Беларускі фальклор з рускамоўным акцэнтам

На раённым семінары культработнікаў, які прайшоў 30 жніўня, аб беларускім фальклоры вядучыя тэарэтычнай часткі распавядалі на рускай мове. Родную беларускую, нават з мясцовым дыялектам, удзельнікі мерапрыемства пачулі ў вёсках Боркі і Раздзялавічы, куды завіталі ў час практычнай часткі.

На семінары панавала атмасфера добразычлівасці
На семінары панавала атмасфера добразычлівасці / Фото: Светлана Курилик

Тэма семінара была цікавай – “Методыка збору, апрацоўкі і сістэматызацыі фальклорнага матэрыялу”. Аб тым, якім цікавым можна зрабіць фальклорнае свята, якія аўтэнтычныя элементы могуць яго ўпрыгожыць і як важна выхоўваць у дзяцей добры густ, расказала вядучы спецыяліст абласнога грамадска-культурнага цэнтра Наталля Краўчук. “Я не люблю дискотеки с их нервными припадочными движениями. Я люблю фольклор, белорусские традиции”, – прызналася Наталля Пятроўна. Праўда, паверыць у гэта цяжка, бо адну з найважнейшых складнікаў беларускасці – мову – спецыяліст пры гэтым ігнаравала.

На семінары панавала атмасфера добразычлівасці

Не надта арганічным у абранай тэме было і рускамоўнае выступленне дырэктара метадычнага цэнтра аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алы Занькі. Хаця інфармацыя, якую паднесла Ала Святаславаўна, была цікавай. Яна расказала аб тым, якія перлы вуснай народнай творчасці знаходзяць культработнікі раёна ў час фальклорных экспедыцый. “В районе работает 6 клубов народного умельца, Дом ремёсел, действуют 11 фольклорных коллективов, из них два – со званием “народный”. Так что учиться фольклору есть у кого, – сказала Ала Святаславаўна і дадала: – Но жалко, что нет у нас детских фольклорных коллективов”.

Аляксандр і Ульяна Віннікі гасцей сустракалі хлебам-соллю

Выдатнай беларускай мовай вылучылася выступленне дырэктара раённага Дома рамёстваў Марыі Мухі. Яна расказала пра народных умельцаў і работу з імі. Марыя Іванаўна заўважыла, што галоўнае ў любой рабоце – зацікаўленасць. Мы не можам стопрацэнтна пераняць манеру выканання работ народнымі майстрамі, але можам зрабіць усё акуратна, прыгожа, пры гэтым захаваць у новых работах старажытныя адметнасці кожнай вёскі. “Кожная рэч, як чалавек, мае сваю гісторыю, – адзначыла Марыя Іванаўна і заклікала культработнікаў: – Запісвайце ўсё, што пачуеце!”.

Жывой гісторыяй стала народны майстар Рэспублікі Беларусь, жыхарка в. Боркі Ульяна Пятроўна Віннік. Менавіта ў яе казачна-яркую ад тканых і вышытых вырабаў хату была перанесена другая частка семінара. Сустрэлі гасцей гаспадыня з гаспадаром Аляксандрам Дзям’янавічам ветліва, гасцінна: і пачаставалі, і песню праспявалі пад акампанемент загадчыцы Боркаўскага СК Валянціны Шпакавай. Але галоўнае, культработнікі пабывалі ў майстэрні Ульяны Пятроўны, убачылі шматлікія ўзнагароды ўладальніцы чарадзейных працавітых рук, маглі задаць майстру пытанні.

“Дзе вы знаходзіце час, каб столькі прыгажосці зрабіць?” – здзіўляліся госці. “Дык я лепш не дасплю ўночы, а што задумала – зраблю”, – адказвала Ульяна Пятроўна. “А муж не сварыцца?” – напаўжартліва дапытваліся прысутныя. “А я ж уцякаю ў майстэрню, калі заўважу, што ён ужо спіць!” – у тон ім адказвала майстрыха. Аляксандр Дзям’янавіч, горды за сваю жонку, паблажліва ўсміхаўся, стоячы ля дзвярэй…

Удзельнікі гурта «Завіца», які ў 2014 годзе будзе ўключаны ў спіс культурных каштоўнасцей: (злева направа) Таццяна Васільеўна Рабцэвіч, Соф’я Мікалаеўна Рабцэвіч, Соф’я Фёдараўна Рабцэвіч, Ганна Аляксееўна Рабцэвіч, Марыя Станіславаўна Рабцэвіч

Далей шлях удзельнікаў семінара быў скіраваны на Раздзялавічы. У сельскім Доме культуры іх ужо чакалі мясцовыя культработнікі і самадзейныя артысты. Бабулечкі з фальклорнага гурта “Завіца”, які носіць званне “народны”, разам з дзецьмі, якім перадаюць сваё майстэрства, на сцэне “прайшліся” па асноўных народных святах гадавога цыкла: спявалі старадаўнія песні, згадвалі паданні, прыказкі і прымаўкі, паказвалі тэатралізаваныя элементы абрадаў і гулялі.

На сцэне – гурт «Завіца», юныя самадзейныя артысты і работнікі Раздзялавіцкага СДК

Прысутныя на справе ўбачылі, як правільна перадаваць дзецям свае веды, уменні і нават своеасаблівую гаворку, якія дасталіся ад продкаў. Задаволеныя, яны заключылі: “Нашы бабулечкі не горшыя за буранаўскіх, ды яшчэ і фору б ім далі!”

Из рубрики