Алена Макатрэвіч: “Лялечны тэатр – гэта частка жыцця, а не проста паўсядённая работа…”

Пра “жывых” лялек і пра тое, як навучыцца мастацтву ўпраўляць імі, а таксама пра тое, хто піша сцэнарыі для пастановак і што падабаецца глядзець сучасным дзецям, расказала кіраўнік лялечнага тэатра “Усмешка” Алена Макатрэвіч.

 

У Алены Канстанцінаўны наогул здорава атрымліваецца сумяшчаць розныя рэчы: працаваць бібліятэкарам, быць кіраўніком, рэжысёрам і акцёрам лялечнага тэатра, выконваць працу мастака-афарміцеля і між справамі прымаць удзел у розных прэстыжных тэатральных фестывалях.

Вось і цяпер ёй няпроста было знайсці вольныя хвіліны, каб даць адказы на пытанні журналіста і расказаць пра лялечны тэатр. А ўсё па той прычыне, што рыхтавалася да ўдзелу Міжнароднага Каляднага праваслаўнага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”.

Яе запрасілі да ўдзелу ў семінары-практыкуме “Батлейка – гісторыка-культурнае яўленне самабытнай народнай творчасці…”, які пройдзе з 11 па 15 студзеня ў Мінску, у Адукацыйным цэнтры Свята-Елісавецінскага манастыра.

“Мне гэта цікава, я хачу навучыцца новаму, пазнаёміцца з такім новым жанрам,  як батлейка. Гэта ўсё будзе на карысць нашаму лялечнаму тэатру“, – патлумачыла Алена Макатрэвіч.

– Як Вы вырашылі стаць лялечнікам, з чаго ўсё пачалося?

– Па адукацыі я бібліятэкар, у свой час працавала ў “перасоўцы”, потым у раённай бібліятэцы з дарослымі чытачамі. Але зразумела, што гэта не маё. Я сама папрасілася сюды, у дзіцячую бібліятэку, бо вельмі люблю дзяцей і ўвесь час мне хацелася працаваць з імі і для іх.

Афіцыйна лялечны тэатр пачаў працаваць з 1989 года, калі мы ўпершыню паказалі пастаноўку па творчасці В. Гардзея ў Баранавічах. Аднак да гэтага мы шмат працавалі з лялькамі, з элементамі лялечнага тэатра, калі праводзілі розныя мерапрыемствы ў бібліятэцы.

Лялькімі мы “загарэліся” таму, што хацелася пазнаёміць дзяцей з класічнай літаратурай як беларускіх, так і рускіх аўтараў, з творчасцю нашых землякоў, з перыядычнымі дзіцячымі выданнямі. Хацелася неяк праз лялек зацікавіць дзяцей, прывіць ім любоў да кнігі, да чытання, каб пасля прагляду пастаноўкі хацелася ўзяць кнігу.

Спецыяльнай адукацыі рэжысёра я не маю, гэтаму вучылася на курсах павышэння кваліфікацыі. Таксама прыходзілася многае спасцігаць самастойна, на практыцы.

– Што патрэбна, каб стаць сапраўдным лялечнікам?

– Лялек трэба любіць, укладаць у іх душу, “ажыўляць” іх, адухаўляць. Гэта вельмі важны момант: не проста ўзяць ляльку і сказаць некалькі слоў, а змагчы перадаць яе пачуцці, яе пылкую душу.

Лялечны тэатр – частка жыцця, а не проста праца. Я лялькамі жыву, без гэтага не магу ніяк.

– Хто ваша каманда?

– У асноўным гэта дзеці з тэатральнага гуртка, на сённяшні дзень там займаецца 12 школьнікаў.

Пастаянныя акцёры – пяць дзяўчынак: Ірына Шуляк, Ксенія Курыловіч, Ангеліна Дзічка, Кацярына Юрчык і Алена Рабцэвіч. Яны ўжо некалькі год выступаюць на сцэне разам з дарослымі. Але мы стараемся, каб выступленне ў тэатры не перашкаджала заняткам у школе.

З бібліятэкараў з лялькамі працуюць у асноўным Наталля Наумік і Валянціна Марыняк. Шмат дапамагаюць і іншыя калегі з дзіцячай бібліятэкі.

