Каб разводзіць пчол, з суседзямі трэба жыць мірна

На “гарачую лінію” ГЧ патэлефанавала ганцаўчанка з вуліцы Пясочнай, 4 г. Ганцавічы і расказала, што сусед трымае пчол, а ёй з-за гэтага няма жыцця. Па словах пенсіянеркі, злыя і куслівыя насякомыя сталі прычынай для парушэння добрых суседскіх адносінаў.

Каб разводзіць пчол, з суседзямі  трэба жыць мірна
Гарадскія ўлады абяцаюць Алегу Кандратовічу для развядзення пчол выдзеліць асобны ўчастак

“З-за пчол нельга выйсці з хаты, на агародзе немагчыма працаваць. Пакусалі яны і мяне, і нявестку, якая прыходзіць дапамагаць мне на агародзе. Колькі ні прасіла суседа, каб ён вывез вуллі з падворка, але як іншыя людзі, ён ніяк не рэагаваў”, – скардзілася жанчына. Па яе словах, прыйшлося звярнуцца нават у міліцыю. Толькі пасля гэтага пачалі прыязджаць нейкія начальнікі, але ніякіх зрухаў з боку суседа не было. Як патлумачыў «ГЧ» галоўны архітэктар Ганцавіцкага раёна Віталій Пракурат, гаспадару дома вынесена прадпісанне перанесці вуллі на адлегласць згодна з устаноўленымі нормамі. Па словах Віталія Расціслававіча, таксама будзе разгледжана пытанне аб выдзяленні дадатковага зямельнага ўчастка, які знаходзіцца непадалёк ад участка Алега Кандратовіча і не выкарыстоўваецца. Там гаспадар зможа займацца сваё любімай справай.

Па словах гаспадара пчол Алега Кандратовіча, адразу перамяшчаць пчол нельга, трэба рабіць гэта паступова, бо пчолам гэта шкодна. На скаргу суседкі ён адрэагаваў і сказаў, што цяпер займаецца адкаткай мёду, але ва ўстаноўлены тэрмін перанясе вуллі далей ад мяжы з суседкай.

Каментарый юрыста Сяргея Магонава:
На прысядзібным участку па ўзгадненні з санітарнымі службамі дапускаецца ўтрыманне невялікай колькасці дзейсных пчаліных вулляў – не больш за пяць (пры ўмове забеспячэння мер бяспекі для сумежных домаўладальнікаў) на адлегласці не менш як за пяць метраў ад межаў участка.