
“Выкладчыкі цяпер атрымліваюць заробак. Пры Шэварнадзэ лекцыі ў вну ўспрымалі хутчэй за грамадскую павіннасць”,— гэтыя словы прафесара ўніверсітэта паказваюць якая прорва паміж цяперашняй сістэмай адукацыі Грузіі і тым, што мела краіна яшчэ пятнаццаць год таму.
Мой першы суразмоўца — былы міністр адукацыі Грузіі Дзмітрый ШАШКІН. Гэты ж чалавек мінулым разам распавядаў пра рэформы войска, як такое можа быць? Справа ў тым, што спадар Шашкін узначальваў абодва міністэрствы толькі ў розныя часы.
Адукацыя як і іншыя сферы жыцця ў Грузіі на пачатку 2000-х мела бядотны стан. Іншага чакаць было б і не лагічна ад краіны, што дзесяць год правяла ва ўзброеных канфліктах і эканамічнай яме. Таму змянялі і матэрыяльную, і інтэлектуальную базу.
“Нам дасталіся школы, якія будавалі яшчэ ў савецкі час без уліку рэальных патрэбаў у памяшканнях, без энэргазберагальных тэхналогій, з вялікім адсоткам зносу. Калі мы пачалі свае рэформы, то па дзесяцібальнай шкале я б ацаніў матэрыяльную спадчыну ў 0 балаў. Цяпер я б ацаніў яе ў 6 балаў, але працы яшчэ многа, — распавядае Дзмітрый Шашкін. — Яшчэ ў нас быў праект па стварэнні класаў будучыні. У кожным раёне ў адной са школ ствараўся клас, укамплектаваны самай сучаснай тэхнікай, каб дзеці бачылі і ведалі як яно ёсць і як будзе ў далейшым. Працэс быў распісаны на гады, бо гэта, канешне, дарагое задавальненне. Звычайны рамонт адной школы абыходзіцца ў сярэднім у 300 000 долараў. Але агульныя затраты на рэформы палічыць складана. Бо ёсць абнаўленне падручнікаў, перападрыхтоўка кадраў, змена праграмы і г.д.”.
У часы кіравання Саакашвілі на адукацыю выдаткоўвалі каля 10 працэнтаў ад бюджэту краіны. Цяпер сярэдні заробак у настаўнікаў — прыкладна 280 долараў, хаця на пачатку 2000-х гадоў быў усяго 14 долараў.
Экс-міністр станоўча ацэньвае практыку стварэння “дамоў настаўніка”. У кожным раёне ёсць будынак, абсталяваны сучаснай тэхнікай, дзе настаўнікі могуць займацца самаадукацыяй, удзельнічаць ў семінарах. У гэтых дамах прадугледжаны і дзіцячы пакой, каб настаўнікі маглі пакінуць сваіх дзяцей на час заняткаў.
НЯІСНЫ ТЭРМІН “УЦЁКІ МАЗГОЎ”
Універсітэцкія будынкі ў Тбілісі, якія давялося пабачыць, выглядаюць без шыку і глянцу нават калі там відавочна быў зроблены капрамонт. Дарагога аздаблення і абсталявання я не заўважыла. Але функцыянальна аўдыторыі прыстасаваныя для лекцый, памяшканні цёплыя (візіт адбываўся позняй восенню). Ва ўніверсітэцкай сталоўцы новая сціплая мэбля. Меню збольшага грунтуецца на нацыянальнай кухні: хачапуры, стравы з фасолі, салаты, бульба-фры. Паабедаць можна прыкладна за 4 лары ці крыху менш (2 лары цяпер роўныя прыблізна 1 еўра).
Вышэйшая адукацыя ў Грузіі платная. Акрамя гэтага для паступлення ў вну патрабуецца здаць Адзіны нацыянальны экзамен. Гэта іспыт па чатырох прадметах: лагічныя навыкі, грузінскі мова і літаратура, замежная мова і экзамен на выбар.
Была ўведзеная індывідуальная сістэма фінансавання вышэйшай адукацыі, калі “грошы ідуць за вучнем” — дзяржава пакрывае навучанне студэнтаў толькі з вышэйшай паспяховасцю і калі яны належаць да бяднейшых слаёў насельніцтва. Памер гранта, якія атрымае студэнт, акурат такі залежыць ад паспяховасці здадзеных іспытаў: можна атрымаць кампенсацыю як у поўным памеры, так і на 50 %. Сума дзяржаўнай датацыі складае прыкладна 2 250 лары на год. І, калі студэнт паступае ў прыватны ўніверсітэт, дзе кошт вышэйшы, то рэшту ён мусіць даплаціць самастойна.
