
Напярэдадні Новага года віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін заявіў, што краіне пара пачынаць эканоміць электрычнасць. Журналіст “ГЧ” паспрабавала палічыць, ці будзе яе сям’я з двух чалавек “упісвацца” ў прапанаваную норму.
Урад краіны ўнёс прапанову: увесці нарматыў – 107 кілават-гадзін (кВт×г) электрычнасці на аднаго чалавека, а калі ў сям’і 2, 3 і больш чалавек, то на кожнага з іх дадаецца яшчэ па 30 кВт×г. Як патлумачыў віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін, усё, што мы патрацім па нарматыву, будзем аплачваць па аднаму тарыфу, усё, што звыш, — па сабекошту электрычнасці.
Такі эксперымент ужо правялі з вадой і водаадвядзеннем (каналізацыяй) і палічылі, што аднаму чалавеку хапае 140 літраў вады на суткі, або 4,2 кубаметры за 30 дзён: менавіта столькі расходуюць жыхары Германіі, Францыі, Швецыі. Цяпер мы аплачваем “нарматыўную” ваду па аднаму тарыфу, усё, што звыш, – “па тарыфах, забяспечваючых поўнае вяртанне эканамічна абгрунтаваных затрат на аказанне паслугі”. Урад палічыў, што ўвядзенне дыферэнцыраванай аплаты за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення прывядзе да эканоміі насельніцтвам гэтых паслуг і зніжэнню аб’ёмаў іх рэалізацыі на 6-6,5 працэнта.
Па падліках энергетыкаў, сярэдняя беларуская сям’я з трох чалавек у зімовы месяц расходуе каля 200 кВт×г электрычнасці. Атрымліваецца, нават у такой “усярэдненай” сям’і перарасход складзе 33 кВт×г у месяц.
Як расказала кантралёр філіяла РУП “Брэстэнерга” Баранавіцкія электрычныя сеткі Ганцавіцкія РЭС Таццяна Тамашэня, па нашаму райцэнтру названая лічба яшчэ меншая – каля 120 кВт×г. “Аднак пажылы чалавек, бывае, траціць усяго 20-60 кВт×г, а сям’я нават з адным дзіцем – 300-400”, — заўважыла Таццяна Канстанцінаўна.
Спрабую разабрацца, чаму штомесяц мне прыходзіцца аплачваць у 2,5 раза большы аб’ём электраэнергіі, чым прапанаваныя сям’і з двух чалавек 137 кВт×г? Пры гэтым, лічу, мы не расходуем электраэнергію марнатраўна (глядзіце табліцу).
Аказалася, толькі на самае неабходнае патрэбна 252,8 кВт×г у месяц! Прычым з гэтага спіса выкінуты электрачайнік (2 кВт), тостар (0,85 кВт). Іншы раз прыходзіцца карыстацца міксерам, сокавыціскалкай, электрадрылем. А яшчэ раз-два ў месяц прыязджаюць дамоў сыны-студэнты, бывае, прыходзяць госці, і расход электраэнергіі павялічваецца.
Няўжо мы такія неэканомныя?
“У нашай сям’і пяць чалавек, з іх трое дзяцей. У месяц мы расходуем каля 300 кілават-гадзін электраэнергіі”, — расказала Вольга Ярашэвіч з в. Хатынічы. Падлічваем: 227 кВт×г гэта сям’я будзе аплачваць па звычайнаму тарыфу, а 73 кВт×г — па завышанаму.
“Найбольш электрычнасці “з’ядае” бойлер, аднак нашай сям’і без яго не абысціся, — разважае Наталля Булат з Агарэвіч, шматдзетная маці, якая нарадзіла і разам з мужам выхоўвае пяцёра дзяцей. – Штомесяц мы расходуем каля 500 кілават-гадзін. Атрымліваецца, амаль палову – 213 кілават-гадзін прыйдзецца аплачваць “па поўнай”. Гэта шмат…”.
А ў г. Ганцавічы ёсць, напрыклад, кватэры, дзе тэмпература паветра зімой вышэй 12 градусаў не падымаецца. Ім без радыятараў ці награвальнікаў, магутнасць якіх каля 3 кВт, не абысціся. Такім сем’ям можна толькі паспачуваць…
На чым жа зэканоміць так, каб “упісацца” ў прапанаваныя ўрадам “кілават-гадзіны”?
Пэўна, трэба зноў вярнуцца да таго, ад чаго даўно адышоў увесь цывілізаваны свет: пыл з дываноў змятаць уручную, бялізну мыць на дошцы і прасаваць яе драўляным прасам з бабулінага куфэрка, на работу адпраўляцца без прычоскі, камп’ютар лічыць упрыгожаннем пакоя (няхай думаюць, што багатыя!), а крэм да святочнага стала ўзбіваць двума відэльцамі. Тым, у каго мала градусаў у кватэры, пераходзіць на “зімняе ўтрыманне” – хадзіць па кватэры ў кажусе і валёнках, спаць у світэрах і шкарпэтках. Пра ўсе іншыя даброты цывілізацыі, напрыклад, пра пасудамыечную машыну і розныя блэндары-хлебапякарні, нават не марыць.
А яшчэ — аніякіх гасцей! Ну, хіба толькі можна арганізоўваць эканамічна выгадныя масавыя тэлепрагляды: сёння сабрацца каля блакітнага экрана ў аднаго суседа, заўтра ў другога, а там у трэцяга – і каб без кавы!
Пры гэтым радавацца, што пакуль, дзякуй Богу, справа не даходзіць да лучыны, і супакойваць сябе думкамі, што асобныя плямёны Афрыкі жывуць яшчэ горш…
Канечне, можна было б і аплачваць той сабекошт вады, цяпла, электраэнергіі, раўняючыся пры гэтым на нарматывы Германіі ці Францыі. Але тады ў сярэднестатыстычнага беларуса з правінцыі павінна быць і зарплата як у сярэднестатыстычнага немца ці француза.
Вось і хочацца прапанаваць ураду: калі ласка, пачніце ўводзіць “еўрапейскія” нормы з увядзення “еўрапейскай” зарплаты. Але не на паперы, а ў рэальнасці, каб пакласці ў кішэню. Бо пакуль многім правінцыялам, будзь яны хоць сямі пядзяў у ілбе і з пяццю вышэйшымі адукацыямі, або шчыруй на будоўлях і палях, “сярэдняя па краіне” зарплата здаецца чамусьці недасягальнай…
P.S. Паважаныя чытачы, дасылайце лісты са сваімі думкамі на ўзнятую тэму. Магчыма, хтосьці ведае, як жыць цывілізавана і расходаваць пры гэтым нарматыўныя 107+30+30…
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More