– Адкуль бераце рэпертуар, сцэнарыі?

– У нашых руках літаратура, кнігі беларускіх і рускіх аўтараў, народныя казкі, перыядычныя выданні, журналы, творчасць пісьменнікаў-землякоў.

Штосьці мы пішам самі, штосьці бяром гатовае і выкарыстоўваем яго. Цяпер у гэтым плане значна лягчэй, бо на дапамогу прыходзіць інтэрнэт.

Зразумела, калі асноўныя нашы гледачы – дзеці, дык  і пастаноўкі ў нас разлічаны на юнага гледача. Да рознай падзеі можна напісаць казачны і прыгодніцкі сюжэты. Вось, напрыклад, да прафілактыкі СНІДу і супраць курэння у нас ёсць пастаноўкі “СПИДолк и семеро козлят”, “Казачка пра цыгарэту”. Да Дня ведаў мы падрыхтавалі “Как кот Барсик в школу пошел”, ёсць і іншыя пастаноўкі.

– У вас шмат лялек? Хто іх стварае?

– Лялек шмат, я нават не скажу дакладна іх колькасць.

Большасць лялек мы зрабілі самі: рабілі з пап`е-машэ, шылі, клеілі, перараблялі з мяккіх цацак. І куплялі, зразумела. У асноўным у нашым тэатры пальчатачныя лялькі.

Наогул, у нас усе лялькі-трансформеры. Сёння яна – хлопчык, а заўтра прыклеім бараду, і гэта ўжо будзе дзед ці лесавік. Прыклеім рогі і пераапранём – каза атрымаецца. Вось так і шчыруем.

– Ці патрэбны лялечны тэатр сучасным дзецям, калі ёсць інтэрнэт, кіно?

–  Канечне, у сучасных дзяцей  іншыя інтарэсы. Яны моцна адрозніваюцца ад тых, што былі дзесяць, дваццаць гадоў таму. Сёння дзеці больш адкрытыя, раскаваныя ў добрым сэнсе гэтага слова, упэўненыя ў сваіх сілах. Я б сказала, што сёння дзеці не такія заціснутыя ў плане эмоцый.

Але мы бачым, што і сёння дзеці любяць чытаць. Каб яшчэ больш іх зацікавіць, працуе наш тэатр пры бібліятэцы. 

Думаю, лялечны тэатр іграе асаблівую ролю ў выхаванні дзіцяці. Гэта свет, дзе ствараецца атмасфера казкі. Апынуўшыся там, маленькія дзеці  вераць і перажываюць за герояў.

У тэатры дзеці вучацца бачыць цудоўнае, атрымліваюць пазітыўны настрой. Прагляд спектакля садзейнічае іх інтэлектуальнаму развіццю: дзеці вучацца асэнсоўваць падзеі, якія адбываюцца на сцэне і ў рэальным жыцці.

Наогул, я бачу, што лялечны тэатр любяць і дзеці. і дарослыя. Сумесны прагляд – гэта добры сродак правесці час разам з сям`ёй.

– Пра што Вы марыце?

– Пра большую аўдыторыю. Спадзяюся, настане час, калі наш тэатр выйдзе за рамкі бібліятэкі і прыцягне да ўвагі большую колькасць гледачоў. На нашы пастаноўкі будут прыходзіць бацькі разам з дзецьмі, каб пасля прагляду абмеркаваць убачанае, а потым узяць кнігу ў бібліятэцы і прачытаць яе.

А пакуль што думаем пра новыя пастаноўкі, якія будуць даспадобы нашым маленьким гледачам.

– Чаму вучаць лялькі?

– Вучаць дабрыні, сяброўству і сумленнасці. Акцёры-лялечнікі стараюцца выклікаць у гледача такія пачуцці, выбіраюць такія сюжэты, каб яны выклікалі эмоцыі. Калі мы бачым захапленне ў вочках маленькіх гледачоў, якія радасна пляскаюць у далонькі і смяюцца – вось галоўнае, да чаго імкнёмся.

– Дзе вашы пастаноўкі можна ўбачыць?

