
“Мы не ў стане весці гаспадарку. Аб’яднанне з “Бярозаўцам” дапаможа нам, іншага выйсця я не бачу”, — прызнаўся ўдзельнікам сходу кіраўнік СВК “Малькавічы”.
Ніхто з шасцідзесяці членаў СВК “Малькавічы” (усяго тут працуе 72 чалавекі) не выказаў пратэсту супраць рэарганізацыі сваёй гаспадаркі і аб’яднання яе з СВК “Бярозавец” — нават тыя, хто да сходу быў настроены супраць такога кроку, і хто наогул не ўздымаў рук пры галасаванні. Вадзіцель Мікалай Лагвіновіч адкрыта сказаў, што ён — за аб’яднанне. “Большая частка зямель пустуе, палі пазарасталі. Горш, чым у нас цяпер, быць не можа!” — аргументаваў сваё рашэнне Мікалай Карпавіч.
І толькі адзін пенсіянер, былы інжынер гаспадаркі Мікалай Шапялевіч, выказаў сумненні ў мэтазгоднасці аб’яднання дзвюх гаспадарак. “Памятаю ячшэ не такі далёкі горкі вопыт: што адбылося пасля эксперыменту, калі аб’ядналі калгасы “Парыжская камуна” і “Знамя Леніна”. Баюся, што тое ж самае можа адбыцца цяпер і з нашым сельгаскааператывам”, — сказаў Мікалай Уладзіміравіч.
Адказ на свае сумненні вясковец атрымаў ад начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Юрыя Лелеса: на той час, пра які ўспомніў былы калгаснік, ён быў начальнікам цаглянага завода ў калгасе “Знамя Леніна”. Юрый Уладзіміравіч заўважыў, што чакаў гэтага пытання. На яго думку, няўдалым эксперымент атрымаўся з-за памылак кіраўніка аб’яднанай гаспадаркі: “Цэнтр быў у Востраве, і ён пацягнуў коўдру на сябе, агаліў Круговічы”. Юрый Лелес запэўніў, што цяпер кіраўніцтва будзе дзейнічаць інакш: захоўваць і прымнажаць тое, што ёсць.
Аднагалоснае рашэнне аб’яднацца з “Бярозаўцам” Юрый Лелес прызнаў правільным, яно паказвае, што працуючыя “адносяцца да пытання з разуменнем”. “Я не сумняваўся, што вы не паднімеце тут рэвалюцыю ці вайну”, — сказаў ён вяскоўцам напрыканцы сходу.
Галасаванне праходзіла пасля выступленняў начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Юрыя Лелеса і старшынь аб’ядноўваемых гаспадарак Мікалая Шапялевіча і Уладзіміра Бялова.
“У вашай гаспадарцы атрымаўся застой! У развіццё вам няма чаго ўкладваць. Мы вам дапамагалі, але дапамога нібы растваралася, а гаспадарка заставалася на тым жа месцы,” — канстатаваў начальнік райсельгасхарчу.
Прыводзіліся розныя аргументы, якія павінны былі паказаць карысць ад такога рашэння. Напрыклад, гаварылася пра тое, што сельгаскааператыў усё, што напрацуе, аддае: каля 300 мільёнаў рублёў запазычыліся сельгастэхніцы, каля 150 мільёнаў — ПМС, крэдыты… Пасля розных выплат на зарплату работнікам СВК грошай не застаецца.
Начальнік райсельгасхарча параўнаў сітуацыю ў дзвюх гаспадарках, якія прапаноўваў аб’яднаць. Калі “Бярозавец” штомесяц рэалізуе малака амаль на 700 мільёнаў рублёў, то “Малькавічы” за малако ў месяц зарабляе 60 —70 мільёнаў рублёў.
Пры тым, што людзі ў абедзвюх гаспадарках не сядзяць склаўшы рукі, фонд заработнай платы ў “Бярозаўцы” складае 150 — 200 мільёнаў рублёў, а ў “Малькавічах” на зарплату амаль нічога не застаецца. У “Бярозаўцы” сярэдняя зарплата па гаспадарцы за снежань 2011 года была каля мільёна рублёў, у “Малькавічах” — каля 600 тысяч.
“Рэарганізацыяй, аб’яднаннем з іншай гаспадаркай мы хочам палепшыць умовы вашай работы, атрымаць больш прадукцыі”, — запэўніў Юрый Лелес.
