У свой час я скончыла Агарэвіцкую сярэднюю школу, якую лічу сваім жыццёвым падмуркам. І галоўнымі людзьмі пасля мамы і таты для мяне былі мае настаўнікі, якія таксама заўсёды былі побач. Некаторыя прадметы я адразу прыняла і палюбіла на ўсё жыццё. З першых урокаў я закахалася ва ўсе гуманітарныя навукі, а вось да ўсяго, што звязана з лічбамі, матэматычнымі задачамі, тэарэмамі і т.п., не вельмі схільна адношуся і цяпер, хаця разумею, што без матэматыкі нікуды.
У МАІМ ЖЫЦЦІ ЗДАРЫЎСЯ ПАРАДОКС
Нягледзячы на тое, што матэматыку не любіла, я скончыла тэхнічную ўстанову, дзе асновай навучання з`яўляецца вышэйшая матэматыка і вывучаецца такі прадмет як сапрамат, і без азоў фізікі там няма чаго рабіць. У маім жыцці ўсё атрымалася добра, бо потым выпадак і само жыццё скарэктавалі маю прафесію.
Але вярнуся да таго, што з нелюбоўю да дакладных навук звязаны некаторыя мае школьныя гісторыі. Гэта ж як трэба было пераканацца ў тым, што матэматыка не спатрэбіцца ў жыцці, каб быць гатовай на ўсё, абы толькі не прысутнічаць на гэтым уроку! Цяпер смешна і сорамна ўспамінаць тую сваю бязмежную фантазію.
СМЕШНЫ ВЫПАДАК
Урок матэматыкі ў мяне вяла класны кіраўнік Соф`я Мікалаеўна Кардаш – строгая, але вельмі справядлівая. Яна ўмела адным поглядам супакоіць на ўроку самых непаседлівых. Я ж па прыродзе сваёй была вельмі смяшліваю, і не раз мяне з сяброўкаю Надзеяй Мініч адпраўлялі ў калідор, хоць гэта мала нам дапамагала. А на ўроках Соф`і Мікалаеўны я заціхала, як мышка.
Па раскладзе чамусьці заўсёды ўрокі матэматыкі былі трэцімі ці чацвёртымі па парадку. Клас наш размяшчаўся на трэцім паверсе ў кутку, і к чацвёртаму ўроку сонца пякло нясцерпна, а ў мяне пачынала працаваць фантазія: раптам хапала балець галава, і мяне пад белы ручкі вялі дадому; калі стаяў холад, боль перамяшчаўся на ногі, зубы, жывот, у ход ішоў тэрмометр з зубною пастай і многае іншае – не буду пералічваць усё, каб не спакушаць сённяшніх вучняў, у тым ліку і маіх унукаў.
Не скажу, што мяне не мучыла сумленне, але я запіхвала гэтае пачуццё недзе на задворкі сваёй памяці і старанна выкладвалася на другіх прадметах, удзельнічала ў агітбрыгадзе (мы выступалі з канцэртамі на фермах і ў палявых брыгадах). Маючы добрую дыкцыю, я не раз адстойвала гонар школы на раённых мерапрыемствах, а за сачыненне на вольную тэму атрымала першае месца ў вобласці, хаця была ў школе звычайным серадняком.
Сёння я ўпэўнена, што наша Соф`я Мікалаеўна даўно мяне раскусіла, проста, мабыць, яна зразумела, што матэматыка – гэта не маё. Але ні разу мая настаўніца не папракнула мяне за паводзіны, бо, лічу, была тактоўнай і чулай. Яна старалася не толькі данесці да нас свой любімы прадмет, але часта вяла з намі шчырыя размовы пра сэнс жыцця і паводзіны (у нашым класе было 25 дзяўчат і пяць хлопцаў, на якіх мы ўжо пачыналі з цікавасцю паглядаць), была з намі ўважлівай, цярплівай, ведала пра кожнага з нас абсалютна ўсё, бо мы ж жылі ў вёсцы. Соф`я Мікалаеўна любіла гумар, і дагэтуль помняцца яе прымаўкі і выслоўі «Куравыя вочы дыму не баяцца», «Нарадзілася цяля з лапінкай, з ёй і памрэ»…
НАСТАЎНІК – НАДЗЕЙНЫ ПАМОЧНІК
Цяпер я часта бачу сваю былую настаўніцу. Яна ўжо старэнькая, ёй 85 гадоў. Настаўніца і цяпер дапамагае сваім унучатым пляменнікам рашаць матэматычныя задачкі. Мы часта вядзём з ёй размову пра мінулае, успамінаем маіх аднакласнікаў. І вось што ўражвае: у яе і цяпер ёсць жывы погляд на жыццё, яна помніць кожнага з нас, нашы звычкі, густы. Але я чамусьці і сёння не магу прызнацца ёй у колішняй сваёй мане, бо як бы гэта правільней ні называць, усё роўна гэта быў падман.
Соф`я Мікалаеўна на сённяшні дзень мае слабае здароўе і на мае пытанні пра балячкі яна прызналася, што ў яе нейкі непарадак з адным вокам. Яна расказала анекдот, як адна старая бабуля пажалілася доктару на боль у левай назе. Той, развёўшы рукамі, абвінаваціў яе ўзрост – 80 гадоў усё-такі. Бабулька ж адказала яму, што і правай назе 80, але ж яна не баліць. Так што жарты заўсёды пры ёй.
ЧАЛАВЕК ЖЫВЕ, ПАКУЛЬ ЖЫВЕ ПАМЯЦЬ ПРА ЯГО
Неяк на вечары сустрэчы выпускнікоў нам задалі пытанне, на каго б з былых настаўнікаў мы хацелі быць падобнымі. Усе адзначылі нашага класнага кіраўніка Соф`ю Мікалаеўну. Ці не гэта і ёсць самая вялікая пахвала і прызнанне яе заслуг? Дарэчы, мая старэйшая дачка Надзея працуе настаўніцай матэматыкі менавіта ў Агарэвіцкай школе.
Карыстаючыся магчымасцю, цераз вашу газету хачу падзякаваць нашым настаўнікам: выкладчыцы рускай мовы Святлане Рыгораўне Чарняўскай, настаўніку беларускай мовы Уладзіміру Сяргеевічу Цімошаку, настаўнікам фізікі Васілію Антонавічу Зайцу і Хрысціне Іосіфаўне Шкут, выкладчыку гісторыі Уладзіміру Міхайлавічу Саяпіну, настаўніку гісторыі, дырэктару школы Іосіфу Нікіфаравічу Новіку. Жыве ў нашай памяці і першая настаўніца Вера Іванаўна Супрун, якой ужо няма сярод жывых. Дзякуй ім усім за веды, якія далі нам, сваім вучням, і за тое, што мы сталі самастойнымі і ўладкаванымі ў жыцці людзьмі.
Чым больш я жыву на гэтым свеце, тым больш разумею і ўсведамляю цяжкасць і адначасова пачэснасць працы настаўніка. Яны звычайныя людзі, як і мы, у іх свае сем`і, свае радасць і боль, але настаўнік не мае маральнага права быць слабым і бездапаможным. І вялікае для іх у жыцці шчасце, калі ўдзячныя вучні і іх бацькі памятаюць пра іх.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More