
Чаму беларусы ваявалі на Захадзе? Сёння мала хто ведае, што беларусы-“заходнікі” ваявалі супраць гітлераўцаў не толькі ў Савецкай Арміі ці партызанах. Нашы землякі змагаліся ў Войску Польскім. Спачатку – у верасні 1939 г., калі Германія напала на Польскую Рэспубліку, у выніку разграміўшы апошнюю. Затым – на Заходнім фронце (у Італіі і Францыі). У першым выпадку беларусы былі прызваны ў Войска Польскае, бо з’яўляліся грамадзянамі Польшчы. Другі выпадак больш складаны. Справа ў тым, што спачатку (у 1939 – 1941 гг., калі савецкая ўлада прыйшла ў Заходнюю Беларусь) многія нашы землякі ў якасці патэнцыйных ворагаў бальшавікоў былі рэпрэсаваны і вывезены “да белых мядзведзяў”. А калі пачалася вайна Савецкага Саюза з Германіяй, дык Польшча з непрыяцеля зрабілася саюзнікам. Таму савецкім кіраўніцтвам ёй было дазволена фарміраваць свае ўзброеныя сілы з былых грамадзян даваеннай Польскай Рэспублікі, у тым ліку – з рэпрэсаваных і дэпартаваных. Так рабілася пры ўмове прызнання ахвярамі савецкага рэжыму свайго польскага паходжання. Не дзіўна, што многія беларусы, пакаштаваўшы ў тайзе камунізму, з лёгкасцю прымалі рашэнне запісацца палякамі і станавіліся пад штандары арміі польскага генерала Андэрса. Такім чынам, па-першае, тыя добраахвотнікі пазбаўляліся катаржнай працы на поўначы, а па-другое, назаўсёды ратавалі сябе і свае сем’і ад улады бальшавікоў, якую па зразумелых прычынах паспелі ўзненавідзець. З устаноўленых намі больш чым 40 жыхароў Вялікіх і Малых Круговіч, якія былі падвергнуты рэпрэсіям у выглядзе вывазу ў глыб Расіі, не менш паловы вырашыла выкарыстаць дамоўленасць Савецкага Саюза і Польшчы аб вызваленні польскіх грамадзян, якім была абвешчана спецыяльным указам амністыя. Восенню 1941 г. людзі былі вызвалены, а мужчыны прызыўнога ўзросту сталі жаўнерамі польскіх вайсковых частак. Тое, што шматлікія беларусы таксама імкнуліся выкарыстаць прадастаўленае палітычнай сітуацыяй выратаванне, ведаў Сталін. Ён спытаў у генерала Андэрса, навошта ім не толькі палякі, але і беларусы. На гэта быў дадзены адказ, што беларусы ў верасні 1939 г. праявілі сябе вельмі добрымі воінамі. Выпадкі вяртання “андэрсаўцаў” пасля вайны ў родныя вёскі сярод нашых землякоў адзінкавыя. Савецкай улады землякі баяліся і не верылі, што яна пасля перамогі стане лепшай. Большасць іх асела ў Польшчы, але не ўсе і дажылі да заканчэння вайны: з ліку беларусаў у Арміі Андэрса на франтах вайны загінула 1583 чалавекі. Іх імён няма на нашых абелісках.
Нядаўна прозвішчы двух нашых землякоў, якія склалі галовы ў барацьбе супраць фашызму на франтах Заходняй Еўропы, удалося ўстанавіць. Гэтыя людзі маюць не меншае права на ўшанаванне і нашу памяць, чым тыя, хто загінуў, ваюючы ў Савецкай Арміі. Адзін з іх, Мікалай Боўт, нарадзіўся ў 1919 г. ў вёсцы Агарэвічы. Служыў старшым стралком у 15-ым батальёне Арміі Андэрса. Згінуў без звестак 12 мая 1944 г. у вядомай бітве пад Монтэ-Касіна – добраўмацаваным італьянскім горадам, за які ішлі баі паміж заходнімі саюзнікамі (у тым ліку польскімі часцямі) і нямецкімі войскамі ад 17 студзеня да 19 мая 1944 г. Як бачым, інфармацыя пра лёс Мікалая Боўта абрываецца за тыдзень да завяршэння бітвы. Мяркуючы па прозвішчы, а таксама па ўстаноўленым праваслаўным вераспавяданні, Мікалай Боўт быў карэнным агароўцам. Значыць, сёння гэтыя радкі могуць чытаць яго сваякі. Другі наш зямляк, Януш Мехяржынскі, нарадзіўся 19 лістапада 1905 г. у Вялікіх Круговічах. Служыў плутановым (званне падафіцэра накшталт прапаршчыка) у 1-й Польскай танкавай дывізіі. Загінуў 10 жніўня ў паўночна-ўсходняй Францыі (горад Ланганры – Langannerie). Мяркуючы па прозвішчы, Януш Мехяржынскі меў польскае паходжанне. Яго бацькі хутчэй за ўсё аднекуль прыехалі жыць у Круговічы. Дарэчы, род Мехяржынскіх даволі вядомы ў Польшчы. Аднак у Круговічах гэтага чалавека наўрад ці будуць памятаць (як паказваюць нашы доследы, тутэйшыя людзі не схільны запамінаць інфармацыю пра лёсы чужынцаў, нават тых, з кім даводзілася жыць побач). Тым не менш адрасуем усім, хто чытае гэтыя радкі, просьбу: калі нехта мае хоць трохі звестак пра названых асобаў, няхай паведаміць (а лепей напіша аповед) у рэдакцыю або на электронны адрас anatol1976@gmail.com. Давайце разам ушануем памяць пра землякоў, якія змагаліся за нашы з вамі мірныя дні.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More