Кіраўнік СВК “Малькавічы” Мікалай Шапялевіч спрабаваў праз гісторыю развіцця гаспадаркі паказаць сённяшні незайздросны яе стан.
Прычыну поўнага заняпаду даверанага яму сельгаскааператыва Мікалай Міхайлавіч бачыць у частай змене пасля 2000-га года кіраўніцтва, якое абыякава адносілася да работы, — “абы адпрацаваць”.
Тэхніка распрадавалася, пагалоўе жывёлы змяншалася. У выніку сёння тым трактарам, якія засталіся, прыходзіцца апрацоўваць па 600 гектараў зямлі! Таму своечасова не выконваюцца работы, парушаюцца тэхналогіі. Збожжа збіраецца толькі па 15 цэнтнераў з гектара. Адсюль і праблемы ў жывёлагадоўлі.
У 2010 годзе гаспадарка атрымала па 3,5 тысячы тон малака ад каровы. “У 2011-м мы планавалі атрымаць хаця б чатыры тысячы тон малака ад каровы, але атрымалі і таго менш — 3,325 тысячы”, — зазначыў Мікалай Міхайлавіч.
Больш аптымістычна прагучала выступленне старшыні СВК “Бярозавец” Уладзіміра Бялова, які паабяцаў вяскоўцам, што іх правы ўшчамляцца не будуць. У “Бярозаўцы”, запэўніў кіраўнік, усё ёсць — людзі (130 працуючых), тэхніка, жывёла. Працаўнікі атрымліваюць лепшыя зарплаты, сёлета ўжо другі год запар ім нават выплацілі па “трынаццатай зарплаце” — у сярэднім па 500 тысяч рублёў.
У “Бярозаўца” не хапае толькі зямлі, таму кармы прыходзіцца нарыхтоўваць ажно ў комплексе “Ясянёва” пад Раздзялавічамі. Затое ў СВК “Малькавічы” зямля ёсць.
У праграме новаўтворанай гаспадаркі, па словах Уладзіміра Уладзіміравіча, — павелічэнне пагалоўя грамадскага статка да 350—400 дойных кароў, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэнне адзінага мехатрада.
Старшыня запэўніў, што зарплаты вяскоўцам будуць налічвацца па расцэнках іх гаспадаркі. Але заўважыў пры гэтым: нельга чакаць, што яны адразу вырастуць — спачатку членам СВК “Малькавічы” трэба змяніць адносіны да работы, папрацаваць на вынік.
Даказвалася карысць ад аб’яднання дзвюх гаспадарак і праз іншыя, дарэчы, даволі супярэчлівыя аргументы. Так, Уладзімір Бялоў сказаў, што ёсць магчымасць папоўніць малькавіцкія фермы цялятамі, перакінуць з “Бярозаўца” раскідвацель, іншую тэхніку. “А яшчэ Юрый Уладзіміравіч абяцаў аплаціць і аддаць у Малькавічы тры адзінкі новай тэхнікі”, — сказаў Уладзімір Бялоў.
Праўда, Юрый Уладзіміравіч заўважаў, што грошы на рэарганізацыю і ўвасабленне задуманага ў жыццё плануецца прасіць у кіраўніка вобласці К.А. Сумара падчас сустрэчы з ім, бо “ў Бярозаўца” таксама няма лішніх грошай, іх катастрафічна не хапае”.
Хвалюючае пра-цаўнікоў сельгаскааператыва кадравае пытанне таксама падавалася супярэчліва. Юрый Лелес заклікаў вяскоўцаў не хвалявацца: ніхто з працуючых не застанецца без работы.
Аднак скарачэнне кадраў усё ж плануецца, аб чым сведчыць наступнае выказванне кіраўніка: “Пачысцім” толькі тых, хто не працуе, а “лічыцца”. Ды і старшыня СВК “Бярозавец” Уладзімір Бялоў даў зразумець, што не ўсе рабочыя месцы захаваюцца: “Работнікі нічога не пацерпяць — пацерпіць толькі кіраўніцтва”.
Але ці толькі кіраўніцтва? Прыводзячы ў прыклад ўдасканальванне працы даярак у СВК “Бярозавец”, Юрый Лелес адзначыў: “У “Бярозаўцы” раней было 22 даяркі, а цяпер дзве доіць, а трэцяя — падменная. Зарабляе кожная каля 2 мільёнаў рублёў. Тое ж хочам зрабіць і ў вас”.
