ніякага дзесятка розных акенцаў і кабінетаў нашых паліклінік.
Калі чалавек не можа ці не хоча прыйсці ў DMV, то экзамен можна здаць онлайн. Зарэгістраваўшыся праз сістэму дома. Для гэтага патрэбен толькі гаджэт з відэакамерай. Бо падчас здачы супрацоўнік DMV час ад часу будзе назіраць праз відэа, ці не спісвае экзаменуемы.
І яшчэ адна важная акалічнасць. Не ведаю, як у іншых Штатах, а ў Нью-Ёрку тэарытычны экзамен можна здаваць на чатырох мовах: аглійскай, кітайскай, іспанскай, рускай. Я здаваў на рускай мове. Перад гэтым, канечне, добра праштудзіраваў брашуру з амерыканскімі правіламі. Здаў тэорыю з першага раза, як і ў беларускім ДАІ. Але ў Беларусі перад гэтым былі тры месяцы напружанай вучобы. А тут здаваў гуляючы. Каштавала гэта каля 70 долараў.
Пасля здачы тэорыі мне па пошце прыйшоў дазвол на навучанне (Learning permit). Гэта невялікая пластыкавая картка з маім фатаздымкам. Фактычна гэта ўжо дакумент, які вызначае маю асобу. Яго я магу выкарыстоўваць замест пашпарта.
Далей, каб атрымаць паўнавартасныя правы, трэба здаваць кіраванне аўтамабілем, а да яго трэба праслухаць трохгадзінную лекцыю па бяспецы на дарозе онлайн. Звычайна гэта робіць кіраўнік аўташколы. І каштуе гэта 55 долараў.
У маім выпадку лекцыя цягнулася хвілін 25, а ўвесь астатні час інструктар “забіў” відэафільмам. Але галоўнае, ён выдаў неабходную паперу для здачы дарожнага тэста.
Вучыць кіраванню можа хто заўгодна. Галоўнае, каб чалавек быў старэйшы за 21 год і меў правы больш за 1 год. Калі чалавек упэўнены ў сабе, то можа ісці здаваць адразу пасля атрымання Learning permit. Але ёсць вельмі шмат аўташкол, дзе могуць падсказаць і навучыць тонкасцям здачы ў ЗША.
Дарэчы, тут мора інструктараў з былога СССР, якія пераехалі сюды ў канцы 80-ых — пачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя. Да аднаго з іх, адэсіта Рыгора я і трапіў. У сярэднім адзін гадзінны урок каштуе 60 долараў.
Інструктар запісаў мяне на здачу ў зручны мне дзень і час. І я ўзяў у яго некалькі ўрокаў язды па Нью-Ёрку. За гэты час даведаўся, як добра было пры СССР і чаму хутка Амерыка разваліцца. Але так і не пачуў адказу, чаму Рыгор ніяк не вернецца туды, адкуль прыехаў. Нягледзячы на гэта, мы з інструктарам нават трошку пасябравалі.
Здаваць кіраванне мы з інструктарам прыехалі на амаль новай “Таёта Кэмры”. Машына, якую я ўжо ведаў за некалькі ўрокаў. У Беларусі здаваў у 2010 годзе ў Віцебску на “Фольксваген Гольф”. Машына была з механічнай каробкай перадач. На ёй я здаў з першага раза.
Чуў, што ў Амерыцы вельмі баяцца такіх машын. Таму, калі хто знойдзе дзе “механіку” і прыедзе на ёй здаваць, адразу атрымлівае правы. Не правяраў, але аб гэтым мне казалі знаёмыя хлопцы.
У адрозненні ад Беларусі, дзе трэба здаць шмат элементаў, у ЗША ўсё даволі прасцей. Экзамен доўжыцца хвілін 5-7. За гэты час цябе просяць зрабіць паралельную паркоўку (паркоўка за прыпаркаваным каля бардзюра аўтамабілем), разварот і кіраванне па горадзе на хуткасці 25 км.
Скажу шчыра, здаў з другога раза. Але затое атрымаў добры вопыт і правілы паводзінаў пры здачы. Прымалі экзамен і ў першы, і ў другі раз у мяне маладыя жанчыны да 30 гадоў з пірсінгам і тату. У іх не было ніякай паліцэйскай формы. Усмешлівыя твары і словы падбадзёрвання — адметная рыса супрацоўнікаў амерыканскага “ДАІ”.
На экзамене ўсе ехалі па чарзе ў адпаведнасці з запісаным часам. У машыне знаходзяцца толькі два чалавекі — экзаменатар і экзаменуемы. Памятаю, што ў Беларусі нас было ў “Фольксвагене” пяцёра. Я за рулём. Побач супрацоўнік ДАІ. А ззаду тры дзяўчыны, якія здавалі пасля мяне.
У дзень здачы дарожнага тэста, афіцэр выдае візітку з пазначаным сайтам, дзе чалавек сам правярае свае балы, памылкі, здачу альбо няздачу. Правы прыходзяць, як і іншыя дакументы, па пошце. Мае прыйшлі на 10 дзень. Мне выдалі новыя пластыкавая правы рэзідэнта Штата Нью-Ёрк.
На ўсё мне гэта абышлося прыкладна ў 600 долараў.
У Беларусі правы выдаюць адразу на 10 год. Потым абнаўляў іх у Баранавічах у 2021 годзе, калі жыў у Ганцавічах.
У ЗША я іх атрымаў толькі на 4 гады. Потым іх трэба абнаўляць. Страхоўка на аўтамабіль у навічкоў, ці тых, хто патрапіў у аварыю, вельмі дарагая.
Калі чалавек мяняе жыхарства, пераязджае ў іншы штат, то павінен абнавіць правы там, куды прыбыў. У Беларусі дзейнічаюць адзіныя правы для ўсіх абласцей, у незалежнасці ад таго, дзе чалавек здаваў.
Затое ў ЗША непатрэбна ніякіх медыцынскіх даведак, стаянняў у чэргах, ніхто цябе не валіць на экзаменах. А галоўнае, на экзамене побач будзе сядзець афіцэр, які ведае сваю справу.
Паліцэйскі ў ЗША ніколі цябе не спыніць на дарозе без патрэбы. Галоўнае — выконваць правілы. Ты можаш зацюнінгаваць машыну ці заклеіць шкло якой хочаш лентай. І да цябе ніхто не прыкапаецца. У гэтым і ёсць выбар дэмакратыі: жыві як падабаецца. Толькі не чапай іншых і не парушай заканадаўства.
Правы ў ЗША з’яўляюцца паўнавартасным пасведчаннем асобы. Іх выкарыстоўваюць замест пашпарта. Па ім можна лётаць на самалётах у межах краіны, набываць алкаголь у барах, прад’яўляць па месцы патрабавання.
У Беларусі аўтамабільныя правы — гэта збольшага толькі правы. Хіба перавод на пошце можна атрымаць. Не кажу, што гэта горш ці лепш. Але здаецца, што ў Амерыцы сістэма атрымання правоў прасцейшая і значаць яны значна больш, чым у Сінявокай.
Чытайце таксама:
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More