
Калі ляснуў Савецкі Саюз, у Беларусі яшчэ пэўны час курсавалі савецкія рублі. У час усеагульнага дэфіцыту, каб абараніць беларусаў ад вывазу тавараў у краіны былога СССР, наш урад са студзеня 1992 года ўвёў купонную сістэму.
Каб разлічыцца за нейкі тавар у краме, ужо недастаткова было мець толькі «драўляныя» рублі. Пакупнік мусіў даць прадавачцы яшчэ і аркуш з купонамі. Сімвалам таго часу сталі нажніцы, якімі касіркі шпарка выстрыгалі патрэбную колькасць купонаў. А выдаваліся купоны на працы разам з заробкам ці ў ЖКГ.
Нядоўгая эпоха купонаў скончылася 25 мая 1992 года. У гэта дзень у абарачэнні з’явіліся першыя разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Новыя грошы хадзілі разам са старымі — савецкімі рублямі. Адзін беларускі разліковы білет быў роўны дзесяці савецкім рублям.
Як і ў прыбалтыйскіх краінах, на першых нашых грошах змяшчаліся выявы жывёлаў. Іх выканаў мастак Канстанцін Хацяноўскі. На банкноце наміналам 1 рубель «скакаў» заяц. Дзякуючыя гэтаму за беларускімі грашыма надоўга замацавалася неафіцыйная назва «зайчыкі».
Самы малы намінал — 50 капеек — змяшчаў вавёрку, а самы буйны — 100 рублёў — зубра. На трох рублях «жылі» бабры, на пяцёрцы — ваўкі, на дзясятцы — рысі. 25 рублёў упрыгожвала выява лася, а на 50-ці месціўся мядзведзь.
Адваротны бок быў аднолькавага тыпу і змяшчаў Пагоню. Пазней у сувязі з інфляцыяй з’явіліся новыя наміналы — 200, 1000 і 5000 рублёў — але замест жывёлаў на іх былі краявіды Мінска.
У канцы 1992 года Украіна сышла з рублёвай зоны, перайшоўшы на грыўны. Дзеля абароны свайго рынка ў Беларусі з 10 лістапада разлік савецкімі рублямі за харчовыя тавары (разам з алкаголем і тытунёвымі вырабамі) быў забаронены.
Праз тое, што самым малым наміналам беларускіх грошай былі 50 капеек (5 савецкіх рублёў), усе цэны былі акругленыя да гэтай лічбы.
У ліпені 1993 года Расія, не папярэдзіўшы былыя рэспублікі Савецкага Саюза, вывела з абароту на сваёй тэрыторыі савецкія грашовыя знакі. Хваля савецкай «грашовай макулатуры» пагражала нашай краіне. Таму згодна з пастановай Саўміна ад 26 ліпеня 1993 года адзіным плацежным сродкам у Беларусі стаў беларускі рубель. Нарэшце «зайчыкі» зрабіліся паўнавартаснымі грашыма, бо дагэтуль падлік вёўся ў савецкіх рублях.
На думку Станіслава Багданкевіча, урад тады спазніўся з прыняццем пастановы, бо кіраўніцтва Беларусі не хацела выходзіць з зоны саюзнага рубля. Калі б нацыянальная валюта была ўведзеная адразу пасля абвяшчэння незалежнасці, наша краіна пазбегла б шалёнай інфляцыі і нават здолела б захаваць грашовыя ўклады насельніцтва.
А так Беларусь захлыналася ў хвалях савецкага рубля, які імкліва таннеў праз некантраляваны выпуск у эмісійных цэнтрах былых саюзных рэспублік. Незалежная грашова-крэдытная палітыка дазволіла спыніць гіперінфляцыю (курс даляра ЗША ўвесь 1995 год трымаўся на адзнацы 11 500 рублёў)
Але цэны працягвалі прапісвацца па-старому, 1:10, таму заставалася блытаніна ў розніцы наміналаў сапраўдных і напісаных на банкнотах. Пасля перамогі Аляксандра Лукашэнкі на першых прэзідэнцкіх выбарах была праведзеная і першая ў гісторыі краіны дэнамінацыя.
З 20 жніўня 1994 года з цэннікаў у крамах знік адзін нуль, і беларускія грошы зраўняліся з наміналам па прынцыпе «як бачым так і плацім».
У той год была ўведзеная ў зварот 20-тысячная купюра з выяваю Нацбанка. Упершыню ў беларускай гісторыі на ёй з’явіўся подпіс старшыні Нацыянальнага Банка Станіслава Багданкевіча. Той подпіс як бы сведчыў, што грашовая адзінка стабільная. Гэтая купюра была апошняй з выявай дзяржаўнага герба — Пагоні.
У 1993-1994 гг. Нацыянальны банк надрукаваў у Германіі новыя банкноты, якія мусілі замяніць «зайцоў» і стаць сапраўднай нацыянальнай валютай. Прапанаваную на той час назву «талер» Вярхоўны Савет не падтрымаў, а зацведзіў «беларускі рубель». На банкнотах былі выявы выбітных беларускіх дзеячаў — Францыска Скарыны, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы.
