Доярка. Фото: Святланы МАЛЫШКА
Летняя малочная ферма, на якой працуе жанчына, знаходзіцца ў полі за вёскай. На працы Тамара, даярка з васьмігадовым стажам, лічыцца перадавіком. Загадчык малочна-таварнай фермы Міхаіл Піваварчык прэзентаваў яе як заслужаную і старанную работніцу.
«Праца ў руках у яе гарыць! Звычайна доіць нашмат больш кароў, чым іншыя. А калі ёсць патрэба адправіць чалавека на якія спаборніцтвы, дык мы без доўгага роздуму пасылаем Тамару. Яна ў нас передавая, актыўная, прабіўная…»
І праўда: Тамара рухаецца як заведзеная юла, не пасядзіць на месцы ні хвіліны. Расказала, што прывыкла спяшацца, бо кожная хвілінка на рахунку: за некалькі гадзін удваіх з напарніцай яны павінна падаіць 213 кароў. У кожнай даяркі свой фронт работ – па чатыры даільныя апараты на чалавека.
Да пачатку дойкі ў работніц нямала клопатаў. Жанчыны набіраюць у вёдры цёплай вады, бяруць анучы ў рукі, уздымаюць на плечы даільны апарат. Пастухі тым часам уключаюць даільную сістэму.
Каровы, пачуўшы сігнал, спрытненька рушаць да дойкі. Некаторыя з іх нават прыпускаюць па полі. «Яны сваю чаргу добра ведаюць і не парушаюць яе: самыя нецярплівыя і зранку, і ўвечары першымі дояцца, а іншыя спакойненька зойдуць у загон і ляжаць», – расказала Тамара.
Так і адбылося. Кароўкі ў чаканні свайго часу ляніва жавалі жвачку, а самыя ліслівыя тыкаліся пысамі ў рукі даярак. Тамара патлумачыла, што па мянушках у полі ўсіх кароў не запамінае: гэта ж не на ферме, дзе ля кожнай шыльда з іх мянушкамі вісіць. «У твар» пазнаём толькі сваіх любіміц. У мяне гэта Беласпінка. От жа ласкавая кароўка! Звычайна ў полі яна ў мяне доіцца, чакае, пакуль дойдзе да яе чарга, і просіцца, каб я яе пагладзіла, у вочы заглядае… Песта… Ну і як тут не расчуліцца?!» – кажа даярка.
Размову вяскоўка вядзе, не адрываючыся ад дойкі. Перад тым як паставіць апарат, вымя каровы трэба старанна памыць. Даярка згінаецца ў тры пагібелі перад чарговай каровай і далучае калектар. У гэты момант жывёлы паводзяць сябе па-рознаму: некаторыя актыўна махаюць хвастом і пераступаюць з нагі на нагу, а іншыя наровяць ляснуць даярку нагою.
Адначасова ў адной даяркі дояцца 3-4 каровы, больш – нельга па стандарту. Як правіла, гэты працэс займае 6-8 хвілін.
«Чым хутчэй рухаешся, тым хутчэй скончыш дойку. А як жа іначай? За тры гадзіны мы ўдваіх павінны выдаіць усіх кароў, – сказала любашаўка. – Канешне, утраіх было б спрытней, але мы самі папрасілі кіраўніцтва, каб працаваць у зменах па дзве даяркі праз дзень. У летнюю пару нам гэтак лягчэй, асабліва ў спякоту… Бывае, галаву напячэ на сонцы так, што прыйдзеш з дойкі і спаць валішся. А на раніцу ізноў на дойку ісці. Цяжка…»
Летам кароў дояць два разы на суткі, прычым першая дойка пачынаецца тады, калі большасць вясковых жыхароў працягвае бачыць сны. Тамара Данілковіч ставіць будзільнік на 4 гадзіны раніцы, бо ў 5 гадзін ужо трэба быць на працы. Ранішняя дойка доўжыцца да 8-30 ці 9 гадзін. Потым перапынак, і ў пяць вечара трэба зноў быць «на пасадзе». Ізноў некалькі гадзін дойкі – і толькі бліжэй да 10-й гадзіны вечара можна «выдыхнуць». Але ў 4 гадзіны раніцы зноў зазвініць будзільнік. Цяжка ўявіць, як можна прыстасавацца да такога рэжыму, але вяскоўка жыве ў такім рытме ўжо шмат гадоў.
