Адной з такіх вёсак можна назваць Сукач, дзе ўжо больш за пяць гадоў на ўсё сяло няма ніводнай каровы. Самае каштоўнае ў гэтай вёсцы (як і ў іншых) – гэта яе людзі, тыя, хто пражыў тут усё сваё жыццё, выгадаваў дзяцей, цяжка працаваў, а цяпер дажывае свой век. Кожны з іх – гэта цэлая энцыклапедыя ўспамінаў і меркаванняў. Пра тое, як жывуць людзі ў значна апусцелай вёсцы Сукач, чаму яны не трымаюць кароў і дзе лягчэй жыць – у вёсцы ці ў горадзе, мы пацікавіліся ў яе жыхароў.
Тарэса Іванаўна Сідарэвіч: «Мы апошнія ў вёсцы прадалі карову, бо яна ледзь мяне не пакалечыла…»

– А каму тут кароўкі тыя трымаць? Старыя не здужаюць, а моладзі не трэба. Мы самыя апошнія ў вёсцы карову прадалі больш чым пяць гадоў таму, бо з-за яе я ледзьве не пакалечылася.Выпасвалі мы карову на выгане за хатай. Я прыйшла за ёй, наматала вяроўку на руку, а яна пачула, як у Любашаве каровы рыкаюць, і рынулася да іх па полі. Я ўпала, а яна мяне на вяроўцы за сабой валачэ. Як мне руку яшчэ не вырвала, не ведаю. Муж і кажа: заб`е цябе тая карова, давай прададзім. Я сумнявалася, не хацела, а потым вырашыла: будзь як будзе. Шкада, бо малако люблю. Мы ж старыя, на малацэ толькі і жывём. Даводзіцца купляць малачко, а яго хіба ж параўнаеш са свойскім?
Калі яшчэ дужыя былі ды хваробы нас не адольвалі, дык са сваёй гаспадаркі жылі, конь у нас быў, карову і свіней абавязкова трымалі, на сотках бульбу вырошчвалі. Цяпер няма каму гэтым займацца, мне ўжо 79 гадкоў скора споўніцца. Састарэлі мы з мужам, вось і не здужаем гаспадарку цягнуць.
Цяпер уклад жыцця на вёсцы памяняўся. Маладыя цяжкасцей баяцца. А хіба ж раней так жылі?
Цяжка працавалі ў калгасе, нікому не жадаю такой долі. Усё ўручную рабілі, дзялку буракоў трэба было апрацаваць, за тону адзін дзень ставілі. А трэба было адрабіць ні многа ні мала, а 240 дзён, каб у стаж год увайшоў. Працавалі ж за капейкі.Толькі і надзея была, што ў лесе заробім, а на балота хадзіць забаранялі, лавілі, бо ў калгасе трэба адрабіць.
Памятаю, адзін раз неяк пайшлі па журавіны, мех назбіралі, бачым – ловяць! Ідзе калгасны старшыня, брыгадзіры з ім. Мы пабеглі, мех той валачом. Я за выварацень нейкі зачапілася, мех парваўся, ягады рассыпаліся. Ледзь не плакалі. А назаўтра ізноў у калгас пайшлі. Бо ніхто ад працы не бегаў.
А на пенсіі адпачываем. Я вось люблю чытаць газеты. І «Ганцавіцкі час» выпісваю, чытаю яе ад пачатку да канца, усё запар. Муж жартуе, кажа: «Ізноў ты сядзіш нага за нагу са сваёй газетай». А чаму б і не пасядзець, як усе справы зроблены.
Люблю сваю вёску, нікуды адсюль не паехала б, каб і звалі. Бо без вёскі прападу і без працы вясковай. Што ў тых шматпавярховых «куратніках» рабіць, не ўяўляю. Ды і вёска ў нас такая, дзе Бога шануюць, тры крыжы ў нас у вёсцы стаяць.
І гарэлку асабліва не шануюць, няма такога,каб п`яныя валяліся на вуліцы ці жанчыны пілі. У нас нават на пахаванні ўжо дзесяць гадоў як не п`юць – самі жыхары вырашылі, так і павялося. Таму я лічу, што наша вёска – самая найлепшая, нідзе так добра нам не жыць, як тут.
Альберт Адамавіч Шыдлоўскі: «Мне цяпер лёгка жыць, бо дзеці клапоцяцца пра мяне»
– Я ўсё жыццё тут пражыў, пераехаў сюды пасля таго, як ажаніўся і хату пабудавалі. І дзеці тут нарадзіліся, выраслі, а цяпер вось раз`ехаліся хто куды: сын недалёка жыве, у горадзе, адна дачка ў Брэсце жыве, другая – у Прыбалтыцы.
А я тут жыву адзін, жонка памерла чатыры гады таму. Мы з ёй разам больш за пяцьдзясят гадоў пражылі душа ў душу, не сварыліся, і цяпер я сумую…
Не, не скажу, што дзеці пра мяне забыліся – наадварот, тэлефануюць часта, а сын дык амаль кожны дзень прыязджае, даглядае мяне, турбуецца. І нявестка ў мяне клапатлівая. Таму на дзяцей я нарадавацца не магу: добрых мы з жонкай сына і дачок выгадавалі.