Падыход да адукацыйнага працэсу ў вну — заходні, то бок сістэма грунтуецца на наборы крэдытаў (крэдыт (залік) або заліковая адзінка Карнегі — залік, які выстаўляюць вучню за адзін праслуханы курс у школе або вышэйшай навучальнай установе). Грузінская сістэма вышэй адукацыі далучаная да Балонскага працэсу, што дае магчымасць студэнтам вучыцца ў еўрапейскіх універсітэтах. Удзельнікамі Балонскага працэсу з’яўляюцца 47 краін. Беларусь пакуль да адкрытай адукацыйнай прасторы не далучылася.
“Гэта быў правільны падыход. Увесь час гучала: мы патрацілі на навучанне гэтых дзяцей грошы і мусім патрабаваць, каб яны вярнуліся. Але давайце разгледзім сітуацыю: студэнт атрымаў дыплом магістра ў Масачусацкім універсітэце. У нас няма буйных хімічных прадпрыемстваў, няма базы, каб гэты чалавек адэкватна змог прымяніць свае навыкі і веды. Пасадзіць яго чыноўнікам у міністэрства? Які сэнс тады ў яго выдатнай профільнай адукацыі?” — задае рытарычнае пытанне Шашкін.
Добрая адукацыя сапраўды дае магчымасць выбару працоўнага месца з куды большым заробкам, чым у Грузіі.
“У грузін моцная сувязь са сваёй сям’ёй і, нават калі той былы студэнт будзе працаваць недзе ў Штатах, то ён перашле на радзіму больш грошай, чым зарабіў бы ў Грузіі —тлумачыць былы міністр сваю пазіцыю і эмацыйна аспрэчвае сам тэрмін “уцёкі мазгоў”. — Гэта савецкі тэрмін, калі існавала “жалезная заслона”. Свет адкрыты, няма межаў. Я сяду на самалёт і праз тры гадзіны буду ў Мюнхене. Мануфактура скончылася, глабалізм, сувязі цяпер гарызантальныя ва ўсім. Мы канкурыруем не адзін з адным, а з усім светам”.
Цікава, што восенню прэм’ер-міністр Грузіі Іраклій Гарыбашвілі агучыў супрацьлеглае меркаванне: «Саакашвілі і яго ўрад адпраўлялі за мяжу сваіх знаёмых студэнтаў, пасля чаго гэтыя дзеці альбо не вярталіся ў краіну, альбо вярталіся і працаўладкоўваліся ў прыватным сектары. У рэчаіснасці, дзяржава выкідвала грошы, якія інвеставалі ў іх. Мы памянялі гэты падыход — калі мы інвестуем у будучае пакаленне, гэтая інвестыцыя павінна вярнуцца ў Грузію, бо грошы, якія трацяцца на іх адукацыю, нам не належаць, яны належаць нашаму народу і будучаму пакаленню”.
АДУКАВАНЫЯ І БЕСПРАЦОЎНЫЯ
Прафесар Дзяржаўнага ўніверсітэта Іліі Гіа Нодзіа стрымана ацэньвае дасягненні грузінскай адукацыйнай сферы, а параўнаць яму ёсць з чым:
— Рэформа прынесла пазітыўныя вынікі. Утварыўся больш канкурэнтны асяродак, ёсць арыентацыя на якасць, змаганне ўніверсітэтаў за студэнтаў. Выкладчыкі цяпер атрымліваюць заробак. Пры Шэварнадзэ лекцыі ў вну ўспрымалі хутчэй за грамадскую павіннасць. Акадэмічная кар’ера стала больш прывабнай, адпаведна, і якасць павялічылася. Але гэтага недастаткова.
Прафесар Нодзіа наракае на яўны недахоп кваліфікаваных выкладчыкаў. Яно і не дзіўна: калі грошай за працу не плацілі, разумныя ды запатрабаваныя з’ехалі і знайшлі сваё месца пад сонцам у іншых дзяржавах.
“Але, на жаль, якасць адукацыі ў сярэдняй школе ўзрасла не так заўважна. І ў сваёй масе “матэрыял” ва ўніверсітэты прыходзіць не надта добры. Таму паўстае пытанне на каго арыентавацца: на лепшых ці большасць? Канешне, ёсць нейкая колькасць добрых студэнтаў, якія апантаныя навукай. І яны больш незалежныя, актыўныя, матываваныя, чым я ў сваёй маладосці. І тое, што нехта марыць з’ехаць вучыцца на Захад, нармальна. Добры студэнт мусіць гэтага хацець,бо якасць адукацыі там сур’ёзная. Але я не магу сказаць пра татальныя намеры іміграваць, многія хочуць вярнуцца і нешта рабіць тут”, — гаворыць прафесар Гіа Нодзіа.
Варта адзначыць, што сярод грузінаў сапраўды высокі ўзровень патрыятызму (або мне проста такія сустрэліся): маладыя людзі бачаць сябе ў Грузіі, хочуць там жыць і працаваць. Канешне, не ўсё так гладка наяве. Найперш моладзь турбуе высокі ўзровень беспрацоўя.