Крытыкуючы эканамічнае становішча СВК “Малькавічы”, начальнік райсельгасхарча ўсё ж не мог абысці бокам недапрацоўкі яго кіраўніка. Спрабуючы зрабіць гэта карэктна, Юрый Лелес сказаў: “Мікалай Міхайлавіч аддаў усё сваё жыццё вёсцы, калгасу, вам. Ён ніколі не задаў нам лішняй праблемы: касцьмі ляжа, а выконвае. Хоць не той дае вынік, а выконвае”.
Дарэчы, на сходзе не прыводзіліся канкрэтныя падлікі, колькі грошай будзе ісці на паліва, наколькі эканамічна выгаднай будзе транспарціроўка кармоў з “ліпскіх” і “задубенскіх” палёў у вёску Ганцавічы. Пазней, у прыватнай размове з журналістам “ГЧ”, Юрый Уладзіміравіч патлумачыў, што бліжэйшыя палі “Малькавіч” знаходзяцца за 15-20 кіламетраў ад в. Ганцавічы, а гэта бліжэй, чым “Ясянёва” пад Раздзялавічамі.
Пастскрыптум
У мінулую сераду, 18 студзеня, прайшоў і сход членаў СВК “Бярозавец”. Па словах Уладзіміра Бялова, прысутнічала на ім каля 90 працуючых, і амаль усе яны, акрамя двух, прагаласавалі за аб’яднанне сваёй гаспадаркі з сельгаскааператывам “Малькавічы”.
Як расказаў начальнік райсельгасхарча Юрый Лелес, будуць адбывацца і іншыя ўзбуйненні гаспадарак у раёне. Якія? — пакажа час.
Кампетэнтна
Вячаслаў ТРАПАЧКА, былы старшыня калгаса “Расія” (сёння — СВК “Дзяніскавічы”):
— На маю думку, эканамічна выгадна аб’ядноўваць гаспадаркі, землі якіх знаходзяцца побач. І не проста аб’ядноўваць, а менавіта з перспектывай. Тут варта падключыць арыфметыку, дакладна пралічыць усе “за” і “супраць”, каб яскрава бачыць, як будзе развівацца новая гаспадарка.
Што датычыцца аб’яднання сельгаскааператываў “Бярозавец” і “Малькавічы”, я асабіста не бачу мэтазгоднасці. Шкада будзе, калі зусім слабыя “Малькавічы”, нібы ў вір, пацягнуць на дно больш моцны “Бярозавец”. Бліжэйшыя 2—3 гады пакажуць, наколькі правільным было такое рашэнне.
Вікенцій МОНЦІК, былы начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама:
— Аб’яднанне і ўзбуйненне гаспадарак, на мой погляд, — вельмі добра. Гэта трэба было даўно зрабіць: выжываць і працаваць разам лягчэй. Напрыклад, у СВК “Бярозавец” шмат тэхнікі, але мала зямлі, а ў СВК “Малькавічы” ёсць зямля, ды няма тэхнікі. Аб’яднаўшыся, вяскоўцы як знойдуць адно і другое. А добрай тэхнікай на вялікіх палях, пры нармальнай арганізацыі працы, можна заворваць па 50 гектараў у дзень.
Добра было б, каб гаспадаркі спецыялізаваліся. Напрыклад, у “Малькавічах” разводзілі б жывёлу на мяса, у “Бярозаўцы” — займаліся малаком.
А пазней можна было б далучыць і СВК “Цельшына”, дзе займаліся б раздоем. У свой час я настаяў на тым, каб аб’ядналі “Дзяніскавічы” і «райаграсервіс». Думаю, хутка сумесную гаспадарку будуць весці “Будча” і “Лань”…
Усё гэта прапрацоўвалася даўно, толькі задумкам не даваў ходу былы кіраўнік райвыканкама У. М. Столяр, які быў супраць гэтых працэсаў. Між тым раней аб’яднанне было правесці лягчэй і не так хваравіта. Але лепш пазней, чым ніколі. Таму я задаволены тым, што новы кіраўнік глядзіць на вясковыя праблемы больш прагрэсіўна.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More