Ураджэнец в. Дзяніскавічы ўслаўляе сваю вёску

Сёлета спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння аднаго з найбольш таленавітых людзей нашага краю – Артура Бартэльса. Яго фігура шматгранная. Паэт. Драматург. Нарысіст. Публіцыст. Мастак. Кампазітар. Урэшце артыст. 

Фото: Ligier Piotr

Апошні з указаных талентаў – эстраднага музыкі і выканаўцы шансону (у нармальным значэнні гэтага жанру) – прынёс Артуру Бартэльсу прыжыццё вую славу і… спрычыніўся да забыцця пра творцу пасля яго сыходу ў лепшы свет (1885).

Так, перасталі гучаць песні, якія напрыканцы жыццёвага шляху А. Бартэльса паланілі Рыгу і Кракаў, і аўтар іх застаўся толькі ў памяці сваіх сучаснікаў, якіх, натуральна, да нашага часу таксама не засталося.

Нават не дапамог факт прыняцця верша «A tu jest Warszawa» А. Бартэльса ў якасці нефармальнага гімна Варшавы пасля зруйнавання горада напрыканцы Другой сусветнай вайны.

БАГАТАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ СПАДЧЫНА

Феномен творцы пры ўсёй тагачаснай тыповасці знаходжання ў двух літаратурных кантэкстах – польскім і беларускім – заслугоўвае ўвагі, падмацаванай мастацкім узроўнем шматлікіх твораў. А гэта чатыры паэмы, 40 вершаў зборніка «Piosеnki i satyry», сем п`ес, пяць нарысаў пра паляванне на Літве.

Намі яшчэ не знойдзены публіцыстычныя допісы. Акрамя таго, тры альбомы графічных малюнкаў, прычым сюжэтна складзеных, з дасціпнымі каментарыямі, плюс адзін альбом каляровых «Літоўскіх тыпаў». Таксама ў апублікаваную і захаваную спадчыну А. Бартэльса ўваходзяць ноты з песнямі. Для вывучэння такой творчай разнастайнасці патрэбен цэлы калектыў даследчыкаў рознага профілю.

ПАЛЯЎНІЧАЯ ЭПАПЕЯ АЎТАРА

Не беручыся за вызначэнне ўзроўню работ А. Бартэльса як мастака і кампазітара, мы можам высока ацаніць яго літаратурную працу. Перадусім – паэмы.

Геаграфія аповедаў у іх мае вузкую лакалізацыю. Яны засяроджваюцца галоўным чынам на лясах Клецкай ардынацыі Радзівілаў. А. Бартэльс, будучы сам заядлым паляўнічым, па­мастацку апісаў гадавы цыкл паляванняў у беларускім лесе.

Як заключае расійскі пісьменнік І. Корвін­-Кучынскі, «въ былыя времена одинъ изъ лучшихъ охотниковъ на Литвѣ, онъ создалъ мало извѣстную, но цѣнную и, пожалуй, единственную въ славянской литературѣ – охотничью эпопею».

Тым самым яна становіцца адной з самых каштоўных у тагачасным кантэксце, для якога падобныя па выбары аб`екта ўвагі творы былі на працягу ХІХ ст. досыць распаўсюджанымі ў польскай літаратуры. Але ці ўздымаліся іншыя аўтары да такой ступені сістэматызацыі і абагульнення? Каштоўнасць паэм А. Бартэльса павышаецца яшчэ і дзякуючы іх суправаджальнаму тэматычнаму спектру.

Ён ахоплівае, акрамя разгляду самой тэхнікі палявання ў беларускім лесе на працягу ўсяго года, раскрыццё быту паляўнічых (апісваюцца жыллё, сталаванне, даецца псіхалагічная характарыстыка асоб і інш.), аналіз філасофіі і культуры палявання, адносіны паміж удзельнікамі палявання, а таксама апісанні беларускай прыроды. Аўтар паэм выходзіць на шырэйшыя сацыяльныя высновы.

ПАЭМА «ДЗЯНІСКАВІЧЫ» І ІДЭЯ ЛІЦВІНСКАГА ПАТРЫЯТЫЗМУ

З улікам тэматычнага кантэксту важна, што чырвонай, магістральнай ніткай паэмных твораў і нарысаў А. Бартэльса становіцца ідэя так званага ліцвінскага патрыятызму. Пра што б ні гаварылася ў іх – усё зводзіцца да свайго, роднага, часта вузкарэгіянальнага.

Рэгулярна гучаць cловы пра Літву як пра найлюбімейшы ў свеце край з незаслужанай складанай доляй, ухваляюцца пэўныя элементы жыцця ў ім (акрамя магчымасцей палявання, напрыклад, коні, кірмашы, яда, таварышы і нават слугі). У той жа час А. Бартэльсам прадчуваецца і цэласнасць краіны, якая неўзабаве будзе называцца Беларуссю. Тым не менш пачынае шлях да радзімы ў шырокім сэнсе А. Бартэльс з роднага кута. На ім засяроджваецца і галоўная ўвага аўтара, канцэнтруецца падзейны змест.

Вёска Дзяніскавічы і яе наваколлі – радзівілаўскія лясы, балоты, лугі, дарогі, урочышчы – ледзь не дакументальна становяцца фонам для разгортвання аповеду (чаго варты дзясяткі тапонімаў, якія фігуруюць у творах!). Прычым як прырода, так і людскія партрэты падаюцца нярэдка ў якасці тыповых для ўсёй краіны.