Як расказаў Станіслаў Багданкевіч, новыя грошы планавалася ўвесці ў зварот пасля зніжэння інфляцыі да 3-5%. Меркавалася прывязаць рубель да даляра ЗША ў суадносінах 1:1. Банкноты былі прывезеныя ў Мінск і пакладзеныя ў сховішча Нацбанка.
На выгляд купюры былі падобныя да нямецкай маркі. Пазней, на думку Станіслава Багданкевіча, банкноты былі знішчаныя — праз «Пагоню» і яго подпіс на купюрах.
Пасля рэферэндуму 1995 года «Пагоню» больш не змяшчаюць на новых банкнотах. Надпіс старшыні Нацбанка Станіслава Багданкевіча з’яўляецца яшчэ на 50-тысячнай купюры.
Прыпыненая на нейкі час інфляцыя ізноў даецца ў знакі жыхарам краіны. Каб палегчыць разлікі, у 1996 годзе ўводзіцца новая банкнота вартасцю 100 тысяч рублёў з выяваю тэатра оперы і балета. За ёю ў 1998 годзе — банкнота наміналам паўмільёна рублёў з малюнкам Палаца прафсаюзаў.
У той год пачалася замена тысячных і пяцітысячных купюраў, якія яшчэ ўтрымлівалі «Пагоню», на такія самыя, толькі з лічбамі замест вершніка. А вось банкнота вартасцю 20 тысяч рублёў са старажытным гербам ВКЛ працягвала курсаваць.
У абароце таксама «хадзіў» і 100-рублёвы зубр — апошняя банкнота з першага выпуску 1992 года.
У пачатку 1999 года Нацбанк выпусціў банкноту ў адзін мільён рублёў з выяваю Нацыянальнага мастацкага музея. Але ўжо на момант выхаду яна была роўная ДВУМ далярам ЗША! Улетку выпускаецца беларуская купюра з самым вялікім за ўсе часы наміналам — пяць мільёнаў рублёў (роўная на той час $7).
1 чэрвеня 1999 сышла «на пенсію» 100-рублёвая купюра з зубром, якая пратрымалася ажно сем гадоў. Разам з ёю былі прыбраныя з абароту банкноты 200 і 500 рублёў. Змяншэнне дробязі на руках не зменшыла інфляцыі. Ад нулёў на цэнніках мільгацела ў вачах. Таму не дзіва, што ў канцы года ўлады абвясцілі пра хуткую дэнамінацыю.
Міленіум для беларусаў запомніўся яшчэ і значнай з’яваю. 1 студзеня 2000 года былі ўведзеныя ў абарот новыя купюры вартасцю 1, 5, 10, 20, 50, 100, 1000, 5000 рублёў. Новы рубель быў роўны тысячы старых. Выявы на банкнотах засталіся амаль без зменаў, а вось колер быў іншы.
Але дэнамінацыя ізноў не спыніла інфляцыю. Праз год, у 2001-м, жыхары Беларусі атрымалі на рукі банкноту ў 1000 рублёў, у 2002 — 20 тысяч і 50 тысяч. З 15 ліпеня 2005 у абароце з’явілася 100-тысячная купюра, якая шэсць гадоў была самай вялікай купюрай краіны.
На ёй, дарэчы, ізноў з’явіўся подпіс старшыні Нацыянальнага банка — гэтым разам Пятра Пракаповіча. Цікава, што замест дзяржаўнага герба на банкноце змешчаны герб Радзівілаў.
Пасля 2010 года ў беларускім партманэ можна знайсці аднолькавыя купюры двух наміналаў з рознымі надпісамі. Замежным калекцыянерам іх дагэтуль прадаюць іх як «купюры з памылкамі».
Віною таму ўвядзенне новых правіл беларускай граматыкі, пасля чаго слова «пяцьдзесят» пачало пісацца як «пяцьдзясят». Старыя купюры вартасцю 50 і 50 тыс. рублёў раптоўна сталіся носьбітамі памылак. 29 снежня 2010 Нацыянальны банк увёў папраўленыя банкноты, але і старыя засталіся ў абароце.
Перыяд адноснай фінансавай стабільнасці (да якой беларусы пачалі ўжо і прывыкаць) скончыўся амаль адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У сакавіку 2011-га ў краіне пачаліся праблемы з набыццём валюты, якія імгненна прывялі да абясцэньвання беларускага рубля.
Толькі ў канцы года ўрад здолеў хоць неяк стабілізаваць фінансавую сістэму. Аднак у той год была зафіксаваная самая высокая інфляцыя за апошнія дзесяць гадоў — цэны на спажывецкія тавары павялічыліся на 108,7%!
Каб палегчыць гандлёвыя разлікі гатоўкаю, 12 сакавіка 2012 года ў абарот была ўведзеная купюра вартасцю 200 тысяч рублёў з подпісам новага старшыні Нацбанка — Надзеі Ермаковай. А з 1 сакавіка 2013 года спыняецца прыём банкнотаў наміналам 10 і 20 рублёў.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More