“Ёсць дзяржава, мы развіваемся. Але беспрацоўе, гэта сапраўды праблема ў нас, — распавядае студэнт Дяржаўнага універсітэта Іліі Бека Ліпартэліані. — Вышэйшую адукацыю ў нас атрымліваюць многія. Можа быць гэта спадчына ад савецкіх часоў. І з масавым атрыманнем дыпломаў вну ёсць праблема, бо многа быццам бы адукаваных людзей, але працы для ўсіх няма”.
Дарэчы, гісторыя гэтага студэнта вельмі цікавая. Яго сям’я жыла ў Расіі ў горадзе Іванава. Бацька нават падаваў дакументы на атрыманне грамадзянства, але ў выніку яны вярнуліся на радзіму. І, відавочна, псіхалагічны камфорт тут куды вышэйшы.
“Я не адчуваў там сябе сваім, хаця вырас у Расіі, быў свой асяродак. Але гэтая фраза ў аб’яве “здаецца толькі для рускіх”… — прызнаецца Бека.
Бека гаворыць, што хацеў бы працаваць у сферы, дзе будзе запатрабаваная яго добрая руская мова. Напрыклад, перакладчыкам ці ў турызме. Жаданне працаваць у сферы датычнай турызму выказвалі і іншыя мае суразмоўцы.
КАСМАПАЛІТЫЗМ ПРЫМЕРАНЫ ДА ГРУЗІІ
Цікавым пунктам у рэформах грузінскай адукацыі ёсць пашырэнне англійскай мовы. Чыноўнікі вялі дэбаты на гэтую тэму, але ў выніку сышліся на тым, што будучыня ў навуцы і бізнесе за англійскай мовай.
“Змянілі ўсе падручнікі па англійскай мове на брытанскія, увялі вывучэнне англійскай з першага класа. Уклалі вялікія грошы на перападрыхтоўку настаўнікаў. Да нас прыязджалі 1,5 тысячы носьбітаў англійскай мовы са Штатаў і Еўропы. Яны працавалі ў пары з нашымі настаўнікамі ў школах. Англійская мова для самаадукацыі — гэта вялізны рэсурс, вялікая магчымасць для поспеху”, — расказвае Дзмітрый Шашкін.
Цяпер каманда, што займалася рэформамі ў адукацыі, рыхтуе вялікі стратэгічны план развіцця адукацыйнай сферы на 10 год наперад. Паводле меркавання Дзмітрыя Шашкіна, дзеці ў грузінскіх школах зарыентаваныя на здачу выніковых іспытаў у школе, а іншыя дысцыпліны адыходзяць на другі план. Трэба перавесці сістэму на іншыя рэйкі: дакладна правесці мяжу над тэстамі і аб’ёмам ведаў, якія даюць у школе. Дзеці не мусяць браць дадатковыя ўрокі ў рэпетытараў, каб здаць іспыты. Сістэма мусіць быць збалансаванай, натуральна, без стратаў якасці навучання.
“Поспех чалавека залежыць ад асабістых якасцяў і ведаў. Нас у савецкія часы вучылі, што галоўнае — веды, якія даюць у школе. І мы мелі вялікую колькасць дактароў навук, юрыстаў, але куды не кінь — паўсюль дэфіцыт кадраў. То, відаць, рацыянальная амерыканская школа, якая сцвярджае, што поспех — гэта 80 % уласныя якасці і 20 % ведаў. Калі мы гаворым пра 20 % гэта не значыць, што веды не патрэбныя, проста яны мусяць быць скіраваныя на развіццё асабістых якасцяў”, — тлумачыць філасофію працягу рэформаў экс-міністр адукацыі.
Пэдагог, намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч з сутнасцю грузінскіх рэформаў у галіне адукацыі знаёмая. І ацэньвае грузінскі досвед станоўча.
— Рабіць акцэнт на англійскую мову я лічу слушнай пазіцыяй. Асабліва гэта тычыцца ўніверсітэтаў, бо англійская цяпер — мова навукі. Праўда, грузінскі досвед паказаў, што не варта цалкам пераводзіць навучанне на англійскую мову, бо іх грамадзяне мусяць думаць па-грузінску, мысліць катэгорыямі сваёй краіны. Думаю, Беларусь таксама зробіць падобныя пераўтварэнні як толькі ў нас зменіцца кіраўніцтва ў Міністэрстве адукацыі. З постсавецкіх краін я б арыентавалася на рэформы ў сферы адукацыі дзвюх краін — Эстоніі і Грузіі, бо яны паказалі найбольшы прагрэс у гэтай сферы.
Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы MYMEDIA/DANIDA
Крыніца: «Новы час»
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More