У сувязі з гэтым выкажам смелае меркаванне, што месцам нараджэння аўтара стала менавіта гэтая славутая ў той час вёска (цяпер Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці). Галоўным аргументам з`яўляецца прызнанне самога аўтара ў аднайменна з населеным пунктам паэме – «Дзяніскавічы»:

Вітаю, палеская вёска,

Дзе зоры мне ззялі ярчэй.

Сплыла тут і першая слёзка

З дзіцячых нявінных вачэй.

(Пераклад Віктара Гардзея)

На наш погляд, менавіта ў той вёсцы з`явіўся на белы свет А. Бартэльс (30 жніўня або 13 кастрычніка 1818 г. ). Ёсць меркаванні, што А. Бартэльс быў пазашлюбным сынам князя Радзівіла.

Магчыма, гэтым і можна вытлумачыць той факт, што будучы творца атрымаў выдатную адукацыю: гімназія ў Варшаве, затым вучоба ў Санкт­Пецярбургу і Парыжы. Аднак адметна тое, што паэт заўсёды вяртаўся ў родны кут. Спярша наведваў яго, відаць, у сувязі са сваім хобі.

Адзін з лепшых паляўнічых­ліцвінаў, ён задавольваў свой інтарэс у шыкоўных дзяніскавіцкіх лясах. Пасля паўстання 1863 года бываў там толькі ў думках. Яго чакаў лёс уцекача. Заключны жыццёвы адрэзак А. Бартэльс правёў у Кракаве. Там і спачыў на Ракавецкіх могілках.

ТВАРЫЎ НА ПОЛЬСКАЙ МОВЕ, А ДУМАЎ ПА-БЕЛАРУСКУ

А. Бартэльс не быў арыгінальным для свайго асяродку – ліцвінскай шляхты – пры выбары мовы ў сваёй творчасці. Яна была польскай. Нягледзячы на гэта, творца не лічыў сябе палякам у сённяшнім разуменні, не раз праявіўшы сваю прыналежнасць да ліцвінскага народа.

У недалёкай для тагачасся будучыні – сярэдзіны ХІХ стагоддзя – ліцвінская свядомасць трансфармуецца ў беларускую. Несумненна, роднай мовай народа, сярод якога А. Бартэльс прыйшоў на свет, ён валодаў. Аднак традыцыя пісьма на ёй тады толькі аднаўлялася. У аўтара паляўнічай эпапеі запісаў па­беларуску не выяўлена.

Тым не менш, хоць яго творы і напісаны на польскай мове, многія элементы ў іх паказваюць на тое, што думае паэт па­беларуску. Гэта адбіваецца на ўсіх узроўнях мовы, а на лексіцы – найбольш кідка. Прычым аўтар ужывае не толькі знаёмыя сёння беларусізмы, але і дыялектныя словы, укладаючы іх у вусны герояў, а таксама і ў аўтарскай мове – дзеля фактаграфічнасці.

Перакладаў твораў А. Бартэльса на беларускую мову маем толькі два: Ф. Багушэвічам перастворана байка «Свінні і бараны» і М. Арочкам – гумарыстычны верш «Дзянёк абыватальскі». Таму ў юбілейны год вельмі дарэчы яшчэ адзін перакладчыцкі здабытак – паэма «Дзяніскавічы», апублікаваная ў сёлетнім №3 «Дзеяслова» ў перакладзе В. Гардзея.

МАСТАЦКАЯ КАШТОЎНАСЦЬ ТВОРАЎ АРТУРА БАРТЭЛЬСА

Пісьменніцкія постаці накшталт А. Бартэльса, Адама Плуга, Янкі Лучыны і інш. сваёю творчасцю выступаюць мосцікам, які злучае літаратуру на беларускіх землях першай паловы ХІХ ст., у многім польскамоўную, і літаратуру непасрэдна беларускую – якая стала класікай беларускага народа.

Так, А. Бартэльс не прыйшоў да беларускамоўнай творчасці. І нават месцамі назіраецца адыход ад развіцця ў яе бок. Абумоўлена гэта было выкрунтасамі лёсу. Творца на працягу ўсяго свайго шляху знаходзіўся ў каардынатах дзвюх літаратур – польскай і беларускай.

Тым не менш парасткамі менавіта апошняй у большай ступені сталі лепшыя творы А. Бар тэльса. Ацэнка Я. Лёсікам творчасці Я. Баршчэўскага можа быць (з нязначнымі, непрынцыповымі папраўкамі) арганічна экстрапаліравана і на сёлетняга юбіляра:

«Напісаны яны (творы. – А. Т.) папольску і былі надрукованы ў Петарбурзе ў 1844–1846 г. Усе яны жыўцом узяты з беларускага жыцьця і ў польскай літаратуры ня маюць і ня будуць мець вялікага значэньня. Можна з пэўнасьцю сказаць, што пісаліся яны папольску толькі дзеля таго, што беларушчына ў часы Баршчэўскага была ў поўным заняпадзе і іх нідзе ня можна было­б надрукаваць».

Названы напаўзабыты творца арганічна ўпісваецца як у польскае прыгожае пісьменства, так і ў беларускую літаратуру, з`яўляючыся ў сваёй творчасці даволі тыповым прадстаўніком свайго часу. Разам з тым А. Бартэльс мае важкія літаратурныя дасягненні з погляду не толькі гісторыі, але і эстэтыкі. Яго многія творы маюць мастацкую каштоўнасць і для сённяшняга дня.

Таму гэтак важна (перадусім для беларускай літаратуры) вяртаць з небыцця такія імёны, перакладаць іх творы, аналізаваць гісторыка­літаратурныя здабыткі.

Из рубрики