Чакаю іх да сябе на юбілей – 30 красавіка мне споўніцца 80 гадоў. Прыедуць усе – і дзеці, і ўнукі. Яны казалі, мо ў горадзе будзем святкаваць, але я заўпарціўся, кажу: трэба тут, у роднай хаце. Дый куды я паеду? Чаго? Мне і тут добра, ні ў які горад я не хачу, бо няма чаго там рабіць.
Працавалі мы цяжка і многа. Жылі, як і ўсе ў сяле, трымалі гаспадарку: карову, бычка гадавалі на здачу. Конь быў. Пра свіней ўжо і не кажу: на мяса і сала трымалі, і свінаматка была, парасят вазіў у горад прадаваць.
А цяпер вось я здаў, сілы няма жывёлу трымаць, за ёй жа догляд патрэбен, а што я магу са сваімі хваробамі? Праўда, сэрца ў мяне моцнае, дактары кажуць, у космас лятаць можна, а вось рукі дрыжаць. Пасля смерці жонкі нешта зрабілася, дык і не адпускае.
Мне цяпер лёгка жыць, бо ўсе клопаты ўзялі на сябе дзеці, асабліва сын з нявесткай. Яны цяпер па гаспадарцы завіхаюцца, агарод садзяць. А я нічога не раблю, вось да аўталаўкі падыду, з людзьмі пагаманю пра тое-сёе, справы абмяркуем. Дый каля тэлевізара з плоскім экранам ляжу, які яшчэ жонка купіла.
Люблю паглядзець перадачу «Поле цудаў», ніводную пятніцу не прапускаю. Цікавая перадача, спрабую літары ўгадваць разам з удзельнікамі. Калі-нікалі і мне ўсміхаецца ўдача.
Яніна Францаўна Компель: «Я б мо і жыла ў горадзе, ды без работы не магу…»
– Трыццаць сем гадоў як я жыву без гаспадара. Муж памёр, як дзеці малыя яшчэ былі, у школу хадзілі. Трое іх у мяне, сама іх гадавала, на ногі ставіла…
Гэта ці лёгка мне адной было – усё цягнуць на сваіх плячах? Усе клопаты на мне былі: і гаспадарка, і дзеці, і працавала я ў калгасе, і ў лес, як усе, бегала. Ой, як успомню, цяжка-цяжка было…
Трымала карову мо да сямідзесяці гадоў. Самой трэба было і касой сена накасіць, і зграбці, і кароў адпасваць. Добра, што дзеці дапамагалі. А цяпер не хачу, навошта мне яе трымаць? Здароўя нестае, сілы няма. Мне ж уже 81-ы гадок як-ніяк пайшоў…
Цяпер у мяне толькі куры і сабака. А свіней няма, не хачу я тых свіней. Цяжка: вёдры тыя папацягай, гной выкідвай, бульбы навары – навошта мне тыя клопаты старой? У горадзе мо лягчэй было б жыць, там няма тых клопатаў, што ў вяскоўцаў. Я ўжо казала, каб мне якую кватэрку ў горадзе невялічкую, я б не турбавалася б тут. Глядзіце самі, якія клопаты ў вёсцы. Прывёз мне машыну колатых дроў знаёмы з Кукава, сын – яшчэ адну, а іх жа трэба было парэзаць і пакалоць. А потым трэба было пацягаць. От папацягала! Насіць цяжка, яны сырыя, усе рукі абарвала, пакуль не скончыліся. Людзі дзівіліся: як ты машыну дроў занесла? Як? Рукамі! Я ж не магу, каб яны ляжалі, трэба ж да парадку давесці.
Я наогул не магу сядзець, як у мяне работа ёсць, як і сцямнее, буду рабіць. Іду і раблю, мне хочацца рабіць – і ўсё. У нас у вёсцы амаль усе такія. Раней тут у нас былі два статкі кароў, а цяпер усе старыя сталі, няма каму трымаць: трэба ж жывёлу пасвіць, на пашу гнаць, сена нарабіць, а ў каго тая сіла ёсць?
На жаль, вёска вымірае. Маладых ужо мала, са школьнікаў толькі адзін хлопчык. А так пазаставаліся амаль што ўсе пенсіянеры, якім пад восемдзесят і болей.
Моладзь у горад імкнецца, бо працы няма. А каму тыя хаты патрэбны ў вёсцы, вось і стаяць, пустуюць. Шкада.
А некалі вёска звінела, і танцы былі, і клуб, і магазін працаваў, і на ферме людзі сем`ямі працавалі. А сёння нават магазін зачынены. Аўталаўка тры разы на тыдзень прыязджае.
Вось так і жывём, дажываем свой век. Мо некалі і вёскі нашай не стане, не ведаю. Ці мо будуць дачы, бо шмат хто купіў тут дом і прыязджае на лета. А карэнных жыхароў усё менш і менш…
Грамадзяне Беларусі з’яўляюцца другой па колькасці групай замежнікаў, якія маюць сапраўдныя дазволы на знаходжанне ў…
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
This website uses cookies.
Read More