«Прывычка», – лаканічна адказала даярка.
Кажуць, што добра працуе той, хто добра адпачывае. Але гэта не пра Тамару. Цяпер, у сезон нарыхтоўкі чарніц, няма калі адлежвацца, трэба грошы зарабляць. У свой выхадны дзень яна ездзіць у лес двойчы і зарабляе больш за 140 рублёў. Калі трэба на дойку, то ў лесе бывае толькі адзін раз, і там яе заробак – ад 40 рублёў.
«Добры «прывар» да маёй зарплаты. На ягадах за некалькі дзён можна зарабіць, як на працы» – расказала вяскоўка.
Тамара казала, што сапраўды адпачыць для яе – вялікая радасць, і звычайна свой адпачынак яна праводзіць ля тэлевізара ці спіць. Але ізноў жа – не ўлетку: як і ў любой вясковай жанчыны ў яе дома таксама шмат працы: вялікая гаспадарка (дзве каровы, свінні, куры), градкі. «Бывае, прыйдзеш без сіл, паляжыш крыху, а потым перажываеш, што чагосьці не зрабіла па хаце, і з гэтымі думкамі ідзеш на працу. Часу ні на што не хапае…» – расказала жанчына.
У Тамары вялікая сям`я. Разам з мужам яны гадуюць двух сыноў дзве дачкі, прычым самая малодшая – яшчэ школьніца. Аднак турботы і шмат працы амаль не адклалі адбітак на знешнасці вяскоўкі: у свае 42 гады яна сімпатычная жанчына з ветлівай усмешкай. І нават працоўная вопратка яе ніяк не псуе, а наадварот, надае своеасаблівы шарм. На камплімент «Як удаецца падтрымліваць знешнасць у такіх умовах?» яна смяецца. «Не ведаю! Можа, гены такія ад бацькоў дасталіся, а можа, што пастаянна ў руху, падтрымліваю, так сказаць, здаровы лад жыцця. Хоць і цяжка ён мне дастаецца», – пажартавала яна.
За сваю працу даярка атрымлівае, па яе словах, малаватую зарплату. Асабліва турбуе, што з надыходам летняй спякоты і так невялікія заробкі ў яе паменшалі: за мінулы месяц жанчына атрымала 211 рублёў. «Малако «ўпала», і заробку цяпер няма. Наша ж зарплата залежыць ад надояў – калі іх няма, дык і атрымваем мізер», – уздыхнула даярка і дабавіла: «Мы павінны зарабляць тысячу не менш, але чамусьці не плацяць…»
На яе думку, мінімум, які патрабна плаціць даяркам – гэта рублёў 600-700. Але такія зарплаты толькі ў марах. «Калі нам такія грошы будуць плаціць – невядома. Гаспадарка ў крызісе, грошай няма, добра, што плацяць тое, што атрымліваецца», – сказала вяскоўка.
Пра такую працоўную «кар’еру» жанчына не марыла, проста лёс так склаўся. Раней працавала на фермах у Любашаве, у Хатынічах раздойвала першацёлак. А восем гадоў таму падмяняла адпачынак у іншай даяркі, і былы кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Сергіеня «завабіў» яе на пастаянную працу, паабяцаўшы даць «калгасны» домік.
«Мо праз паўгода мы ўжо жылі ў сваёй хаце. Каб не жыллё, дык мо і не згадзілася б. А цяпер магу з упэўненасцю сказаць: гэта маё. Іншай прафесіі я не ўяўляю. Дый куды ісці працаваць – усюды крызіс. А так хоць які заробак», – патлумачыла жанчына.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More