– Калектыў “Усмешкі” добра вядомы дзецям з дашкольных устаноў i вучням 1–5 класаў школ горада, раёна. Тэтр выконвае не толькі функцыю эстэтычнага выхавання дзяцей i прапаганды тэатральнага мастацтва, але адначасова з`яўляецца добрым памочнікам  бібліятэкі. Без яго удзелу не можа абысціся ні знаёмства з бібліятэкай, нi бібліятэчна-бібліяграфічныя заняткі. Амаль кожнае бібліятэчнае мерапрыемства аздобліваецца ўдзелам лялечнага тэатра.

Вось, напрыклад, шэраг цікавых выступленняў адбыўся да Дня ведаў (“Митюшкино утро ” , ” Как кот Барсик в школу пошёл “), да Дня моладзі (“Бабушки и внуки”, “Подростковый сленг”) і іншае.

Калектыў выступае не толькі ў бібліятэцы, ён прымае ўдзел у розных святочных мерапрыемствах горада i раёна. Неаднаразова адбываліся выступленні ў рамках праекта “Бібліятэка пад адкрытым небам”. Так, 1 чэрвеня прайшла літаратурна-забаўляльная праграма “Планета дзяцінства пад сузор`ем Дабрыні ” у гарадскім парку да Дня абароны дзяцей.

У рэпертуары тэатра “Усмешка” – лялечныя спектаклі, інсцэніроўкі па творах дзіцячых пісьменнікаў, накіраваных на выхаванне ў дзяцей такіх маральна-эстэтычных якасцей як дабрыня, сяброўства, сумленнасць, узаемавыручка (“Сябры пазнаюцца ў бядзе”, “Мышка i Мышутка”,”3аяц-агароднік”, “Добрая гаспадынька”), беражлівым адносінам да прыроды (“Ну, Уфонавт, Погоди! Или Суд над Волком”, “Как мы любим природу”).

Такім чынам, тэатральна-лялечная дзейнасць з`яўляецца адным з перспектыўных напрамкаў работы ў дзіцячай бібліятэцы. Усяго за мінулы год адбылося 56 выступленняў, іх наведала каля пащтары тысячы чалавек. 

Карысна ведаць:

Лялечны тэатр “Усмешка” быў створаны 28 гадоў таму, у далёкім 1989 годзе. Алена Макатрэвіч патлумачыла, што над назвай доўга не думалі. “Яна нарадзілася сама-сабой, ад дзіцячых усмешак. Яны ўсміхаюцца, а нам радасна ад таго, што нашы пастаноўкі вызываюць добрыя пачуцці на тварыках маленькіх гледачоў“, – сказала Алена Канстанцінаўна.

Званне “ўзорнага лялечнага тэатра” “Усмешка” атрымала ў 1999 годзе, і да гэтага часу трымае “планку”. Наступнае пацверджанне звання адбудзецца ў лютым сёлетняга года.

svetamal__deleted__035857

Recent Posts

В Беларуси уточнили правила входа с питомцами

Хозяевам питомцев нельзя заходить с ними в продуктовые магазины и большинство кафе. Исключение составляют собаки-поводыри…

59 минут ago

КГК выходит на ярмарку. В Брестской области объявлена охота на кривую морковку?

Жителям Брестской области предложили жаловаться на сельскохозяйственные ярмарки. Не понравилась картошка, не устроила морковка или…

1 час ago

«Белтелеком» повысит тарифы для клиентов с ноября

Клиенты «Белтелекома» с 1 ноября 2026 года будут платить больше за телефонную связь, интернет и…

21 час ago

В Минске мошенники использовали 11-летнюю девочку

Семья из Минска потеряла накопления. Мошенники выманили у 11-летнего ребенка более 45 тыс. рублей через…

23 часа ago

Жительница Барановичей заплатила мошеннику за беседку

51-летняя жительница Барановичей осталась без заказанной беседки и без денег. Она перевела продавцу 1 500…

1 день ago

РСЦ проверяет необычные показания счетчиков

Жильцам могут начислить воду не по фактическому расходу, а по среднему или нормативу. ЕРИП использует…

1 день ago